Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандар Лукашэнка гэтак асабіста ўспрыняў сьмерць Уга Чавэса? Ці можна сказаць, што памерлы вэнэсуэльскі лідэр быў для беларускага кіраўніка ўнікальным палітычным сябрам? Ці стала абвяшчэньне жалобы ў краіне пераборам, які беларускае грамадзтва ня ўспрыме пазытыўна? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

— Часта палітычныя аналітыкі кажуць, што ў дзеяньнях Аляксандра Лукашэнкі ўсё рацыянальна і палітычна выгадна. Аднак бываюць моманты, якія прымушацюь сумнявацца ў гэтым. Як здаецца, адзін з такіх момантаў — гэта рэакцыя Лукашэнкі на сьмерць Чавэса. У краіне аб’яўленая жалоба, БТ у навінах 40 хвілінаў апавядае пра вэнэсуэльскага прэзыдэнта. Чаму Аляксандар Лукашэнка гэтак балюча ўспрыняў сьмерць Уга Чавэса?

— Мне падаецца, тут вельмі важны эмацыйны бок стаўленьня Лукашэнкі да Чавэса. Для Лукашэнкі Чавэс — гэта ў нечым большы за брата. Чавэс — магчыма, адзін з сусьветных палітыкаў і кіраўнікоў дзяржавы, які ня ставіўся да Лукашэнкі паблажліва і прыніжальна. Чавэс у пэўны момант, хутчэй за ўсё, нават бескарысьліва падтрымаў і выратаваў Лукашэнку.

Дыктатары — людзі самотныя, і яны могуць давяраць толькі вельмі вузкаму колу людзей. Па-першае, гэта сямейнікі, іхнія дзеці. Па-другое, гэта роўныя ім людзі, якія не пераходзяць ім дарогу. У дадзеным выпадку Чавэс апынуўся ідэальным «субратам» для Лукашэнкі.

Тое, што Лукашэнка казаў пра Чавэса — ён, выглядае, казаў пра сябе. Менавіта ў Лукашэнкі самога не было больш блізкіх адносінаў ні зь якім іншым кіраўніком дзяржаваў, апроч Чавэса. Выглядае, што расейскія кіраўнікі, зь якімі ён інтэгруецца ўжо столькі гадоў, глядзяць на яго паблажліва і зьверху. Што тычыцца дэмакратычных палітыкаў, то яны, відавочна, ня маюць да яго даверу, бачачы ягоную аўтарытарную сутнасьць і невысокую агульную і палітычную культуру.

— У краіне жалоба, прыспушчаныя сьцягі, але людзі ходзяць па вуліцах з кветкамі напярэдадні 8 сакавіка, і відавочна, ня вельмі пераймаюцца з нагоды сьмерці Чавэса. Ці ня стала пераборам абвешчаная жалоба?

— Вядома, у Беларусі шмат хто пасьмейваецца з гэтага, з такой дыктатарскай салідарнасьці. Аднак гэта чаканы крок ад Лукашэнкі, ён тут у сваім рэпэртуары. Лукашэнка вырашыў вызначыцца, і гэта ўнікальная сытуацыя ў гісторыі Беларусі, калі краіна ў жалобе ажно тры дні.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG