Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 06 сакавіка 2013 году

На працягу апошніх гадоў заўважна меней стала ў пошце «Свабоды» допісаў ад нашых апанэнтаў і нядобразычліўцаў — пераважна зь ліку тых, хто падтрымлівае дзейную ўладу. Калісьці — напрыканцы 90-х гадоў і на пачатку мінулага дзесяцігодзьдзя — такіх лістоў было багата. Цяпер — рэдкі выпадак.

З аднаго такога нячастага цяпер допісу ад прыхільніка палітыкі Лукашэнкі пачну сёньняшнюю размову. Вось што нам піша Юры Кравец, інжынэр з Магілёва:

«Часам уключаю прымач і трапляю на вашу хвалю. Адчуваецца: ня мае Радыё Свабода цёплых пачуцьцяў да беларускага народу.

Тыя званкі слухачоў, якія вы пускаеце ў эфір, цалкам адпавядаюць поглядам нашай апазыцыі. Слухаеш іх — і на душы становіцца кепска. Ня дай Бог, каб гэтыя людзі калі-небудзь апынуліся пры ўладзе ў Беларусі. Гэта ж нейкі пячорны нацыяналізм, які ніколі ня здольны нарадзіць любоў — толькі нянавісьць.

Здаецца, пара ўжо даўно зразумець: безь любові да людзей немагчыма стварыць нічога добрага — ні ў краіне, ні ў адносінах з суседзямі. А палітыка дзікага нацыяналізму здольная пасеяць толькі варажнечу паміж народамі. А калі ўспыхне варажнеча, дык нікому не паздаровіцца — у тым ліку і тым, хто яе пасеяў.

Усе ведаюць: апазыцыя варожа ставіцца да Лукашэнкі, бо ён — прамая ёй супрацьлегласьць. Вядома, у яго ёсьць недахопы, як і ў кожнага чалавека, але трэба аддаць яму належнае: ён — інтэрнацыяналіст. Ён ужо амаль 20 год пры ўладзе, і ўвесь гэты час яму ўдаецца захоўваць мір паміж людзьмі розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў. А гэта — самае галоўнае.

Можна ненавідзець Лукашэнку як асобу, але трэба паважаць выбар народа. Людзі яго выбіраюць — значыць, ён ім падабаецца. Вось аўтары званкоў на «Свабоду» щвесь час скардзяцца, што ў нас няма дэмакратыі. Няўжо яны думаюць, што іх цяжка выявіць? Але ж іх не выяўляюць, не арыштоўваюць? Ставяцца паблажліва, паводле прынцыпу: «Сабака брэша — караван ідзе»
.

Сапраўды, спадар Юры, — за тэлефанаваньні пакуль не арыштоўваюць. Ці выяўляюць спэцслужбы імёны людзей, якія тэлефануюць на «Свабоду», і ці бяруць іх на ўлік — ня ведаю. Самі аўтары званкоў на ўсялякі выпадак найчасьцей перастрахоўваюцца: не называюць ні імёнаў, ні адрасоў, часам тэлефануюць з аўтаматаў... Гэта, дарэчы, можна сказаць і пра многіх аўтараў лістоў на «Свабоду», якія апасаюцца пазначаць праўдзівы зваротны адрас і хаваюцца пад прыдуманымі імёнамі.

Адносна сьцьвярджэньня пра павагу да выбару народу. Праблема тут у тым, спадар Юры, што свабодных дэмакратычных выбараў у Беларусі няма ўжо прынамсі паўтара дзясятка гадоў. Тыя пераможныя для ўлады вынікі, якія кожныя пяць гадоў абвяшчае спадарыня Ярмошына, не прызнаныя ніводнай цывілізаванай краінай сьвету...

І, нарэшце, пра здольнасьць цяперашняга рэжыму захоўваць мір і згоду ў грамадзтве, пра ягоныя заслугі ў выбудоўваньні добрых стасункаў з суседзямі... Беларусь у этнічным пляне — даволі аднародная краіна, ніякіх міжэтнічных сутычак у ёй на працягу апошніх стагоддзяў не было, як няма і ніякіх перадумоў для такіх канфліктаў. Дыскрымінуюцца ў Беларусі не нацыянальныя меншасьці, а хутчэй самі беларусы (прынамсі, тая іх частка, якая адстойвае сваё права на карыстаньне беларускай мовай).

А што да добрых стасункаў з суседзямі, якія нібыта падтрымлівае ўлада... Згадайце, спадар Юры, калі прэзыдэнт Беларусі апошні раз быў з афіцыйнымі сяброўскімі візытамі ў Варшаве, Рызе, Вільні? І якая яшчэ краіна на эўрапейскім кантынэнце гэтак жа адгароджана ад аб’яднанай Эўропы візавымі, памежнымі, мытнымі ды іншымі бар’ерамі?

Пра лёс мясцовых дзяржаўных выданьняў разважае ў сваім лісьце на «Свабоду» Міхась Маліноўскі з Баранавічаў. Слухач піша:

«Сачу за нашымі мясцовымі дзяржаўнымі газэтамі. Высновы — несуцяшальныя для тых, хто гэтымі выданьнямі кіруе. Наклад берасьцейскай абласной газэты „Народная трыбуна“ за час працы цяперашняй рэдактаркі зьнізіўся на траціну. А ў нас у Баранавічах падзеньне ўвогуле катастрафічнае: наклад газэты „Знамя коммунизма“ („Наш край“) пры цяперашнім рэдактару абрынуўся ў сем разоў. Што і казаць, давяла чыноўніцкая бюракратыя рупары афіцыйнай ідэалёгіі да вялікага „росквіту“. А можа, уся справа ў тым, што ў нас любяць гультаёў? У кожным разе, дзіўныя справы адбываюцца вакол газэт. І чаму гэта людзі чытаць іх ня хочуць? А можа, проста чыноўнікі недастаткова настойліва прымушаюць людзей выпісваць сваю тухлаватую прапаганду?».

Мушу заўважыць, спадар Міхась, што друкаваная пэрыёдыка перажывае цяпер няпростыя часы ня толькі ў Беларусі. Вострае суперніцтва з інтэрнэтам балюча б’е па накладах папяровых выданьняў ва ўсім сьвеце. Канкураваць з навіннымі інтэрнэт-сайтамі ні ў хуткасьці, ні ў інтэрактыўнасьці папяровыя газэты ня здольныя, а таму хутка здаюць пазыцыі... Што праўда, у Беларусі да гэтай праблемы дадаецца яшчэ манапалізацыя СМІ дзяржавай, жорсткая цэнзура, якая аблытала дзяржаўныя выданьні і не дае ім магчымасьці нармальна разьвівацца. У такой сытуацыі не дапаможа нават прымусовая падпіска, якая традыцыйна шырока практыкуецца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

З шэрагам прэтэнзіяў адносна асьвятленьня тэмы палітвязьняў зьвяртаецца да нас Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі. Ён піша:

«Доўга адкладваў напісаньне гэтага ліста, але ўрэшце мяне падштурхнулі калегі з унівэрсытэту, якія лічаць арыштаванага за нясплату падаткаў апазыцыйнага актывіста Алеся Бяляцкага ахвярай рэжыму і палтзьняволеным. А адбываецца гэта таму, што вы ў сваіх перадачах не паведамляеце прынцыпова важную аб’ектыўную інфармацыю. Пра тое, што Бяляцкага вылучаюць на Нобэлеўскую прэмію — расказваеце, а пра тое, што атрымліваў грошы і не плаціў падаткі — маўчок. А Бяляцкі ж грошы прысвойваў. Пры гэтым, нідзе не працуючы (апроч сваёй праваабарончай „Вясны“), купіў на крадзеныя грошы дзьве кватэры ў Менску.

Ці вось з нагоды чытаньня ў эфіры „Свабоды“ кнігі былога зьняволенага, прафэсара Бандажэўскага. Слухачы ж ня ведаюць, што гэты Бандажэўскі быў асуджаны за беспардоннае хабарніцтва. Навошта ж вы хаваеце гэты факт? Я прытрымліваюся дэмакратычных поглядаў, а таму — супраць паўпраўды. Калі ўжо расказваеце пра гэтых людзей, дык гаварыце ўсё, да канца»
.

Адносна гісторыі з Алесем Бяляцкім мне ўжо даводзілася адказваць вам, спадар Міхаіл. Палітычным вязьнем Алеся прызналі дзясяткі ўплывовых міжнародных праваабарончых арганізацый, якія дэталёва вывучылі ўсе аспэкты крымінальнай справы, паводле якой ён быў асуджаны беларускім судом на шматгадовае турэмнае зьняволеньне. Ня думаю, што для вас, спадар Леках, зьяўляецца таямніцай той бясспрэчны факт, што сродкі, якія пераводзілі замежныя арганізацыі на рахункі Алеся Бяляцкага, выдаткоўваліся на дапамогу пацярпелым ад палітычнага перасьледу з боку беларускага рэжыму. Чаму грошы залічваліся асабіста Бяляцкаму, а не арганізацыі? Бо з 2003 году «Вясну» пазбавілі рэгістрацыі, і праваабаронцы мусілі шукаць розныя шляхі, каб працягваць сваю дзейнасьць. Заснавальнікі «Вясны» ня раз зьвярталіся да ўлады з просьбай аднавіць рэгістрацыю, каб дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі цалкам легальна. І кожны раз атрымлівалі адмову. Чаму? Толькі таму, што ўлада не жадала бачыць у краіне ніякіх праваабаронцаў.

Што да Юрыя Бандажэўскага. Ён быў асуджаны ў 2001 годзе на 8 год пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў атрыманьні хабару падчас працы рэктарам Гомельскага мэдынстытуту. Аднак навуковец сваёй віны не прызнаў. Як ён перакананы, беларускія ўлады паквіталіся зь ім за апублікаваныя дасьледаваньні пра стан здароўя насельніцтва, якое пацярпела ад Чарнобылю. Навуковыя працы Бандажэўскага пра наступствы радыяцыі атрымалі шырокае прызнаньне на Захадзе. У яго абарону выступалі ўплывовыя міжнародныя арганізацыі, аўтарытэтныя навукоўцы. У прыватнасьці, «Міжнародная амністыя» прызнала гомельскага мэдыка вязьнем сумленьня.

Наступны ліст даслала нам Данута Крупіца зь Ліды. Разважаючы пра месца радыё ў сваім жыцьці, слухачка піша:

«Я — даўняя аматарка радыё. Неяк задумалася: чаму я так люблю радыё, і ў прыватнасьці — „Свабоду“? Думаю, цягнецца гэта зь дзяцінства, з таго часу, калі ў нас у мястэчку на плошчы на слупе была прымацаваная вялікая „талерка“, зь якой з раніцы да вечара лілася музыка, перадавалі зводкі з палёў і фэрмаў, трансьлявалі радыёспэктаклі... Было гэта ў далёкія 50-я гады. Вядома, гучала на плошчы не „Свабода“, а казённае савецкае радыё, і ладную частку ўсяго радыёэфіру займала палітагітацыя. Але на прапаганду людзі ня надта зьвярталі ўвагу. Памятаю, заканчваліся перадачы заўсёды гімнам Савецкага Саюзу...».

Так, спадарыня Данута, для тых пасьляваенных пакаленьняў беларусаў зьяўленьне радыё было ледзь не адзіным акном у вялікі сьвет. Асабліва гэта тычылася вясковых жыхароў. Што з таго, што вакно гэтае было і мутнаватым, і ня надта шырокім... Але гучала часам адтуль і добрая музыка, і неблагія спэктаклі. Прычым, што важна, большая частка перадач, якія перадаваліся праз «радыёкропку», былі беларускамоўнымі. Цяперашнім юным беларусам цяжка зразумець замілаваньне сваіх дзядуль і бабуль, якія ўспамінаюць тую чорную «талерку» на тэлеграфным слупе. Напэўна, гэтак жа празь дзесяцігодзьдзі яны самі будуць зь цеплынёй успамінаць свае першыя грувасткія кампутары ды інтэрнэт-мадэмы...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG