Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія ў вас шанцы пражыць яшчэ 10 гадоў?


Худыя паміраюць часьцей, чым атлусьцелыя.

Так лічаць навукоўцы з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан Францыска, якія апрацавалі гэтак званы «індэкс сьмяротнасьці» для асобаў старэйшых за 50 гадоў і вынікі сваёй працы на гэтым тыдні апублікавалі ў Journal of the American Medical Association.

«Індэкс сьмяротнасьці» каліфарнійскія навукоўцы апрацавалі перш за ўсё для дактароў, каб аблегчыць ім ацэнку рызыкі сьмерці іхных пацыентаў.

Згаданы індэкс бярэ пад увагу узрост асобы, яе хваробы і стыль жыцьця, каб вызначыць імавернасьць таго, што яна пражыве яшчэ 10 гадоў.

Паводле мэтодыкі, распрацаванай амэрыканскімі навукоўцамі, мужчыны аўтаматычна атрымліваюць 2 пункты. У дадатак да гэтага, мужчыны і жанчыны ад 60 да 64 гадоў атрымліваюць 1 пункт; ад 70 да 74 гадоў — 3 пункты; болей за 85 гадоў — 7 пунктаў.

Два пункты дадаюцца пацыенту, калі ў яго: дыягназ захворваньня на рак; хвароба лёгкіх, якая абмяжоўвае актыўнасьць або патрабуе паставак кіслароду; сардэчная недастатковасьць; навык курэньня; праблемы з купаньнем; праблемы зь лічэньнем грошай; цяжкасьці з хадою.

Адзін пункт дадаецца за: дыябэт або высокі ўзровень цукру ў крыві; цяжкасьці зь перасоўваньнем цяжэйшых прадметаў, такіх як крэсла; нармальную вагу або недабор вагі.

Найвышэйшы вынік, які адначасова зьяўляецца найгоршым, гэта 26 пунктаў — імавернасьць сьмерці пацыента цягам наступных 10 гадоў тут роўная 95%.

Найлепшы вынік — нуль пунктаў — могуць дасягнуць жанчыны, якім меней за 60 гадоў і ў якіх няма ніводнай нямогласьці зь пералічаных вышэй. Імавернасьць сьмерці на працягу 10 гадоў — 3%.

Чаму недабор вагі азначае большую рызыку сьмерці, чым перабор? Амэрыканскія навукоўцы тлумачаць, што хударлявасьць у старэйшым узросьце вельмі часта зьяўляецца прыкметай захворваньня.

Мэтодыка «індэксу сьмяротнасьці» была распрацаваная на падставе аналізу дадзеных амаль 20 тысяч амэрыканцаў, за якімі назіралі цягам 10 гадоў. Амаль 6 тысяч зь іх памерла за гэты час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG