Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Кавалёва называе іншую дату яго сьмерці


Любоў Кавалёва пра апошняе спатканьне з сынам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:04 0:00

Маці расстралянага год таму фігуранта па справе тэракту ў менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва кажа, што мае падставы лічыць, што сына ня стала ў дзень іх апошняга спатканьня – 11 cакавіка.

Апошні ліст, які атрымала Любоў Кавалёва ад сына – віншавальная паштоўка з 8 Сакавіка.

Любоў Кавалёва па-ранейшаму ўпэўненая ў яго невіноўнасьці...

«Магу дараваць прыроджаную адсутнасьць розуму, але не набытую»

У нашай праграме – пра жанчын, якія нават пры самай неспрыяльнай расстаноўцы сілаў, бароняць гонар і годнасьць сваёй сям’і: дзяцей, мужа, бацькоў, саміх сябе. Паводле адмыслоўцаў-псыхолягаў, жанчыну, якая адрозна ад мужчыны ня мае моцнага мэханізму псыхалягічнай кампэнсацыі, турма зьнішчае болей. Нават тады, калі ў вязьніцы сядзіць не яна, а хтосьці зь яе блізкіх. Тым ня менш, падзеі апошняга часу сьведчаць: далёка ня ўсе ўдары, нанесеныя жанчыне, застаюцца без адказу. Прадстаўніцы так званага слабога полу паводзяць сябе як сапраўдныя абаронцы — калі не Айчыны, то сям’і. Са сьвятам!

Гераіня мінулай праграмы Ларыса Шкурко дзякуе чытачам, якія выказалі падтрымку ёй і яе сынам ды павіншавалі яе з жаночым сьвятам. Яна «чытала разам зь дзецьмі гэтыя камэнтары, і сьлёзы наварочваліся». Паводле Ларысы, кожная ўзгадка пра зьбіцьцё і прыніжэньне яе дзяцей, выклікае ў яе «чарговае хваляваньне і перажываньне», адчуваньне таго, што гэта адбылося ня толькі зь яе сынамі, але і зь ёй самой. У дачыненьні да міліцыянтаў, якія зьдзекаваліся зь яе дзяцей, распачалі крымінальную справу, але Ларыса ня мае намеру спыняць змаганьне за годнасьць сваёй сям’і, яна ня хоча, каб так званых праваахоўнікаў элемэнтарна «адмазалі».

«Мірыцца з падобнай брыдотай у жыцьці — не маё правіла, — сьцьвярджае Ларыса. — Я магу дараваць прыроджаную адсутнасьць розуму, але не набытую».

Лідзкая гісторыя пра міліцэйскія зьдзекі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:07 0:00


«Не пажадаю гэтага нават і ворагу»

Праз год пасьля расстрэлу яе сына Любоў Кавалёва сказала нам нечаканыя словы: калі яна даведалася, што Ўлада больш няма, ёй «стала крыху спакайней».

Кавалёва: «Я падумала, што больш ніхто ня будзе зьдзекавацца з майго сыночка. Нават і ворагу свайму самаму вялікаму не пажадаю таго, што перанёс ён»..

Тое, што расказвае нам жанчына, гэта выключна яе споведзь і яе адчуваньні. Шэраг яе высноваў пабудаваны на ведах, якія яна мае ўжо пасьля расстрэлу сына. Падзеі самых апошніх сакавіцкіх дзён, зьвязаныя з жыцьцём Улада яго маці памятае да дробязяў.

«Летась, напярэдадні 8 Сакавіка, усе жанчыны-Кавалёвы — я, Танюшка, бабуля і цёця — атрымалі ад Улада віншавальныя паштоўкі. Ён ніколі не забываўся пра нас у гэтае сьвята. Вось і год таму павіншаваў...пасьпеў... — кажа Любоў. — А 9 сакавіка нам пазванілі зь СІЗА КДБ і паведамілі, што на 11 сакавіка прызначанае трохгадзіннае спатканьне, на 10-ю гадзіну раніцы. Мы апынуліся на месцы раней, але ў прыёмнай бюро пропускаў нас ужо чакалі. Такога раней ніколі не было. Нас павялі ў СІЗА, нават калі яшчэ не было дзесяці. Таксама не затрымалі і Ўлада. Ён ужо сядзеў у пакоі, зь яго зьнялі кайданкі. Нас папярэдзілі, каб не казалі нічога лішняга. Толькі бытавая тэма. За намі ў пакоі сядзеў намесьнік начальніка СІЗА і яшчэ адзін мужчына, а за Ўладам — стаяў канваір. Над намі яшчэ вісела відэакамэра. Так што ніякіх знакаў падаць мы не маглі. Мы як заўсёды гаварылі праз шкло, па тэлефоне».

Любоў мяркуе, што супрацоўнікам «Амэрыканкі» удалося неяк «усыпіць» яе інтуіцыю. У той дзень ані яна, ані дачка ня думалі, што бачаць Улада апошні раз. Цяпер не пакідае думка: калі б усё ведаць, тады б на разьвітаньне сказала б Уладу галоўнае. Тое, што любіць яго і верыць яму.

Кавалёва: «Я баялася прамовіць нешта ня тое, каб Улад у адказ не сказаў нічога лішняга, бо яго потым за гэта маглі б катаваць. Адвакат Абразей неяк паведаміў мне, што Ўлад падчас знаёмства з судовай справай сказаў яму нешта, і калі яго выводзілі назад у камэру, Абразей пачуў крык Улада і словы канваіра: «Яшчэ раз такое ляпнеш, атрымаеш ня так!» Я ведаю, што сына неаднойчы жорстка зьбівалі.
Пры сустрэчы я вельмі хвалявалася за яго здароўе, бо ён астматык і ў яго здараліся прыступы, а таму спыталася ў супрацоўнікаў, ці можна перадаць яму мэдыкамэнты. А тыя сказалі: калі ласка, не праблема, насупраць СІЗА ёсьць аптэка і іх супрацоўнік можа набыць лекі, зьняўшы грошы з сынавага рахунку. Яшчэ яны на маю просьбу параілі, якія лепш купіць сыну кніжкі — у мяккай вокладцы. Пасьля спатканьня мы з Танюшкай адразу пабеглі ў кнігарню, што насупраць КДБ.

...Тады з Уладам размаўляла больш Танюшка. Яна расказвала навіны пра
Я ўпэўненая цяпер, і маю падставы гэта гаварыць: яго расстралялі менавіта ў дзень нашага спатканьня 11-га сакавіка
Любоў Кавалёва

сяброў. Улад трымаўся, нават ўсьміхаўся. Я спыталася ў яго наконт харчовай перадачы: чаго смачнага яму хацелася б, але ён нічога не адказаў. Ён проста паглядзеў і прамаўчаў. Мне здаецца цяпер, што ён, напэўна, ужо ведаў. Калі мы разьвітваліся пасьля трох гадзінаў спатканьня, твар Улада стаў такі цёмны-цёмны. У мяне раптам узьнікла адчуваньне, што яму няма чым дыхаць, не хапае паветра. Я ўпэўненая цяпер, і маю падставы гэта гаварыць: яго расстралялі менавіта ў дзень нашага спатканьня 11-га сакавіка. Хоць прэзыдэнт адмовіў у памілаваньні 13-га, а ў дакумэнтах, якія мы атрымалі, было напісана: дзень сьмерці 15 сакавіка. Так яны сьпяшаліся».

Любоў Кавалёва прызнаецца, што калі яна на людзях, то ёй лягчэй адыйсьці ад цяжкіх думак. Доўга заставацца сам-насам з сабой немагчыма.

Кавалёва: «Я разумею, што трэба трымацца і не спыняцца. Бязладзьдзе чыніцца з нашымі дзецьмі, калі яны, не датычныя да злачынства, падпісваюць прызнаньні супраць сябе. Цяпер я гэта ведаю абсалютна дакладна, бо знаёмая з тымі, хто адбыў немалыя тэрміны за кратамі. Яны расказвалі мне, як выбіваюцца прызнаньні. Бо ў нас прызнаньне — царыца доказаў».

Аднак, адзначае жанчына, зьвесткі пра тое, што насамрэч стаіць за трагедыяй яе сына, яго сябра Дзімы Канавалава, а таксама іншых беларусаў, пакрысе праточваюцца, калісьці многае стане вядомым.

«Божа, як яны баяцца праўды!»

Любоў Кавалёва падтрымлівае ідэю стварэньня музэю-мэмарыялу, пра які ў
сваім турэмным дзёньніку напісаў іншы арыштант СІЗА КДБ, Ігар Аліневіч. Расказваючы пра зьдзекі і зьбіваньне зьняволеных Ігар у самым канцы тых сваіх нататак зрабіў наступную выснову: «Амэрыканка, аднойчы ты станеш музэем». Калі б такі музэй быў створаны, жанчына б перадала ў яго сваю перапіску з сынам і нават той ліст, які яны з дачкой напісалі неўзабаве пасьля спатканьня. У ім узгадвалася апошняя сустрэча ў СІЗА, прыводзіўся сьпіс кніг у мяккай вокладцы, якія яны, паводле рэкамэндацыі супрацоўнікаў «Амэрыканкі», зьбіраліся самым бліжэйшым часам даслаць яму. Ліст датаваны 15 сакавіка. Ён так і ня быў адпраўлены.

«Шкада, — кажа Любоў, — што ніколі ня стануць экспанатамі турэмныя нататкі Ўлада. Улад любіў пісаць дзёньнікі. Ён увогуле добра пісаў. Думаю, што ў камэры-адзіночцы ён вёў такі дзёньнік, бо інакш аднаму там можна было звар’яцець. Яшчэ ён шмат натаваў у сувязі з сваёй судовай справай і складаў гэта ў сваю жоўтую тэчку. У адным зь лістоў дадому ў сьнежні 2011 году ён папрасіў мяне захаваць ягоныя турэмныя запісы. Тэчку даслалі пустой, а запісы ўсе, відаць, зьнішчылі... Божа, як яны баяцца праўды!»

«Гендэрныя катаваньні незразумела якога стагодзьдзя»

«Калі ў Беларусі і ствараць нейкія музэі, то гэта выключна музэі турмы, — мяркуе нашая чытачка Галіна. — Краіна стала ўжо своеасаблівым музэем такога кшталту. Не сакрэт, што некаторыя расейцы едуць у Менск як у музэй, менавіта з-за настальгіі па мінулым. У якасьці асобнай экспазыцыі можна зрабіць жаночую, паказаць камэры, дзе гробяць здароўе маладыя дзяўчаты, патэнцыйныя маці. Вось дзе сапраўдныя гендэрныя катаваньні незразумела якога стагодзьдзя».

Аліна Скрабунова — магілёўская журналістка. Пад адміністрацыйным арыштам пабывала двойчы. Першы раз дзесяць сутак адседзела ў Менску ў ізалятары часовага ўтрыманьня за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. Другі раз, ужо дзесьці праз год, правяла 15 сутак у ІЧУ ў Магілёве за тое, што ўдзельнічала ў маўклівай акцыі пратэсту і фатаграфавала яе. Падтрымліваючы выказаную Ігарам Аліневічам ідэю стварэньня музэю турмы, Аліна кажа, што для такога музэю вельмі важнае ня столькі памяшканьне, колькі тое, каб стварыць там адпаведную атмасфэру. Як у музэі КДБ у Вільні ці музэі «Штазі» ў Бэрліне.

Скрабунова: «Калі ты жывеш у вялікім сучасным горадзе і ў цябе ўсё нармальна, то вельмі цяжка ўявіць, што дзесьці побач можа знаходзіцца ІЧУ, што там у маленечкіх камэрах, разьлічаных на 8 чалавек, можа быць 13 і болей, што там людзі сьпяць на ложках па двое, а некаторыя ўвогуле на падлозе на халодным цэмэнце. Адзінае акно ў камэры зафарбаванае цёмнымі колерамі. Адзіная лямпачка на камэру пад самой стольлю. Каб чытаць, трэба залезьці на другі ярус ложка пад самую гэтую лямпачку. Што да прыбіральні, то гэта звычайная яма, дзе таксама ўмываюцца. Ня ведаю, як перадаць паветра той камэры...Увесь час нехта паліць, да таго ж людзі ходзяць у прыбіральню... Камэры ўзімку вельмі халодныя, і ўсе тыя матрацы, коўдры, якія там выдаюцца, яны жудасна сьмярдзяць і зусім ня грэюць».

Аліна расказвае, што і дагэтуль захоўвае вельмі важную для яе рэч, якую ёй нечакана перадалі ў ізалятар незнаёмыя людзі — спальнік. Калі будзе музэй, дык Аліна перадасьць туды гэты спальнік разам з уласным паліто. У ІЧУ ў Менску яна спала ў ім і ў спальніку, а «таму было больш-менш нармальна».

Аліна Скрабунова пра «суткі», музэй і спальнік
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:29 0:00


«Пайсьці ў МУС з „туалетнымі“ праблемамі можа толькі вар’ят»

Як пісаў яшчэ шэсьць гадоў таму ў сваёй кнізе «Расстрельная команда» яе аўтар, колішні начальнік «Валадаркі» Алег Алкаеў, беларускія вязьніцы зусім не прыстасаваныя для арыштантак-жанчын.

«Увогуле ўтрыманьне жанчын у СІЗА — вельмі складаная справа. Першая праблема — гэта адзеньне. Часта арыштанткі ня маюць нават зьмены ніжняй бялізны, ня кажучы ўжо пра верхнюю вопратку. І калі мужчынам заўсёды можна знайсьці на рэчавым складзе нейкую падменку, то жаночага адзеньня проста няма дзе ўзяць, бо бюджэт не прадугледжвае набыцьця і захоўваньня жаночай бялізны ды адзеньня.

У турэмных законах ды інструкцыях напісана, што зьняволены (зьняволеная) можа мець пры сабе тое, тое і тое. У асноўным гэта тычыцца прадметаў першай неабходнасьці, сродкаў асабістай гігіены і адзеньня. Але дзе гэта ўсё ўзяць, не гаворыцца ні слова. Бо ніводзін з арыштаваных у турму не зьбіраецца і, значыць, не рыхтуецца. Многіх затрымліваюць на працы ці на вуліцы, калі з рэчаў, акрамя таго, што надзета на іх, нічога няма. Ці такі момант: на наступны дзень пасьля арышту неабходна мыцца, галіцца, чысьціць зубы і г.д. Для гэтага трэба мець мыла, зубную шчотку, зубную пасту, брытву і, прабачце, туалетную паперу. І дзе гэта ўсё ўзяць арыштанту ці арыштантцы, якой, акрамя ўсяго пералічанага, патрэбныя яшчэ і сродкі жаночай гігіены? У бюджэт СІЗА на забесьпячэньне першачарговых чалавечых патрэб не закладзена ні капейкі. Праўда, усё гэта можна атрымаць ад сваякоў ці набыць у шапіку СІЗА. Але ня ўсе зьняволеныя маюць сваякоў, дый перадачы яшчэ трэба дачакацца, а ў шапіку можна атаварвацца па графіку, раз на месяц, і толькі пры наяўнасьці грошай на асабістым рахунку. У такіх умовах людзі вымушаныя не зьвяртаць увагі на правілы асабістай гігіены, зазнаючы пры гэтым фізычныя і маральныя пакуты. У міжнародным праве ўсё гэта называецца катаваньнем, а ў нас пра гэта проста не прынята казаць. Як быццам бы гэтай праблемы не існуе зусім. Зьняволеныя маўчаць пра гэта з сораму, а адміністрацыя — таму, што ня можа гэтае становішча выправіць, паколькі бюджэт фармуецца ў МУС, а туды з „туалетнымі“ праблемамі можа пайсьці толькі вар’ят».

Як сьведчаць праваабаронцы, з часу выхаду кнігі ў 2006 ва ўстановах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы не зьмянілася нічога. Маніторынг сытуацыі ў беларускіх турмах, куды не пускаюць прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў, яшчэ больш ускладняецца тым, што пасьля вызваленьня жанчыны не імкнуцца расказваць пра сваю адседку. Гэта зьвязана, найперш, з патрыярхальнай культурай у грамадзтве.

«Замест гігіенічных пракладак — газэты»

Чытачка нашай праграмы Марына з Воршы напісала:

«Жаночыя турмы значна больш жахлівыя за мужчынскія. Аднак жанчына проста ня можа адкрыта расказваць пра ўсе зьнявагі, якія яна перанесла там, у няволі. Як распавесьці, гледзячы ў відэакамэру, пра тое, што калі няма пракладак, падсьледныя падчас месячных карыстаюцца газэтамі? Ці рвуць вопратку, а потым мыюць гэта ўсё пад кранам з халоднай вадой, на выпадак, калі яшчэ спатрэбіцца? Я б шчыра не змагла пра такое расказваць журналістам».

А вось допіс Насты:

«Што да шматлікіх праблемаў за здароўем, запаленьнем мочапалавой сыстэмы, інфэкцыйнымі хваробамі, якія можна набыць, калі сьпіш на цэмэнтнай падлозе або калі цябе этапуюць узімку ў калёнію ў адных тапках, бо іншага абутку няма, то гэта ўжо зьява звычайная. Такая ж як і цынічнае ды грубае стаўленьне міліцыі да зьняволеных жанчын. Зразумела, гэта нельга параўнаць з тымі катаваньнямі, якія ўжываюцца ў дачыненьні да вязьняў-мужчынаў. Аднак абразаў ды прыніжэньняў хапае».

«Начальнік СІЗА КДБ абяцаў, што дзяцей ў мяне ня будзе»

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
Колішняя арыштантка «Амэрыканкі», журналістка і рэдактарка «Хартыі97» Натальля Радзіна ўзгадвае, як на адным з допытаў начальнік СІЗА КДБ палкоўнік Аляксандар Арлоў, патрабуючы ад яе «прызнальных» паказаньняў, заявіў: «Ты выйдзеш на свабоду не раней, чым праз 5 гадоў. І я табе абяцаю — дзяцей пасьля гэтага ты мець ня зможаш». І ён, адзначае Натальля, рабіў дзеля гэтага ўсё. Падчас турэмнага ўтрыманьня ў яе пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем з-за таго, што ў студзені яна мусіла спаць на дошках на каменнай падлозе. Яшчэ ў камэры не было прыбіральні. Арыштантак выводзілі днём пад канвоем раз на тры-чатыры гадзіны. А зь дзясятай вечара да шостай раніцы, падчас адбою, — ані разу.

Радзіна: «Я вырашыла ўжываць мінімум вадкасьці, амаль ня піць, каб часта не прасіцца. У выніку пачалося абязводжваньне арганізму. Маё цела літаральна разьдзірала ад болю. Лекары, якія агледзелі мяне, папярэдзілі, што калі мяне ня будуць выводзіць, то я займею праблемы. Пасьля гэтага пачалі выводзіць ня толькі паводле пляну».

Як піша ў сваёй кнізе пра выжываньне ў турме колішні вязень сумленьня Юры Бандажэўскі, месцы пазбаўленьня волі становяцца для арыштантаў месцам набыцьця самых розных сур’ёзных захворваньняў. Гэта непазьбежна ва ўмовах Беларусі, дзе ў бальшыні зьняволеных у выніку наступстваў аварыі на ЧАЭС моцна зьніжаны імунітэт. Асабліва небясьпечнае ўтрыманьне ў няволі для жанчын і мужчын фэртыльнага ўзросту — то бок носьбітаў генафонду.

Урывак з кнігі Юрыя Бандажэўскага можна пачуць у аўдыёвэрсіі нашай праграмы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG