Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: прадпрымальнікі «Сакрэту» капітулявалі


Гандлёвы цэнтар «Сакрэт»

Гандлёвы цэнтар «Сакрэт»

Пасьля працяглага супрацьстаяньня прадпрымальнікі гандлёвага цэнтру «Сакрэт» пайшлі на саступкі ўласьніку — менскаму таварыству з дадатковай адказнасьцю «НП-Сэрвіс». Яны пагадзіліся на павышэньне цяперашняй арэнднай платы на 25 адсоткаў — такі кошт арэнды зафіксаваны будзе на год.

Дзеля гэтага 6 сакавіка сябры рады прадпрымальнікаў дачакаліся прыёму ў старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Дворніка. Праз абласнога кіраўніка і дасягнута перамір’е, якое больш нагадвае капітуляцыю.

Першапачаткова прадпрымальнікі пагаджаліся толькі на 10-адсоткавае падвышэньне арэнды, потым — на 20-адсоткавае. Такая дамова была дасягнута ў Гомельскім аблвыканкаме з удзелам Уладзімера Дворніка й прадстаўніка «НП-Сэрвіс» Івана Беразоўскага. Аднак уласьнік зрабіў «ход канём»: даслаў на пачатку сакавіка інфармацыйныя лісты з прапановай заключыць дадатковае пагадненьне на новую арэндную плату толькі да 1 верасьня. Тым, хто хоча на год, стаўка арэнды падвышаецца да 35 адсоткаў.

Паведамленьне выклікала чарговы стыхійны сход, на якім начальніца аддзелу прадпрымальніцтва камітэту эканомікі аблвыканкаму Марына Крывунь заявіла, што «дасудовае ўрэгуляваньне канфлікту скончана».

Дробныя бізнэсоўцы сталі патрабаваць новай сустрэчы са старшынём аблвыканкаму. У выніку атрымалі дадатковыя 5 адсоткаў да кошту арэнды.
XS
SM
MD
LG