Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ вярбуе беларускую дыяспару ў Латвіі


Латвійская спэцслужба абвінаваціла КДБ Беларусі ў актыўнай працы сярод беларускай дыяспары. На скандальную заяву рэагуюць лідэры беларускіх арганізацый Латвіі.

У сёлетняй штогадовай справаздачы латвійскае Бюро абароны Сатвэрсмэ (Канстытуцыі — БАС) заявіла, што спэцслужбы некаторых краін у сваёй працы актыўна выкарыстоўваюць дыяспару, якая жыве ў Латвіі.

«У гэтым пляне асабліва вылучаецца Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі… Мэта замежных спэцслужбаў, якія працуюць з суайчыньнікамі, заключаецца ў тым, каб прадухіліць зьяўленьне апазыцыйных настрояў у адносінах да рэжыму на гістарычнай радзіме. На практыцы гэта выглядае наступным чынам: афіцэр выведкі, які працуе пад прыкрыцьцём амбасады, падтрымлівае рэгулярныя кантакты з усімі актыўнымі лідэрамі дыяспары, зьбірае зьвесткі пра мерапрыемствы, дзе могуць праходзіць палітычныя дыскусіі, выяўляе кола асобаў, якія ўдзельнічаюць у патэнцыйна небясьпечных размовах», — цытуе справаздачу латвійскай спэцслужбы партал delfi.lv.

За апошнія гады БАС зафіксавала шэраг выпадкаў, калі дыяспара ўключалася ў мерапрыемствы, арганізаваныя выведкамі адпаведных краін, піша партал:

«Акцыі праводзіліся з мэтай прадэманстраваць ляяльнасьць адпаведнага рэжыму. Напрыклад, праводзіліся канфэрэнцыі, па выніках якіх зацьвярджаліся рэзалюцыі, напісаныя супрацоўнікамі спэцслужбаў».

Заяву латвійскай спэцслужбы карэспандэнт «Свабоды» папрасіў пракамэнтаваць лідэраў беларускіх аб’яднаньняў Латвіі.

Прадстаўніца Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», якое існуе з 1988 году, Тацяна Казак:

«Да нас у „Сьвітанак“ супрацоўнікі КДБ не прыходзілі ніколі і не прапаноўвалі ўдзельнічаць у канфэрэнцыях у падтрымку афіцыйнага Менску. У нас цьвёрдая пазыцыя, мы ніколі не падтрымлівалі тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі».
Мы стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам

Старшыня Аб’яднаньня мастакоў-беларусаў Балтыі «Гонар маю» Вячка Целеш:

«Адзіная канфэрэнцыя беларускай дыяспары ў Латвіі ў падтрымку афіцыйнага Менску была арганізаваная Саюзам беларусаў Латвіі на чале з Валянцінай Піскуновай. Калі ў Менску ў 2010 годзе разагналі Плошчу, яна разам з пасольствам Беларусі ў Рызе арганізавала такі форум… Валянціна Піскунова, якая арганізавала суполкі ў шэрагу гарадоў і стварыла Саюз беларусаў Латвіі, вядзе адкрытую палітыку ў падтрымку афіцыйнага Менску, нашую арганізацыю „Сьвітанак“ яна не прызнае. Мы ж стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам».

Старшыня Саюзу беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова:

«Наш накірунак такі: жыць у Латвіі, працаваць зь дзяржаўнымі структурамі Латвіі і Беларусі і сябраваць са сваёй гістарычнай радзімай, ні з кім не сварыцца. Мы праводзім свае імпрэзы. Можа, з кімсьці і хтосьці гаворыць, я не магу адсачыць. Асабіста са мною такіх размоваў не было».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG