Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прэзыдэнцкай адміністрацыі экспэртаў БДІПЧ прымаў сакрэтны чыноўнік


7 сакавіка дэлегацыя Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, якая знаходзілася з рабочай паездкай у Беларусі, адляцела ў Варшаву, дзе месьціцца галоўны офіс БДІПЧ. Экспэрты пакінулі ў Менску 25 рэкамэндацыяў па паляпшэньні выбарчага заканадаўства Беларусі.

Перад ад’ездам дэлегацыя сустрэлася зь лідэрамі некалькіх апазыцыйных палітычных партыяў.

Удзельнік гэтай размовы, старшыня АГП Анатоль Лябедзька распавёў карэспандэнту «Свабоды»: «Экспэрты падзяліліся ўражаньнямі аб папярэдніх сустрэчах у ЦВК, МЗС, Чырвоным доме. З таго боку ёсьць на словах дэманстрацыя жаданьня абмяркоўваць сытуацыю, працягваць дыялёг з БДІПЧ.

Мы выказалі ім свае думкі: улады не сасьпелі для таго, каб правесьці свабодныя выбары нават на мясцовым роўні. Гэта — тактычны ход, каб паказаць, што нібыта ёсьць пацяпленьне адносінаў з Захадам. Таму ўлады пайшлі і на прыезд экспэртаў, і на правядзеньне кансультацыяў».

З усіх сустрэч, якія правяла дэлегацыя БДІПЧ у Менску, найбольш важнай была сустрэча ў адміністрацыі прэзыдэнта. Намаганьні карэспандэнта «Свабоды» даведацца, хто сустракаўся з экспэртамі, канкрэтнага адказу не прынесьлі. У прэсавай службе кіраўніка дзяржавы на пытаньне адказалі, што яна займаецца выключна дзейнасьцю прэзыдэнта. А асобнай прэсавай службы ў адміністрацыі няма.

Іншыя афіцыйныя структуры, якія наведалі экспэрты Бюро, таямніц ня робяць. У Цэнтарвыбаркаме іх прымала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, у Палаце прадстаўнікоў — намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі Пётар Шыкшнян, у МЗС — намесьніца міністра Алена Купчына.

Афіцыйны Менск звычайна абвінавачвае місію БДІПЧ у палітызаванасьці і дваістых стандартах. У сваю чаргу, экспэрты Бюро не прызналі ніводных беларускіх выбараў пасьля першых прэзыдэнцкіх у 1994 годзе свабоднымі і дэмакратычнымі.
XS
SM
MD
LG