Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню разам сабраліся вязьні нацызму, вызваленыя войскамі саюзьнікаў


7 сакавіка ў памяшканьні «Гістарычнай майстэрні» ў Менску адбылася незвычайная сустрэча — былыя вязьні нацызму згадалі пра акалічнасьці свайго вызваленьня з палону амэрыканскімі і брытанскімі войскамі.

Імпрэза была наладжаная ў рамках падрыхтоўкі і выпуску шасьці кнігаў успамінаў жыхароў усіх раёнаў сталіцы.

Як расказаў кіраўнік аб’яднаньня гісторыкаў «Гістарычная майстэрня» Кузьма Казак, упершыню за многія дзясяткі гадоў вязьні канцэнтрацыйных лягераў і прымусовыя рабочыя, якія былі вызваленыя ў гады нацысцкай тыраніі на тэрыторыі Нямеччыны, Францыі, Нарвэгіі саюзнымі з савецкай арміяй войскамі ЗША і Вялікай Брытаніі, публічна апавялі свае шчымлівыя гісторыі.

«Упершыню пасьля вайны змагла адбыцца такая надзвычай важная сустрэча. Сабралі тых, каго вызвалялі менавіта амэрыканскія і брытанскія салдаты. Нам было важна прасачыць якраз гэтую частку. У нас заўсёды казалі пра савецкіх салдатаў, якія вызвалялі суайчыньнікаў. Але абсалютная большая частка тых, хто ў нашых кнігах ўспамінае пра вызваленьне, расказваюць, што гэта адбывалася пры дапамозе амэрыканскіх і салдатаў. Гэта тычыцца Нарвэгіі, і Францыі, і іншых краінаў Эўропы, дзе ўтрымліваліся беларусы».

Паводле Кузьмы Казака, людзі зь лёгкасьцю згадваюць сваё вызваленьне, таму што вызваліцелі ў літаральным сэнсе ўяўляліся ім прышэльцамі зь нейкага іншага сьвету:

«Вызваленьне праходзіла такім чынам, што ўсе былі накормленыя, была магчымасьць пераапрануцца. Многіх вельмі ўразілі ўсьмешкі ваенных — упершыню бачылі белазубых. Практычна ўсе ўзгадваюць пра моцныя белыя зубы ў амэрыканцаў. Канечне ж, шакаляд — амаль усе ўпершыню яго паспрабавалі дзякуючы саюзьнікам. Таму ўспаміны вельмі пазытыўныя».

Паводле суразмоўцы, у Беларусі дагэтуль пражываюць блізу 30 тысяч чалавек, вывезеных на прымусовыя працы. З гэтай колькасьці дзесьці 20 тысяч знаходзіліся на тэрыторыі заходнеэўрапейскіх краінаў. І з гэтай колькасьці ў 20 тысяч прыблізна 12 тысяч вызвалялі амэрыканцы і брытанцы. Пры гэтым да канца не вядома, колькі беларусаў адмовіліся вяртацца на радзіму:

«Вы ж ведаеце, якія існуюць складанасьці з падлікам. Ніхто да сёньняшняга дня дакладна ня скажа, колькі нашых людзей засталося на Захадзе. Таму што была такая палітыка — „здраднікаў“ выкрасьліць навечна. Але сёньня людзі адкрыта гавораць, згадваюць, што там ім казалі: чым вяртацца ў цяжкасьці, якія ёсьць і будуць надалей на Ўсходзе, лепш заставайцеся жыць тут. Ну і частка, зразумела, засталася. Тады як іншыя паехалі назад, дадому. Розныя лёсы, пра што яны таксама расказваюць. І ў гэтым ня толькі цікавасьць, у гэтым сапраўдная гісторыя Другой усясьветнай вайны».

Апроч галоўных герояў імпрэзы — людзей, якія перажылі жах прымусовага вывазу на чужыну і чароўнае вызваленьне — арганізатары запрасілі на сустрэчу моладзь, для якой бальшыня расповедаў была як адкрыцьцё:

«Мы запрасілі студэнтаў з БДУ, Лінгвістычнага ўнівэрсытэту і Ўнівэрсытэту культуры, а таксама паклікалі настаўнікаў і школьнікаў. Перакананы, што для маладога пакаленьня такія сустрэчы будуць вельмі карысныя. Аўвогуле людзей сабралася шмат: калі мы самі разьлічвалі на аўдыторыю чалавек 30-35, каб лёгка і камфортна было працаваць, то прыйшло народу ўдвая больш. І вось у гэтым нашым маленькім доміку на вуліцы Сухой мы гаварылі».

Як кажа спадар Казак, на вялікі жаль, па невядомых прычынах на сустрэчу не дайшлі запрошаныя прадстаўнікі амбасадаў Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі, хоць у людзей было што празь іх перадаць сваім вызваліцелям:

«Зразумела, людзі прыйшлі з чаканьнямі: яны хацелі задаць пытаньні, яны хацелі атрымаць адказы. А самае галоўнае — яны расказвалі. Кожны расказваў пра маленькі эпізод свайго жыцьця — як гэта адбывалася на самой справе. Паказальна, што іншыя захавалі нават здымкі. Уяўляеце? Яны маленькія дзяўчаты, ім па 12-14 гадоў. Амэрыканскія салдаты робяць здымкі. І, што самае цікавае, потым знаходзяць сваіх маленькіх герояў, каб гэтыя фатаграфіі ім падарыць. Некаторыя, ня гледзячы ні на што, захавалі гэтыя здымкі ажно да сёньняшняга часу».

Кузьма Казак верыць у плённасьць падобных сустрэчаў і кажа, што запачаткаваная практыка будзе абавязкова прадоўжаная:

«Усё ж момант вызваленьня (я ў гэтым сёньня сам пераканаўся) настолькі для людзей моцны, што яны заслугоўваюць, каб іх чуць. Самае прыкрае, што фактычна ад паваеннага часу такой шчырай размовы папросту не было. І я сам вельмі моцна дзівіўся: чаму гэтая тэма так доўга была закрытая ад грамадзтва? Таму самае галоўнае, што наша ідэя ажыцьцявілася, што размова была. А цяпер важна, каб у Беларусі асобным творам зьявіліся ўспаміны такой маленькай падзеі ў жыцьці канкрэтнага чалавека — ягонага вызваленьня».

Аповеды тых, хто перажыў жахі канцлягераў, прымусовую працу і доўгачаканае вызваленьне, былі ілюстраваныя фотавыставай з жыцьця былых вязьняў. Яе падрыхтавалі студэнты менскіх ВНУ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG