Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гляджу ў вакно на сьцягі над абласной уладай. У яе жалоба. Старшыня аблвыканкаму па мясцовым радыё выказвае далёкаму вэнэсуэльскаму народу свае спачуваньні. Не зьдзіўлюся, калі па чарзе тое ж робяць сёньня ў раённых радыёкропках начальнікі драбнейшыя.

Гэтыя самыя сьцягі над абласной уладай — на гарадзенскім блогу. Пад здымкам тэмпэрамэнтнае абмеркаваньне ў стылі лацінаамэрыканскага вэстэрна, дзе ўсе ў самбрэра і кожны націскае на цынгель. Страляніна, дым парахавы, але набоі халастыя, бяз куль.

Аднак ёсьць і камэнтары ў тэму. Напрыклад: «Ён сяброў хавае, і жалобу павінна несьці ўся краіна. Затое, калі ўся краіна хавае і смуткуе аб страце Васіля Быкава, ён едзе глядзець, як бульба ўзышла ў Сьветлагорскім раёне».

Другі: «І калі разьбіўся Лех Качыньскі, я не прыпамінаю, каб краіна РБ смуткавала тры дні».

Трэці: «А ваабшчэ жэсьць: выбух у менскім мэтро ў 2011 годзе. Пятнаццаць загіблых — адзін дзень жалобы. Памерла на другім канцы сьвету ўжо вельмі сумнеўная асоба — тры дні жалобы».

Чацьвёрты: «Не разумею: а Беларусь да Лацінскай Амэрыкі якім бокам? Маю на ўвазе жалобныя мерапрыемствы. Што ў нас з вэнэсуэльцамі агульнага? Агульныя карані? Мэнталітэт? Падобныя культуры?»

Гэтага дастаткова. Людзі не дурныя, высновы робяць адпаведныя. Жыцьцё беларусаў, як выглядае, нічога ня вартае: выбух на «Пінскдрэве», ахвяры. Ці была жалоба абвешчана? Не была. Пажар у вясковым дыспансэры восеньню 2003-га. Трыццаць адзін труп. Ніякай жалобы! На пытаньні журналістаў прадстаўніца адміністрацыі намякнула: яны ж ненармальныя былі, хворыя. А Уга — кроў з малаком значыцца?

Памятаю: амаль тры гады таму сяджу ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, радыё перадае — Лукашэнка даслаў спачуваньні з нагоды сьмерці ў Маскве савецкай сьпявачкі Талкуновай. Тое, што памёр якраз пісьменьнік Кастусь Тарасаў, які сваімі творамі шмат зрабіў для абуджэньня ў беларусах гонару за сябе, начальству абыякава. Вось Талкунову некалі ў вясковай хаце слухалі ў радыёкропцы, гэта важна!

Усе гэтыя віншаваньні з 35-годзьдзямі (у прыватнасьці) маскоўскім выканаўцам папсы не ад імя аматара тэлеканцэртаў, а з усімі рэгаліямі — ад імя кіраўніка краіны, выклікаюць адпаведную рэакцыю ў саміх жыхароў гэтай краіны. Большасьці, зрэшты, па барабану. Але частку і віншаваньні, і жалобы падобнага кшталту раздражняюць. І ня толькі: жалоба для беларусак на 8 сакавіка па бясконца далёкім Уга выклікае пачуцьцё прыкрасьці.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG