Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт сьвяткаваньня 95-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае конкурс патрыятычных фатаздымкаў і конкурс анэкдотаў. Плянуецца таксама напісаць падчас урачыстага сходу 24 сакавіка дыктоўку — «Ліст з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага.

На круглым стале з нагоды падрыхтоўкі да юбілею БНР сябры аргкамітэту прэзэнтавалі банэр сёлетняга сьвяткаваньня, які будзе разьмешчаны на інтэрнэт-старонках палітычных партыяў і рухаў. Ён стане адной з частак інфармацыйнай кампаніі разам з улёткамі і налепкамі, распрацаванымі мастацкай суполкай «Пагоня». Яшчэ адным складнікам інфармацыйнай падрыхтоўкі маюць стаць творчыя конкурсы, якія будуць абвешчаныя праз сацыяльныя сеткі, паведаміў сябра аргкамітэту Дзяніс Садоўскі:

«Апазыцыю і сяброў аргкамітэту часта крытыкуюць, што яны не прапануюць ніякага крэатыву, нічога новага, і ўсё вельмі сумна. Таму я вельмі ўсьцешаны, што прагучала прапанова і яна была ўхваленая, каб правесьці два конкурсы, прысьвечаныя 25 сакавіка. Гэта конкурс патрыятычных фатаздымкаў зь дзецьмі і конкурс анэкдотаў пра БНР. Я лічу, што гэта вельмі файныя ідэі, якія прыцягнуць увагу да падзеі. А таксама людзям з творчымі талентамі дадуць магчымасьць выявіць сябе. Будуць вызначаныя пераможцы, і яны атрымаюць прызы».



На заяўку аб правядзеньні ўрачыстага сходу 24 сакавіка ў Палацы культуры трактарнага заводу адміністрацыя палаца адказала адмоваю, спаслаўшыся на занятасьць залі пасяджэньняў у гэты дзень. Паводле прадстаўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, адмова надуманая, бо ў пляне працы палаца ніякіх мерапрыемстваў на гэты дзень не заплянавана. Цяпер аргкамітэт шукае новыя магчымасьці, каб правесьці сход. У прыватнасьці, мяркуе зьвярнуцца ў Палац мастацтваў і Палац рэспублікі. Філёзаф Уладзімер Падгол прапанаваў узбагаціць само правядзеньне сходу дыктоўкай — каб «Ліст з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага прачыталі лідэры палітычных партыяў:

«Чаму я гэта прапанаваў: глядзіце — па сутнасьці, БНР рабіла тое, за што змагаўся Кастусь Каліноўскі. Змагаўся, загінуў і напісаў тэстамэнт. Яго павесілі 22 сакавіка, урачысты сход будзе праходзіць 24 сакавіка — і блізкасьць гэтых дат вельмі сымбалічная. Яна падкрэсьлівае, што незалежная Беларусь не як у бальшавікоў распачалася — з БССР — а былі папярэднікі, якія за яе змагаліся».

Згоду на правядзеньне круглага стала на тэму ідэалаў БНР і незалежнай Беларусі дала рэдакцыя газэты «Новы час», і ён адбудзецца ўжо 12 сакавіка. Сябра аргкамітэту Віктар Івашкевіч, які шмат гадоў удзельнічае ў падрыхтоўцы сьвяткаваньня, кажа: сёлетнія намаганьні арганізатараў даюць спадзяваньні на лепшы вынік:

«Дагэтуль было такое спажывецкае стаўленьне: ты, арганізатар, нам усё ўладкуй. Мы прыйдзем, павесялімся, а пасьля цябе раскрытыкуем. Калі апазыцыя пакажа прыклад шырокай народнай ініцыятывы і самаарганізацыі, то, магчыма, і грамадзтва пачне мяняцца, і тады запатрабуецца шмат новага, у тым ліку і кіраўніцтва краіны».

Шэсьце вуліцамі Менску і мітынг на плошчы Бангалор у гонар 95-х угодкаў БНР заплянаваныя на 24 сакавіка. На заяўку арганізатараў аб правядзеньні акцыі Менгарвыканкам яшчэ не адказаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG