Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мала таго, што доўгае знаходжаньне ва ўладзе аднаго чалавека згубна ўплывае на яго самога. Яно яшчэ і спрыяе нейкім цяжкім грамадзкім мутацыям.

Ён бы даўно памёр, ды баіцца страціць уладу.
Аркадзь Давідовіч

Пра памерлых можна казаць альбо добра, альбо нічога. Але гэтае правіла не пашыраецца на вядомых палітычных дзеячаў, якія пакінулі значны сьлед у гісторыі ня толькі свайго народу. А постаць Уга Чавэса даволі буйная на лацінаамэрыканскім, а магчыма, і ўсясьветным небасхіле.

Але я ня буду тут аналізаваць увогуле палітычны фэномэн гэтага вэнэсуэльскага палітыка. Хачу закрануць толькі адзін бок ягонай шматграннай асобы ў праекцыі на Беларусь. А менавіта: якія наступствы для грамадзтва мае доўгае знаходжаньне ва ўладзе аўтарытарнага лідэра? Зразумела, Уга Чавэса нельга лічыць дыктатарам. Вэнэсуэльскі аўтарытарны рэжым як неба ад зямлі адрозьніваецца ад беларускага. Уга Чавэс нават прайграў рэфэрэндум, чаго нельга ўявіць сабе ў Беларусі. І тым ня менш.

Як вядома, улада псуе людзей. І тым больш, чым даўжэй яны сядзяць у высокіх кабінэтах. На нейкім этапе ў аўтарытарных кіраўнікоў зьяўляецца маніякальная прага ўлады. Па-за ёй яны не ўяўляюць сабе жыцьця, хацелі б кіраваць заўсёды і на векі вякоў. Яны ўжо ня могуць падаць у адстаўку, нават калі фізычны стан зусім цяжкі. І ў гэтым лішні раз пераконваесься, назіраючы за апошнімі месяцамі жыцьця вэнэсуэльскага лідэра.

Уга Чавэс уступіў у сваю апошнюю выбарчую кампанію ўвосень мінулага году сьмяротна хворым. Народны кумір, даючы чарговыя абяцаньні свайму электарату, хаваў ад грамадзян праўду пра ўласнае здароўе. Кіруючыся лёгікай, якую сфармулявала жонка бізантыйскага імпэратара Юстыніяна Тэадора: «Пурпур улады — найлепшы саван!» Доўгае знаходжаньне ва ўладзе адключае маральныя тармазы, губляецца элемэнтарная адказнасьць перад уласным народам. Бо як можна кіраваць дзяржавай у такім стане?

Уга Чавэс ня змог удзельнічаць у інаўгурацыі, у чарговы прэзыдэнцкі тэрмін ён уступіў фактычна ў коме. У гэтым ёсьць нейкі сюррэалізм, фантасмагорыя, зьдзек са здаровага сэнсу. Як змрочна жартавалі ў часы позьняга СССР, чарговы генэральны сакратар, не прыходзячы ў прытомнасьць, павіншаваў савецкі народ з Новым годам.

Ня менш уразіла і тое, што ў Каракасе на мітынг у падтрымку падаўжэньня прэзыдэнцтва сьмяротна хворага Уга Чавэса выйшаў ледзь не мільён чалавек. Дзясяткі чыноўнікаў у Вэнэсуэле абвясьцілі сябе дзецьмі Уга Чавэса. А гэта ўжо сьведчыць пра сур’ёзныя псыхалягічныя зрухі ў грамадзтве. Калі чалавек у коме заступае на пасаду прэзыдэнта — гэта абсурд, але масавы мітынг у падтрымку такога экзатычнага дзейства — гэта абсурд у квадраце. Як тая вернападданьніцкая гістэрыя, што назіралася ў СССР пасьля сьмерці Сталіна.

Такім чынам, мала таго, што доўгае знаходжаньне ва ўладзе аднаго чалавека згубна ўплывае на яго самога. Яно яшчэ і спрыяе нейкім цяжкім грамадзкім мутацыям.

Пасьля вымушанага фізычнага сыходу правадыра, як правіла, у краіне адбываецца зьмена рэжыму. Паколькі ўся сыстэма ўлады сканструяваная і выбудаваная пад аднаго чалавека, то новы лідэр вельмі рэдка можа скарыстацца ёю.

У краінах з аўтарытарнымі рэжымамі левага толку, у якіх вялікая эканамічная роля дзяржавы, вельмі мала стымулаў, крыніц і мэханізмаў для самаразьвіцьця, самакарэкцыі, саманастройкі. І праз пэўны час надыходзіць эпоха застою, узьнікае моцная, устойлівая, застылая, забранзавелая, няздольная да рэфлексіі інэрцыйная сыстэма, якая валодае гіганцкім патэнцыялам стагнацыі. Калі ўсё вырашае адзін чалавек, працуюць не інстытуты, а валявыя рашэньні лідэра, то адбываецца лятэнтнае нагрувашчваньне супярэчнасьцяў. А мэханізмы іх разьвязваньня паралізаваныя. Грамадзкае супрацьстаяньне дагэтуль нэўтралізавалася аўтарытэтам лідэра. І калі той сыходзіць, то часта адбываюцца грамадзкія забурэньні. Як апошнім часам мы назіраем на Блізкім Усходзе.

У такой сыстэме няма мэханізму перадачы ўлады нават у рамках кіроўнага кляну, партыі. Таму канфлікт унутры Адзінай сацыялістычнай партыі Вэнэсуэлы непазьбежна будзе нарастаць, магчымы яе раскол.

Доўгае знаходжаньне ва ўладзе аднаго аўтарытарнага лідэра нічым добрым для грамадзтва не заканчваецца. Хто ня верыць, паглядзіце на Блізкі Ўсход.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG