Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сьмерць Чавэса паўплывае на нафтавыя і вайсковыя пагадненьні


Прыхільнікі Чавэса на пахаваньні

Прыхільнікі Чавэса на пахаваньні

Сьмерць прэзыдэнта Вэнесуэлы Уга Чавеса можа балюча адбіцца на эканамічных стасунках паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай.

Стасункі паміж краінамі, адзначаюць экспэрты, трымаліся выключна на асабістым сяброўстве паміж Уга Чавэсам і Аляксандрам Лукашэнкам.

Сьмерць Чавэса можа зьмяніць знешнепалітычную палітыку і адбіцца на гандлёвым балянсе паміж краінамі. Як гэта паўплывае на самыя гучныя беларуска-вэнэсуэльскія праекты — даставы вэнэсуэльскай нафты і супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сфэры?

Гандлёвы зварот паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай рос год ад году: калі ў 2000 годзе ён складаў каля 2 млн даляраў, то ў 2010 дасягнуў 1,3 мільярда.

Вэнэсуэла заняла месца ў дзясятцы важных зьнешнеэканамічных партнэраў Беларусі.

Вэнэсуэла прыйшла на дапамогу ўладам Беларусі ў найбольш важным эканамічным пытаньні — жорсткіх перамовах па пастаўцы нафты з Расеі. Калі Расея паспрабавала шантажаваць кіраўніка Беларусі, увёўшы мыта на нафту, Уга Чавэс з Аляксандрам Лукашэнкам дамовіліся, што нафта паедзе ў Беларусь танкерам з лацінскай Амэрыкі.

Што будзе з вэнэсуэльскім нафтавым праектам пасьля сьмерці Чавэса, тлумачыць экспэрт Тацяна Манёнак:

«І тады сур’ёзныя аналітыкі казалі, што нафта з Вэнэсуэлы не магла быць сур’ёзнай альтэрнатывай. Гэта дорага. Але зьдзелка гэтая была непрызрыстая. Мы ня ведаем усіх дэталяў. Магчыма, былі бонусныя даставы. І ў гэтым быў сэнс. Але ж Беларусь усё адно адмовілася яшчэ ў першым паўгодзьдзі мінулага году. І я ня думаю, што гэты праект будзе адноўлены, бо ёсьць зацікаўленасьць расейскіх кампаніяў, якія атрымалі права летась упершыню перапрацоўваць да паловы нафты, што імпартуецца з Расейскай Фэдэрацыі.
Беларусь дагэтуль пастаўляе ў Вэнэсуэлу дарожную тэхніку, трактары, аўтамабілі.

Ёсьць паміж нашымі краінамі сумесныя прадпрыемствы, ідзе будаўніцтва жытла, вядзецца перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі. Адзін з самых важных праектаў,у якім была зацікаўленая Вэнэсуэла, і які сапраўды можа не пацярпець ад такіх зьнешніх прычынаў як сьмерць Уга Чавэса — гэта супраца ў ваенна-тэхнічнай сфэры.

Менавіта Беларусь была абраная вэнэсуэльскім кіраўніцтвам як каардынатар стварэньня адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Вэнэсуэлы.

Такая супраца была выгадная і Беларусі, і Вэнэсуэле. Меркавалася, што Беларусь атрымае прыбытак у памеры мільярду даляраў, і будзе абслугоўваць СПА Вэнэсуэлы доўгія дзясяткі гадоў. Выглядае, што гэты праект можа сапраўды стаць доўгатэрміновым, — кажа экспэрт Аляксандар Алесін:

«Кантракт гэты ацэньваўся ў 1 мільярд даляраў, і яшчэ былі пэрспэктывы дадатковых замоваў. Каля 500 мільёнаў даляраў у якасьці перадаплаты былі выплачаныя. Вялікая частка працаў ужо выкананая. Частка зэнітна-ракетных комплексаў Пячора 2М дастаўленыя ў траўні 2012 году. Усяго там плянавалася зьмясьціць 20 базаў СПА, 20 раёнаў. Частка зь іх ужо на ўзбраеньні. Яны мусілі абараняць найважнейшыя прадпрыемствы металюргіі, транспартныя цэнтры, нафтаперапрацоўчыя заводы, аэрапорты, порты і так далей».

Алесін лічыць, што супраца ў гэтай сфэры аніяк ня мусіць пацярпець ад зьмены ўлады ў Вэнэсуэле, нездарма амбасадарам у Каракас накіраваны былы камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG