Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верныя хаўрусьнікі разьвітваюцца з камандантэ


Вэнэсуэла і яе ідэалягічныя саюзьнікі разьвітваюцца з прэзыдэнтам гэтай паўднёваамэрыканскай краіны Уга Чавэсам, памерлым 5 сакавіка.

Прыляцеў на пахаваньне і Аляксандар Лукашэнка, які напярэдадні ініцыяваў беспрэцэдэнтныя па працягласьці жалобныя мерапрыемствы ў Беларусі — галоўнай эўрапейскай апоры рэжыму камандантэ Чавэса. У зьвязку з жалобай на дзяржаўных установах прыспушчаныя сьцягі, перанесены ўрачысты прыём з нагоды Дня жанчын, адмененыя забаўляльныя праграмы на тэлебачаньні і радыё.

У Каракасе сабраліся першыя асобы краінаў, многія зь якіх уваходзяць у так званы антыімпэрыялістычны альянс, ідэйным лідэрам якога небеспадстаўна лічыўся зацяты барацьбіт з амэрыканскім капіталізмам Уга Чавэс. Найперш асабіста разьвітацца з камандантэ прыехалі суседзі — лідэры Балівіі, Кубы, Эквадору, Пэру, Аргентыны, Уругваю, Чылі. Ад блізкаўсходняга рэгіёну у Вэнэсуэлу прыбыў прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінежад. У апошні момант вырашыў ляцець на пахаваньне «брата Уга» і адзіны эўрапейскі прадстаўнік такога рангу — Аляксандар Лукашэнка. Дагэтуль афіцыйныя СМІ паведамлялі, што сумная місія ўскладзеная на куратара вэнэсуэльскіх праектаў Віктара Шэймана і першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашку, адказнага за рэалізацыю наплянаваных беларуска-вэнэсуэльскіх праграмаў.

Але напярэдадні прэсавая служба Лукашэнкі ўдакладніла, што кіраўнік Беларусі прыняў рашэньне асабіста накіравацца ў Каракас, нягледзячы на маючы адбыцца «шэраг міжнародных візытаў і загружанасьць свайго працоўнага графіка»: «У Чавэса не было больш блізкіх і сяброўскіх адносін ні з адным з кіраўнікоў замежных дзяржаў, як з прэзыдэнтам Беларусі», — канстатуецца ў прэс-рэлізе.

Чарга на разьвітаньне ў Уга Чавэсам

Чарга на разьвітаньне ў Уга Чавэсам



Ці насамрэч Лукашэнка карыстаецца такой жа папулярнасьцю ў Вэнэсуэле, як некалі Чавэс? Як у часе ранейшых візытаў Лукашэнкі ў гэтую краіну рэагавалі на яго мясцовыя жыхары? Мянчук Валянцін Каратаеў
ужо некалькі гадоў працуе на сталым кантракце ў Вэнэсуэле. Па яго словах, мясцовая прапаганда хоць і называе Лукашэнку стратэгічным саюзьнікам, аднак ніякай адметнай ролі яму не адводзіцца. Чавэс — перадусім. Нават пасьля фізычнай сьмерці:

«Збольшага, канечне, Лукашэнку ведаюць. Але гэтая агітацыйная гульня ладзіцца перадусім для мясцовай публікі. Бо ўся тутэйшая экзотыка як была мясцовай, так і засталася, яна ні пад якія іншыя лякалы не падладжваецца. Таму падчас сумесных выхадаў Чавэса і Лукашэнкі ў народ вэнэсуэльцы рэагавалі хутчэй не на Лукашэнку, а на свайго любімага героя Чавэса. То бок, побач з Чавэсам мог быць Лукашэнка, але мог быць і хто заўгодна іншы. Яны заўсёды рэагавалі менавіта на свайго прэзыдэнта, якога любілі і якому верылі. Паказальны прыклад: падчас аднаго з прыездаў Лукашэнкі праграма наведваньня будаўнічай пляцоўкі фактычна была сарваная. Зноў жа, дзякуючы дастаткова сьмешнай акалічнасьці — усё той жа папулярнасьці камандантэ Чавэса. Калі картэж праяжджаў скрозь браму будоўлі, натоўп кінуўся за машынамі, «пасьцяліўшы» усю службу сэк’юрыці. Чавэсу і Лукашэнку нічога не засталося, як хуценька закінуць свае тры шуфлі ў падмурак і зьехаць з тэрыторыі. У выніку адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку, пасадка дрэваў, агляд экспазыцыі накрыліся «медным тазікам».



Бязьмежная любоў да свайго лідэра абярнулася нечаканым рашэньнем уладаў Вэнэсуэлы далучыць яго да шэрагу забальзамаваных ідалаў, якія выстаўленыя напаказ у Расеі, Кітаі, Віетнаме. Цяпер разам з Леніным, Мао Цзэдунам і Хо Шы Мінам ляжаць у шкляной труне будзе і Уга Чавэса. Праўда, не ў маўзалеі, а ў былых ваенных казармах, адкуль 20 гадоў таму Чавэс учыніў спробу ваеннага перавароту.

Уражаньнямі пра Вэнэсуэлу і яе камандантэ дзеліцца супрацоўнік Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту горадабудаўніцтва Юры Віньнікаў. Хоць кантракт на падрыхтоўку праектаў забудовы жылых мікрараёнаў у яго скончыўся яшчэ тры гады таму, успаміны пра трансатлятычнае падарожжа дагэтуль вельмі яскравыя. Па словах суразмоўцы, у Вэнэсуэле перадусім зьдзівіў сацыяльны кантраст, адчувальны нават зь не самай заможнай Беларусьсю:

«Канечне, гэта зусім іншы мэнталітэт, абсалютна. Нават той, хто паезьдзіў
Там сапраўды жахлівая галеча і Чавэс насамрэч шмат рабіў, каб сытуацыю па магчымасьці выправіць

па па сьвеце, не адразу можа зразумець лёгіку руху думкі, лёгіку руху лацінаамэрыканскай душы. Хоць самі па сабе яны вельмі прыветлівыя людзі, паступова да ўсіх нюансаў прызвычайваешся. Былі, безумоўна, складанасьці, аднак мы здолелі знайсьці падыходы і працаваць. Краіна, яшчэ раз кажу, вельмі няпростая. Там сапраўды жахлівая галеча і Чавэс насамрэч шмат рабіў, каб сытуацыю па магчымасьці выправіць. Мы езьдзілі па самых глухіх задворках і бачылі, што там творыцца. Нам, шчыра кажучы, такое і ня сьнілася, дзякуй богу. Але прынамсі дзяржава намагалася ўратаваць людзей ад голаду, а для народу, які дзясяткамі гадоў не вылазіў з жабрацтва, гэта таксама многа значыць. Няхай гэта сацыялізм, называйце чым заўгодна, але ў тых абставінах кірунак быў правільны. А вось што будзе зараз? Ну, прагназаваць нешта складана, краіна ж з шэрагу непрадказальных».

«Кантрактнік» Валянцін Каратаеў кажа, што разглядаць Вэнэсуэлу трэба не па звыклых стэрэатыпных шаблёнах. Паводле ягоных назіраньняў, многія мясцовыя жыхары не асабліва заклапочаныя заўтрашнім днём, а акцэнтаваныя на тым, як пражыць бестурботна дзень сёньняшні. Таму і атрымліваецца, што многім проста няма калі папраўляць свой дабрабыт:

«Я б не казаў так катэгарычна, што ўзровень пражываньня ў Вэнэсуэле істотна горшы за ўзровень пражываньня ў Беларусі. Іншая рэчы, што тут проста клімат расслабляе. Каб сюды беларусаў закінуць замест вэнэсуэльцаў, яны адразу і соткі разаралі б, і бульбу пасадзілі б, і парсюкоў бы гадавалі. Усё было б іначай. Краіна фактычна вечнага лета, парадайз. Кол уваткні ў зямлю, палі яго, ён пяць разоў на сэзон будзе плёны прыносіць. Тым больш, каб нешта заінвэставаць, купіць, зусім ня трэба набываць зямлю, афармляць дазволы. Займай тэрыторыі колькі хочаш, будуй, і ніхто ня мае права ў цябе гэта адабраць. Але нейкая паўднёвая расслабленасьць, відаць, адбіваецца. Краіна казачная, печ паліць ня трэба. Гэта ў нашым клімаце 30-40% рэсурсаў людзі назапашваюць на тое, каб зіму перажыць, абагрэцца, уцяпліцца і апрануцца ў адпаведнае. Тут у гэтым сэнсе ніякіх стрэсаў. І людзей, магчыма, гэта расслабляе. Замест таго, каб працаваць, займацца нечым, яны больш сканцэнтраваныя на тым, каб проста пражыць жыцьцё бестурботна. Ня ведаю, можа і занадта рэзкія азначэньні, але гэта ўсё кідаецца ў вочы».

Паводле Канстытуцыі Вэнэсуэлы, цягам месяца ў краіне павінны адбыцца датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Аналітыкі схіляюцца ў думцы, што на хвалі ўсхваленьня памерлага Уга Чавэса ў апазыцыі практычна няма шанцаў на посьпех і вакантную пасаду загадзя аддаюць бліжэйшаму паплечніку віцэ-прэзыдэнту Нікаласу Мадуру. А гэта значыць, ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы Вэнэсуэлы чакаць нейкіх кардынальных зьменаў не выпадае. На гэта разьлічвае і беларускае кіраўніцтва. Яно і зразумела: шэраг распачатых сумесных праектаў грунтаваліся не на эканамічнай мэтазгоднасьці, а на палітычных амбіцыях Чавэса і Лукашэнкі.

Тым часам улады Менска сур’ёзна абмяркоўваюць магчымасьць ушанаваньня памяці памерлага прэзыдэнта Вэнэсуэлы, які некалькі разоў наведваў Беларусь. Нягледзячы на мараторый па зьмене назваў сталічных вуліцаў, разглядаюцца варыянты пераназваньня як цэнтральных артэрыяў, так і ў спальных раёнах. Між тым, тыражуецца напаўжартаўлівая прапанова, што зь невялікімі стратамі можна замахнуцца і на цэлы горад — прыкладам, перайменаваць Чавусы ў Чавэсы.
XS
SM
MD
LG