Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе дапыталі намесьніцу Варламава


Саша Варламаў

Саша Варламаў

У Ленінскім судзе Менску 7 сакавіка працягваўся працэс над мадэльерам Сашам Варламавым, якога вінавацяць у прысваеньні грошай і ў тым, што ён не плаціў падаткі.

7 сакавіка суд пачаў допыт пацярпелай Сьвятланы Хамічук, якая з 2007 году працавала ў «Агенцтве моды Сашы Варламава» сакратаром, а пазьней перайшла ў Цэнтар моды БДУ на пасаду намесьніка дырэктара і заставалася на гэтай пасадзе да 2011 году. Дырэктарам Цэнтру моды БДУ быў прызначаны Саша Варламаў. Між тым у судзе абвінавачаны даводзіць, што гэта была грамадзкая пасада. Ці пацьвярджаюць гэта паказаньні Сьвятланы Хамічук? Якія парадкі былі ў Цэнтры моды БДУ з выплатай заробкаў? Хто гэтыя парадкі ўсталяваў?

На допыце падчас сьледзтва Сьвятлана Хамічук паведаміла, што грашовыя апэрацыі ў Цэнтры моды БДУ, як і ў прыватным прадпрыемстве «Агенцтва моды Сашы Варламава», кантраляваў сам Варламаў. Пры гэтым пацярпелая пацьвердзіла, што Варламаў займаў пасаду дырэктара Цэнтру моды на грамадзкіх асновах. Гэтую заяву Сьвятлана Хамічук паўтарыла і сёньня ў судзе, калі яе дапытваў пракурор Антон Загароўскі, які зачытваў паказаньні пацярпелай на сьледзтве:

Пракурор: «Вы ўдакладнілі, што Варламаў быў аднаасобным кіраўніком Цэнтру моды і прыватнага прадпрыемства. Што да прыватнага прадпрыемства, гэта зразумела, гэта ягонае. А што да Цэнтру? Вы далей кажаце, што гэта тычылася кіраваньня грашовымі сродкамі як на прадпрыемстве, гэтак і ў Цэнтры. Сапраўды так было?»

Пацярпелая: «Ну, так. Разумееце, для мяне праца ў прыватным прадпрыемстве „Агенцтва моды Сашы Варламава“ і ў Цэнтры моды БДУ — гэта было тое самае, бо гэта праца над фэстывалем „Млын моды“. У мяне маглі спытаць, дзе я працую, і я б адказала, што працую ў фэстывалі „Млын моды“. Таму для мяне кіраўніком заўсёды быў Аляксандар Леанідавіч і толькі ён».

Паводле Сьвятланы Хамічук, за сваю працу сакратара яна атрымлівала заробак каля 300 даляраў, а потым, калі стала намесьнікам дырэктара Цэнтру моды БДУ, — да 450 даляраў. Ёй плаціў сам Варламаў, наяўнымі, грошы перадаваў у канвэрце, як і астатнім супрацоўнікам Цэнтру моды. А тыя беларускія рублі, якія яна мусіла атрымліваць з касы БДУ як афіцыйны заробак, да яе не даходзілі. Іх здымала праз картку бухгальтар Кавалеўская і перадавала Варламаву. Але пацярпелая пра гэта не шкадуе: «Я ведала, што праз канвэрт атрымліваю болей». Сьвятлана Хамічук дагэтуль ня ведае, навошта Аляксандру Варламаву спатрэбілася заводзіць такую сыстэму аплаты для сваіх супрацоўнікаў.
Я ведала, што праз канвэрт атрымліваю болей

Пацярпелая ведала, што ўдзельнікам замежных паездак на фэстывалі моды мусяць выплаціць сутачныя, але іх не плацілі. Яна сама не настойвала на тым, каб ёй выплачвалі сутачныя, калі яна езьдзіла ў замежныя камандзіроўкі. Такія паездкі бывалі прыкладна 3 разы на год. Спачатку двойчы яна падпісала паперы, нібыта атрымлівала сутачныя, але потым адмовілася.

Паводле былой намесьніцы дырэктара Цэнтру моды БДУ, яна зь іншымі супрацоўнікамі падыходзіла да Варламава з пытаньнем пра тое, што сутачныя трэба выдаваць хаця б сябрам аргкамітэту фэстывалю. «Ён адмовіў і сказаў: «Вы як ніхто мусіце ведаць, што выдаткі ў нас вялікія», — згадала словы Варламава Сьвятлана Хамічук. Пры гэтым пацярпелая кажа, што ня мела асабістых прэтэнзіяў да Аляксандра Варламава, бо «ведала, на што ішла».

Пацярпелая пацьвердзіла, што ў паездках на фэстывалі моды беларуская дэлегацыя везла для фуршэтаў харчы і напоі на сумы ад 100 да 200 даляраў. Таксама Сьвятлана Хамічук патлумачыла, чаму Варламаў мусіў несьці фінансавыя выдаткі за браніраваньне гатэляў. Таму што БДУ гэтага ня мог рабіць — «там былі пэўныя нюансы, праблемы» — і таму Варламаў «мусіў знаходзіць грошы». У паездкі ехала па 50–70 чалавек, таму сумы былі вялікія. Часам Варламаў перадаваў ёй гэтыя грошы для аплаты брані гатэлю.

Сьвятлана Хамічук згадала, што былі выпадкі, калі езьдзілі і людзі, не датычныя да фэстываляў паказу моды. Прыкладам, прагучала прозьвішча Высоцкая — гэта дачка супрацоўніцы Мінадукацыі, якая курыравала фэстывалі. «Пра тое, каб уключыць яе ў сьпіс, сказаў Аляксандар Леанідавіч», — паведаміла Сьвятлана Хамічук. Пражываньне тых, хто ня меў непасрэднага дачыненьня да фэстывалю, аплачвалі з агульнага бюджэту паездкі. Пацярпелая прызнала, што ў адну з паездак брала і сваю дачку.

Допыт Сьвятланы Хамічук працягнецца 12 сакавіка.

«Свабода» вяла жывы рэпартаж з працэсу



13:14 Перапынак да 12-га сакавіка.


10:20 Працэс пачаўся. Дапытваюць пацярпелую Сьвятлану Хамічук.

З 2007 году яна працавала ў Агенцтве моды Сашы Варламава, потым была намесьнікам дырэктара цэнтру моды БДУ.

Хамічук кажа, што атрымлівала 300 даляраў, а потым заробак павялічыўся да 500 даляраў, наяўнымі.

Пацярпелая ведала, што ўдзельнікам замежных паездак на фэстывалі моды мусяць выплаціць сутачныя, але іх не плацілі. Яна сама не настойвала на тым, каб ёй выплачвалі сутачныя. Двойчы яна падпісала паперы, нібыта атрымлівала такія сутачныя, але потым адмовілася.

Паводле пацярпелай, перад замежнымі паездкамі мусілі аплачваць браню за гатэль, але БДУ гэтага ня мог рабіць, «былі там пэўныя нюансы, праблемы» і таму гэта рабіў Варламаў — «ён мусіў знаходзіць грошы». У паездкі ехала па 50-70 чалавек, таму сумы былі сутачныя. Часам Варламаў перадаваў ёй гэтыя грошы для аплаты брані гатэля.

Згадала, што былі выпадкі, калі ў паездку езьдзілі людзі, не датычныя да фэстываляў паказу моды. Згадала пра Высоцкую, дачку супрацоўніка Мінадукацыі, якая курыравала фэстывалі. «Пра гэта, каб уключыць яе ў сьпіс, сказаў Аляксандар Леанідавіч».

Згадала, што аднойчы супрацоўнік Кастэнка падняў пытаньне пра тое, што сутачныя неабходна плаціць, хаця б сябрам аргкамітэту. Потым мы яшчэ раз, некалькі чалавек, падыходзілі з гэтым пытаньнем да Варламава. Ён адмовіў і сказаў: «Вы як ніхто мусіце ведаць, што выдаткі ў нас вялікія».

Пракурор зачытвае месцы з пратаколаў допыту пацярпелай Хамічук, дзе, паводле яго, ёсьць разыходжаньні з тым, што яна казала сёньня.

На тым допыце пацярпелая пагаджалася, што яе правы парушалі, калі не плацілі сутачныя. Але яна «прэтэнзіяў да Варламава ня мае», бо «ведала пра ўмовы працы».

Пацярпелая пацьвердзіла паказаньні на допыце, што Варламаў заўсёды кантраляваў грашовыя і арганізацыйныя пытаньні. Пра разыходжаньні ў паказаньнях яна сказала, што на першым допыце хацела дапамагчы Варламаву і таму дала ілжывыя паказаньні адносна таго, як плаціліся грошы. А потым, калі ёй стала вядома, што сьледзтва ведае сапраўдны парадак аплаты — што грошы з картак супрацоўнікаў забіраліся бугальтарам і перадаваліся Варламаву — тады яна пра гэта прызналася.

З паказаньняў пацярпелай Хамічук на сьледзтве:

«Я разумела, што гэта было незаконна, калі выдзяляліся грошы на сутачныя, але не выдаваліся, і ўсё браў Варламаў для патрэбаў фэстывалю «Млын моды». Але я пагадзілася працаваць пры такіх умовах. Таксама я ведала, што ўвесь мой заробак у цэнтры моды БДУ, які пералічваецца на картку, будзе забірацца, а мне потым будуць выдаваць грошы ў валюце ў «канвэрце».

Пацьвердзіла свае паказаньні, што падчас паездак «у яе быў дыскамфорт з-за таго, што на харчаваньне даводзілася траціць свае грошы, але яна разумела, што калі падыме гэтае пытаньне перад Варламавым, то не паедзе больш».

Цяпер пацярпелая кажа: «Гэта так, але было аднойчы і гэтак, што я не паехала. Адмовілася сама, бо не было грошай. Але мае адносіны з Варламавым пасьля гэтага не сапсаваліся».


Сьвятлана Хамічук пацьвердзіла свае паказаньні, паводле якіх яна была звольненая з прыватнага прадпрыемства «Агенцтва моды Сашы Варламава» і пераведзеная ў Цэнтар моды БДУ на пасаду намесьніцы дырэктара, але яшчэ нейкі час грошы яна паводле ведамасьці атрымлівала ў агенцтве. «Для мяне было ўсё роўна, гэта агенцтва ці цэнтар моды. Мая праца ніяк не зьмянілася. Я займалася падрыхтоўкай фэстываляў моды і далей», — кажа пацярпелая.

Апошнія тыдні ў судзе апытваюць пацярпелых. Бальшыня зь іх адмаўляецца ад фінансавых прэтэнзіяў да Варламава. Аднак ёсьць і такія, хто хоча атрымаць грошы, якія былі выдаткаваныя як сутачныя для замежных камандзіровак.

Шмат хто з тых, хто ўжо выступіў у судзе, казаў, што сьледчыя ціснулі на іх у часе допытаў, каб давалі паказаньні супраць Варламава.

Раней Саша Варламаў прызнаў сваю віну толькі ў нясплаце падаткаў.

Былога кіраўніка фэстывалю «Млын моды» абвінавацілі, між іншага, у крадзяжы ў вялікім памеры праз злоўжываньне службовым становішчам.

Сьведкамі і пацярпелымі ў справе праходзяць 800 чалавек.

Варламаў быў арыштаваны ў траўні 2011 году і з таго часу ўтрымліваецца пад вартай.

Судзьдзя — Надзея Навіцкая

Адвакат — Павал Піваварчык

Адзін з пракурораў — Антон Загароўскі — той самы, які прадстаўляў бок абвінавачаньня ў працэсе над былым кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG