Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня дай бог нешта са мною здарыцца, дзяцей проста заб’юць»


Ларыса Шкурко

Ларыса Шкурко

Супраць пяці лідзкіх міліцыянтаў завялі крымінальную справу паводле артыкула «Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

У сьпісе падазраваных 5 чалавек: тры прапаршчыкі, старшы сяржант і сяржант. Сьледзтва падазрае, што менавіта яны летась 18 лістапада зьдзекаваліся з братоў Івана і Багдана Шкурко: зьбівалі, пырскалі пярцовым газам, а пасьля адвезьлі на пустку, дзе памачыліся на галаву.

Старэйшаму з падазраваных міліцыянтаў — прапаршчыку Віталю Александровічу — 35 гадоў. Малодшаму — сяржанту Андрэю Талайку — усяго 22 гады. Тое, што супраць іх узбуджаная крымінальная справа, — цалкам заслуга маці братоў Шкурко Ларысы.

Яна змагаецца за справядлівасьць у дачыненьні да сваіх сыноў ужо ня першы месяц. Спачатку міліцыя сьцвярджала, што нічога не парушала і дзейнічала ў межах заканадаўства. Але нарэшце справу ўзбудзілі:

«Я вырашыла проста пасьля працы зайсьці ў наш сьледчы камітэт да начальніка Аляксандра Канстанцінавіча Ўрбановіча. Ён мне сказаў, што справу ўзбудзілі, прычым узбудзіў ён, а не Гарадзенскі абласны камітэт. Ён жа адмяніў пастанову пра адмову ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, якую папярэдне вынесьлі».

Ларыса кажа, што твары тых, хто зьдзекаваўся зь яе дзяцей, запомніла на ўсё жыцьцё, а іх выпадак — ня першы:

«Мне падаецца, што гэтым разам усё скончыцца так, як павінна быць па законе. Тое, што здарылася са мной і з маімі дзецьмі, гэта не адзінкавы выпадак у Лідзе. Паглядзіце, якая колькасьць водгукаў у інтэрнэце. Я сама шукаю чалавека, зь якім аналягічны выпадак здарыўся 5 лютага мінулага году. Толькі на галаву яму мачыліся не на пустцы, а проста ў памяшканьні РУУС».

Выпадкі гвалту і сваволі ў міліцэйскіх пастарунках рэдка робяцца падставай для крымінальных спраў. Каб дайшло хаця б да ўзбуджэньня расьсьледаваньня, патрэбны шырокі грамадзкі розгалас. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, празь якога і стаў вядомы выпадак з братамі Шкурко, кажа, што справа супраць лідзкіх міліцыянтаў узбуджаная законна:

Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

«Таму што яны злачынцы. Мне хочацца асабіста паціснуць руку кіраўніку Сьледчага камітэту Лідзкага раёну. Ён ня стаў зьвяртаць увагу на палітызаванасьць, грамадзкі рэзананс, а проста зрабіў так, як ад яго патрабуюць службовыя паўнамоцтвы. Я ня думаю, што гэта павінна быць рэзанансным фактам. Гэта стандартная працэдура. Гэтыя супрацоўнікі мусяць несьці адказнасьць за тое, што зрабілі. Іншая справа, што ў нашай краіне такое часта застаецца беспакараным».

Сьледчы камітэт па Лідзкім раёне факт узбуджэньня справы камэнтаваць адмовіўся.

Справа, якую ўзбудзілі супраць пацярпелага Івана Шкурко нібыта за супраціў міліцыі, пакуль ніяк ня рухаецца — кажа Ларыса. А вось стан здароўя сыноў увесь час патрабуе клопату.

Ларыса Шкурко: «Мне трэба трапіць на МРТ з Іванам. Будзем спрабаваць у Менску. У Багдана праблемы. У яго пасьля таго, як руку пашкодзілі, два пальцы на руцэ кепска працуюць.

Дый самой мне нельга зараз ані памерці, ані захварэць. Праблемаў хапае — і ціск скача, але я ведаю, што ня дай бог нешта са мною, то проста дзяцей заб’юць».


Радыё Свабода ня раз пісала пра выпадкі катаваньняў у беларускай міліцыі:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG