Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі дэпутат працуе ў Расеі


Дэпутат Краснабудзкага сельсавету Крычаўскага раёну Раман Бясьпяты, аштрафаваны Бабруйскім міжгарнізонным вайсковым судом за крадзеж аўса, цяпер працуе ў Расеі.

Раман Бясьпяты, былы супрацоўнік міліцыі, летам мінулага году, выконваючы абавязкі начнога дзяжурнага зернятоку ў сельгаскаапэратыве «Бель», разам з двума іншымі грамадзянамі загадваў напаўняць мяхі зернем і вывозіў іх з тэрыторыі комплексу. Усяго было вывезена 32 мяхі зерня агульным коштам 4,5 мільёна рублёў. Аднак міліцыянты затрымалі Бясьпятага і арыштавалі. Падазраваныя цалкам аплацілі нанесеныя страты. Сьледзтва ўлічыла гэта і спыніла крымінальную справу. Яна была накіраваная ў Бабруйскі міжгарнізонны вайсковы суд, каб там разгледзелі пытаньне аб прыцягненьні падазраваных да адміністрацыйнай адказнасьці. У студзені суд аштрафаваў дэпутата на 3 мільёны рублёў, паведаміў БелаПАН.

У размове з карэспандэнтам «Свабоды» Раман Бясьпяты ня стаў паведамляць падрабязнасьці справы. Ён сказаў, што цяпер працуе ў Расеі і прыедзе ў Беларусь, дзе яго "ўтапталі ў бруд", толькі на травеньскія сьвяты. Таксама ён не адказаў на пытаньне, нашто яму было столькі аўса.

Раман Бясьпяты ўжо не працуе ў міліцыі. Аднак застаецца дэпутатам. Пра гэта паведаміў карэспандэнту «Свабоды» старшыня Краснабудзкага сельсавету Мікалай Новікаў.

«Нам не прыйшло ніякіх папер з суду, і сам ён заявы не пісаў. Мы без рашэньня суду і ягонай заявы пазбавіць яго дэпутацкіх паўнамоцтваў ня можам. Пад сьледзтвам ён быў недзе са жніўня і не выконваў сваіх дэпутацкіх абавязкаў».

«Будзе боўтацца, пакуль наступныя выбары ў наступным годзе не адбудуцца», — сказала кіраўніца спраў сельсавету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG