Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калісьці праца Андрэя Скуратовіча была зьвязаная з кіно і тэлебачаньнем. А цяпер ён — кінааматар, блогер, каардынатар у справе вяртаньня беларускіх фільмаў з Расеі.

Шмат гадоў таму любоў да твораў Уладзімера Караткевіча спарадзіла ў Андрэя цікавасьць да пісьменьніка яшчэ і як да «самага невядомага беларускага кінадакумэнталіста». Спачатку ён проста захацеў даведацца, як рэдагавалі фільмы паводле ягоных твораў у савецкі час, паглядзець выразаныя сцэны. Пасьля стаў шукаць дакумэнтальныя фільмы, якія здымаў Караткевіч у 60-я гады. Ад фільмаў Караткевіча захапленьне перакінулася і на іншае беларускае кіно.

Нашы кінастужкі ў Расеі


Гадоў 6 таму Андрэй даведаўся, што ў Менску на «Беларусьфільме» з пачатку 1960 да 1974 году здымалі неафіцыйнае кіно. Гэта не было нелегальна, але і дазволаў ніякіх ня бралі. Проста ніхто асабліва не зьвяртаў увагі, таму што шырока гэтыя фільмы не дэманстраваліся.

Гэта было нешта сярэдняе паміж дакумэнтальным кіно, капусьнікам і «Клюбам вясёлых, знаходлівых». Ніякай крамолы, але і не афіцыёз. Супрацоўнікі КДБ некалькі разоў усё ж спрабавалі ўмяшацца. Напрыклад, у 1968 годзе, калі сканчалася хрушчоўская адліга і ўлады сталі спыняць любую самадзейнасьць, у кіношнікаў адбыліся ператрусы. Канчаткова ўсё спынілася толькі ў 1974 годзе. Шмат кінаматэрыялу канфіскавалі, і ён назаўсёды зьнік у нетрах КДБ, але частка кінастужак захавалася ў прыватных хатніх калекцыях, а таксама ў падвалах кінастудыі.

Фільмы, якія здымаліся афіцыйна, трапілі ў Расею, бо там знаходзіўся Дзяржфільмафонд СССР з адмысловым кінасховішчам. Гэтае кінасховішча — у горадзе Белыя Стаўбы — пазьней стала Дзяржфільмафондам Расеі, а беларускія кінастужкі там і засталіся.

Урывак зь фільму 1932 году «Пячатка часу», у якім бачна, як выглядае адрэстаўраваная і неадрэстаўраваная стужка




«Потым я празь сяброў і знаёмых даведаўся, што ў Белых Стаўбах ёсьць яшчэ пласт даваенных фільмаў, зьнятых у 1920-я, 30-я гады, — распавядае Андрэй. — Стан іх вельмі кепскі — дзесьці няма гуку, дзесьці не хапае цэлых частак. Але тут ужо няма рады, бо частка архіву згарэла падчас першай бамбёжкі Менску ў 1941 годзе. Увогуле, шмат стужак у кепскім стане: замест сіняга, зялёнага і чырвонага колеру, спалучэньне якіх утварае ўсю каляровую гаму, застаўся толькі чырвоны, які ад часу стаў бурачковым. І гэта, безумоўна, накладае цяжкасьці пры аднаўленьні. Працэс выглядае так: спачатку стужку чысьцяць ад грыбка і плесьні — гэта рэстаўрацыя, затым на адмысловым абсталяваньні залічбоўваюць, атрымліваючы стандартныя файлы mp4. Робяць гэта супрацоўнікі Дзяржфільмафонду Расеі».


Выкупіць, як Статут ВКЛ


Летась шляхам дабрачыннай акцыі беларусы сабралі грошы, каб выкупіць асобнік Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. Андрэй Скуратовіч спрабуе разам зь сябрамі зрабіць тое самае з фільмамі:

«Мы выкупляем залічбаваныя копіі фільмаў і вяртаем іх у культурнае абарачэньне, забясьпечваем доступ да іх».

Афіцыйнага фінансаваньня на выкуп старых беларускіх фільмаў няма. Міжурадавыя перамовы наконт гэтага цягнуцца з 1992 году — ужо трэцяе дзесяцігодзьдзе пайшло. Таму цяпер усе аўтарскія правы належаць Беларусі, а фізычна фільмакопіі знаходзяцца ў Расеі. Андрэй Скуратовіч разам з групай знаёмых кінааматараў дамовіўся зь Дзяржфільмафондам Расеі на выкуп залічбаваных фільмаў.

То бок самі стужкі застаюцца ў сховішчы ў Белых Стаўбах, а для беларусаў робяць лічбавыя копіі. Але патрабуюць пацьверджаньня, што афіцыйны праваўладальнік ня супраць такога выкупу. Такое пацьверджаньне цяпер ёсьць. Адпаведныя паперы зь Міністэрства культуры былі адпраўленыя ў Расею.


Колькі каштуе пабачыць маладую бабулю


Кошт адносна невысокі. За адну частку, а гэта 10 хвілін, трэба заплаціць 550 расейскіх рублёў. Фільм звычайна складаецца з 5–6 частак — выходзіць каля 100–120 даляраў за стужку.

Фільм 1967 году «На нашай вуліцы сьвята»


Ніякай зьнешняй рэклямы збору сродкаў кіналюбы не рабілі. Зьбіралі грошы на выкуп залічбаваных копій у сваім жа коле. А таксама сярод аматараў рэтракіно, наведнікаў Музэю гісторыі кіно, выкладчыкаў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе рыхтуюць рэжысэраў і апэратараў. Бывала, што дапамагалі знаёмыя прадпрымальнікі. Плюс ёсьць людзі, асабіста зацікаўленыя, — сваякі тых, хто ўдзельнічаў у стварэньні фільмаў. Людзі гатовыя ахвяраваць грошы, каб пабачыць там сваю бабулю, якая калісьці зьнялася ў масоўцы.

«Каб выкупіць тыя фільмы, якія засталіся з узгодненага сьпісу, не хапае яшчэ 40 тысяч расейскіх рублёў, гэта каля 1300 даляраў. У канцы сакавіка будзе гатовая тая партыя, якую аплацілі раней, тады спадзяемся замовіць астатняе — альбо ўсё, альбо тое, на што хопіць сабраных грошай», — кажа Андрэй Скуратовіч.


Каму гэта цікава


Наш суразмоўца перакананы, што старыя фільмы цікавыя для тых, хто вывучае кіно і хто цікавіцца гісторыяй беларускага кінэматографу. Аднак дзяржаўныя каналы і прыватныя кінастудыі таксама зацікаўленыя мець доступ да старых фільмаў, таму што ім часта патрэбныя старыя кадры. Усё, што ўдаецца выкупіць з Расеі, папаўняе фонды Музэю гісторыі кіно. Днямі, дарэчы, ананімны дабрадзей адгукнуўся на заклік у LiveJournal і прэзэнтаваў туды новы вялікі тэлевізар: стары быў даўно сьпісаны, але выкарыстоўваўся, бо іншага не было.


Ужо вернута


Першую партыю фільмаў выкупілі ў 2011 годзе. Там было тры даваенныя фільмы: «Джэнтльмэн і певень» (1928), «Кастусь Каліноўскі» (1927) і «Палескія рабінзоны» (1934), і тры фільмы 1960-х гадоў: «Першыя выпрабаваньні» (1961), «Вясновыя навальніцы» (1960), «Неспадзяванае каханьне» (1970).


Фільм 1927 году «Кастусь Каліноўскі». Захаваўся бяз гуку


У 2012-м вярнулі ў Беларусь «Пячатку часу» (1932), «Апошні хлеб» (1963), «Пастку» (1966), «Тысячу вокнаў» (1967), «Чорнае сонца» (1970), «Апавяданьні пра юнацтва» (кінаальманах, 1961).

Цяпер іх усе можна паглядзець на паказах у Музэі гісторыі кіно.

Неўзабаве чакаецца залічбаваны дакумэнтальны фільм «Новы Менск», які быў зьняты ў 1953 годзе і якога ніхто ня бачыў апошнія 50 гадоў. Таксама ў хуткім часе маюць залічбаваць зьнятую ў 1937 годзе на «Белдзяржкіно» дакумэнтальную стужку «Асканія-Нова» і 20 хвілін кінаматэрыялу, выразанага зь фільму «Жыціе і ўзьнясеньне Юрася Братчыка», што пазьней назвалі «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».


Што раіць паглядзець Андрэй Скуратовіч


«Паўтара года таму ўсплыў фільм „Любімая“, зьняты ў 1965 годзе рэжысэрам Рычардам Віктаравым, які больш вядомы дзіцячай кінафантастыкай. Але быў у яго пэрыяд у Менску, калі ён зьняў, напэўна, самы геніяльны і пяшчотны фільм пра нашую сталіцу», — расказвае Андрэй.

Прайшоўшы па расейскім тэлебачаньні, фільм імгненна зьявіўся ў інтэрнэце, атрымаўшы даволі шырокі розгалас.


Фільм 1965 году «Любімая»

Падчас параду ў Менску 7 лістапада 1967 году здымалі кінахроніку. Адна са здымачных груп правяла апытаньне школьнікаў, якія ўдзельнічалі ў сьвяце. Задавалі пытаньне: «А што за дзень сёньня? Што сьвяткуем?» Дзеці адказвалі па-рознаму: «900 гадоў рэвалюцыі», «200 гадоў Леніну», «50 гадоў Менску», «Гадавіна перамогі над Германіяй». У выніку стандартную хроніку ваеннага параду і дэманстрацыі рабочых разбавілі адказамі школьнікаў, а ў канцы яшчэ прагучалі пытаньні пра заняпад школьнай адукацыі.

«Мне распавядалі, што ў залі праглядаў падчас здачы фільму стаяў гамэрычны рогат, — кажа пра фільм „На нашай вуліцы сьвята“ Андрэй Скуратовіч. — Але, пасьмяяўшыся, прыёмшчыкі пастанавілі: з назвы „На нашай вуліцы сьвята?“ прыбраць пытальнік, усе адказы школьнікаў замяніць на цытаты Леніна і гістарычную хроніку, фільм зацьвердзіць».

Таксама варта паглядзець дакумэнтальныя фільмы, зьнятыя Ўладзімерам Караткевічам — «Сьведкі вечнасьці», «Памяць», «Будзь шчасьлівай, рака» і «Палескія калядкі», зь якіх у Андрэя Скуратовіча пачалося захапленьне старымі беларускімі фільмамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG