Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыплямат зь мянушкай «Эвакуатар»


Расейскім дыпляматам — супрацоўнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў забароняць ужываць алькаголь падчас дзелавых сустрэчаў.

Пра гэта заявіў сталы прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін. Як адрэагавалі на гэта ў МЗС Беларусі, ці вядомыя выпадкі злоўжываньня сьпіртным з боку беларускіх дыпляматаў.

Заява сталага прадстаўніка Расеі пры ААН Віталя Чуркіна стала рэакцыяй на закіды ягонага амэрыканскага калегі Джозэфа Тарсэлы, якога абурыла празьмерная цяга да сьпіртнога ў штаб-кватэры ААН. «Мая пазыцыя як прадстаўніка Расеі заключаецца ў тым, што падчас дзелавых нарадаў няма месца п’янству. Я дам выразныя ўказаньні на гэты конт сваёй дэлегацыі», — падкрэсьліў спадар Чуркін.

Генадзь Бураўкін чатыры гады ачольваў прадстаўніцтва Беларусі пры ААН. Пытаюся, ці былі тады падобныя рэчы:

Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін
«За час маёй працы ў ААН, можа, была пара выпадкаў, калі было выразна бачна, што дыплямат не зусім цьвярозы. Прычым гэта здаралася з дыпляматамі так званых нецывілізаваных краінаў. Але пры мне такога пытаньня там ніколі не паўставала.

Там праводзіцца вельмі шмат прыёмаў. І на гэтых прыёмах былі алькагольныя напіткі. Зразумела, іх ужывалі. Але я ня памятаю, каб гэта ў нейкім сэнсе адбівалася на працы».

Выкладчык факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ Міхаіл Бацян працаваў дыпляматам у некалькіх краінах:

Міхаіл Бацян
Міхаіл Бацян
​«Усё залежыць ад магчымасьцяў дыплямата. Ёсьць, якія наагул сьпіртное не ўжываюць, толькі сок пацягваюць. І такое я назіраў. А ёсьць выпадкі, калі сустракаліся і алькаголікі. Я працаваў у Аўстрыі, і там быў кіраўнік дыпляматычнай службы, ня буду казаць якой краіны, вельмі таленавіты кар’ерны дыплямат, цудоўна валодаў нямецкай мовай. Аднак усе ведалі, што ён злоўжывае зялёным зьміем».

Беларускіх дыпляматаў няма патрэбы абмяжоўваць ва ўжываньні моцных напояў. Такой праблемы для нашых супрацоўнікаў не існуе наагул, — кажа прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
«Беларускія дыпляматы п’юць мала. Заўжды ў дарэчным месцы. І паводзяць сябе абсалютна карэктна, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства краіны знаходжаньня. Ужываньне сьпіртовых напояў у прынцыпе ў беларускай дыпляматычнай службе ніколі не было якой-небудзь праблемай».

З такім цьверджаньнем не пагаджаецца міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Ён згадвае, напрыклад, скандальны выпадак з былым першым сакратаром місіі Беларусі пры ААН Юрыем Оранжам. Яго разам з расейскім калегам Барысам Абносавым нью-ёрская паліцыя абвінаваціла ў тым, што яны нецьвярозымі напалі на паліцыянтаў. Тыя спрабавалі прыцягнуць дыпляматаў да адказнасьці за паркоўку аўтамабіля ў недазволеным месцы. Неўзабаве пасьля гэтага выпадку спадар Оранж вярнуўся назад, у Беларусь:

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі
«На памяць прыходзіць здарэньне зь беларускім дыпляматам па прозьвішчы Оранж. Яго абвінавацілі ў тым, што ён у нецьвярозым выглядзе ажыцьцяўляў паркоўку аўто. З таго часу сярод сваіх калегаў ён атрымаў мянушку «эвакуатар».

Згадваю гэты выпадак прэсаваму сакратару МЗС Беларусі.

«Оранж быў цьвярозы. Гэта была правакацыя амэрыканскай паліцыі. Яны былі абсалютна цьвярозыя. Канфлікт узьнік ня з Оранжам. Ён стаў удзельнікам гэтай гісторыі толькі таму, што апынуўся ў гэты час на гэтым месцы».

Кажу спадару Савіных яшчэ пра адзін выпадак, калі ў кастрычніку 2010 году Яраслаў Дзіхціеўскі — дарадца амбасады Беларусі ў Літве пабіў у цэнтры Вільні тры аўтамабілі. Супрацоўнікі паліцыі заявілі, што беларускі дыплямат быў п’яны, аднак прайсьці праверку на алькаголь ён адмовіўся.

Прэсавы сакратар кажа, што ня можа згадаць гэты выпадак:

«Тут я нічога не магу пракамэнтаваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG