Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія — краіна невялікая, схавацца ў ёй, напэўна, нялёгка — калі ты, вядома, не «лясны брат» і не ліліпут. Ціхі пэнсіянэр Альфонс Новікс хавацца не зьбіраўся: бо, як з зайздроснай наіўнасьцю паўтараюць кáты ўсіх часоў і народаў, ад Сансона і Малюты Скуратава да Айхмана і чэкіста Васі Блахіна, «я ведь просто делал свою работу». Але, мусіць, зьменшыцца да ліліпуцкіх памераў часам марыў. Не атрымалася. Законы прыроды, разам з латыскімі законамі, не дазволілі. 15 сакавіка 1994 году ў Рызе Новікс быў арыштаваны і асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за ўдзел у генацыдзе ўласнага народу, а 12 сакавіка 1996 памёр у турме.

Зрэшты, пэнсію ён меў не абы-якую, а генэральскую, а ціхім зрабіўся, калі стала ясна, што імпэрыя больш не ачуняе. Яго ведала ўся Латвія — і ўся Латвія яго ненавідзела. У адрозьненьне ад Беларусі, тут да прыходу Саветаў была свая дзяржава, і таму шпіёны і калябаранты кшталту Новіка маглі лічыцца толькі шпіёнамі і калябарантамі. А яшчэ за нейкія сем гадоў да сьмерці ён даваў інтэрвію, у якіх неахвотна, але з бляскам у вачах расказваў пра тыя далёкія, цудоўныя часы, калі ён раптам зрабіўся на гэтай зямлі калі ня богам, то ягоным намесьнікам. Якім героем ён тады пачуваўся: былы загадчык складам — спачатку камісар унутраных справаў, потым міністар МГБ Латвіі!

Як сьвярбелі рукі навесьці парадак... І як выразна фармуляваліся загады! Ніякіх табе двухсэнсоўнасьцяў. Вакол адны ворагі — гэта галоўнае. Ня тое што цяпер, калі нічога не разьбярэш: дзе свой, дзе чужы. Ні да сьценкі не паставіць, ні ў Сібір выслаць. Перабудова, вашшу мааць. Вось гэты журналіст газэты «Сегодня» — што ён наогул такое вярзе? Якая акупацыя?

Паводле Новікса, Савецкі Саюз мог толькі вызваліць Латвію. «Гісторыю трэба ведаць, але сыходзячы з абставінаў, якія тады былі, — кажа былы начальнік НКВД. — Цяпер у нас зусім іншыя абставіны».

Клясыка не старэе. Правільны выбар абставінаў гарантуе невінаватасьць. Як шмат можна патлумачыць імі, абставінамі. Забойства, перасьлед, генацыд, акупацыю. Здраду, кар’ерызм, садызм. Нават тая самая банальнасьць зла — усяго толькі вынік пэўных абставінаў. Новікс, які ў пэрыяд росквіту сваёй кар’еры кіраваў дэпартацыяй 60 тысяч сваіх суайчыньнікаў, вінаватых толькі ў тым, што яны «нейкія ня тыя» латышы, які падпісваў загады і прымаў справаздачы, шчыра не разумее, што ён такога зрабіў.

Ён спакойна кажа пра тое, як абіраўся «народны» ўрад Латвіі: з дапамогай савецкага разьведчыка, які «працаваў» у амбасадзе. «Умовы ў нас былі някепскія», — уздыхае Новікс, прыгадваючы тую бліскучую перамогу, якая ўзьняла яго да нябёсаў. — «Трагедыя здарылася потым: расстралялі Берыю, Абакумава, Мяркулава... Катаваньні? Барані божа! Не, у нас гэтага не было! Не, ну быў адзін выпадак...» Міністар ГБ нават дэманструе, які ён быў добранькі: аднойчы насварыўся на аднаго з падначаленых, п’янага садыста, а яшчэ лічыў, што ня трэба ўводзіць нормаў для дэпартаваных, «няхай бяруць з сабой столькі, колькі змогуць». Суайчыньнікі, як-ніяк.

Які енк узьняўся сярод «русскоязычных граждан», калі Новікс апынуўся за кратамі! Фашысцкая Фэміда пачынае гнаіць у турме вэтэранаў! Але Латвія — невялікая краіна. Павішчаць і сьціхнуць. Можна толькі ўявіць сабе, якія муры абрынуліся б і на колькі тысяч кілямэтраў было б чуваць грукат, калі б сваіх Новіксаў асудзілі і ў Беларусі зь яе моцнымі традыцыямі ў неўміручай нквдэшнай справе. У Маскве дык дакладна. Але нашыя новіксы памерлі спакойна. З пачуцьцём выкананай справы і зусім не ліліпуцкай упэўненасьцю ў тым, што жыцьцё за кіпучай чэкісцкай работай пражытае не дарма. Так тут склаліся абставіны: у тым, што ўпусьціла Ігната, вінаватая хата. А яна ў нас ведама якая.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG