Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як складзецца лёс беларуска-вэнэсуэльскага супрацоўніцтва пасьля сьмерці прэзыдэнта Уга Чавэса?

У прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі паведамілі, што беларускі кіраўнік выказаў спачуваньне з нагоды сьмерці Уга Чавэса, афіцыйнае паведамленьне на гэты конт рыхтуецца. Ці паедзе Лукашэнка на пахаваньне сябра ў Каракас 8 сакавіка, пакуль невядома.

Прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі выказваюць перакананьне, што ў Вэнэсуэле ўлада застанецца ў руках пераемнікаў Уга Чавэса, якія працягнуць ранейшы дыялёг з афіцыйным Менскам.

Гэткай думкі, напрыклад, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян, які мяркуе, што прынамсі бліжэйшыя 5 гадоў пахаладаньня паміж Менскам і Каракасам не настане.

Сяргей Касьцян

Сяргей Касьцян

«Таму што гэтае супрацоўніцтва ўзаемавыгаднае. Вэнэсуэльцы — гэта ня той цярплівы і маўклівы беларускі народ, гэта народ вельмі тэмпэрамэнтны, і ён не пацерпіць пасьля Чавэса ніякую ўладу, якая ня будзе скіраваная на падвышэньне ўзроўню жыцьця і дабрабыту народу. Калі пераемнікі Чавэса пастановяць згарнуць тыя праграмы, якія былі пачатыя ў часы Чавэса ў галіне супрацоўніцтва зь Беларусьсю, гэта будзе азначаць, што яны неадкладна страцяць гэтую ўладу».

Аляксандар Лукашэнка раней заклікаў сваіх апанэнтаў не злараднічаць з нагоды сьмяротнай хваробы Чавэса. Прадстаўнік беларускай апазыцыі, намесьнік старшыні АГП Леў Марголін кажа, што ніхто асабліва і не злараднічаў падчас хваробы Чавэса, не злараднічае і з нагоды яго сьмерці.

Леў Марголін

Леў Марголін

«Адносіны паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай у значнай ступені будаваліся на харызматычнасьці абодвух кіраўнікоў, таму яны цяпер адназначна нешта страцяць. Але галоўнае будзе залежаць ад выбараў у Вэнэсуэле. Калі перамогу атрымае цяперашні віцэ-прэзыдэнт, то думаю, што многае застанецца. Калі ж пераможа апазыцыя, то вельмі хутка адносіны Менску і Каракаса будуць разбураныя, бо яны носяць штучны, ідэалягізаваны характар».

Леў Марголін лічыць, што істотнага плёну для беларускай эканомікі адносіны з Вэнэсуэлай не далі, нашай краіне трэба найперш разьвіваць супрацоўніцтва з суседзямі.

Эканаміст Сяргей Чалы зазначае, што эканамічныя праекты «Чавэса—Лукашэнкі» не такія ўжо маштабныя: невялікая нафтаздабыча ў басэйне ракі Арынока, будоўля аграгарадкоў у Вэнэсуэле, зборка МАЗаў. Супярэчлівы праект па імпарце вэнэсуэльскай нафты даўно згас, кажа спадар Чалы:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Далей усё залежыць ад унутранай палітыкі ў Вэнэсуэле. Гэтыя праекты былі зьвязаныя з тым, што Чавэс у свой час нацыяналізаваў шмат замежных амэрыканскіх кампаній, якія ўкладалі грошы ў здабычу нафты і геолягаразьведку. У вэнэсуэльцаў не было сваіх спэцыялістаў, таму дапамагалі нашыя, а вэнэсуэльцы расплачвалася нафтай... Так што ўсё будзе залежаць ад таго, што вырашаць новыя ўлады. Калі яны вырашаць аднавіць сяброўства з ЗША, то месца ў Вэнэсуэле нам шмат ня будзе».

Палітоляг і гісторык Аляксей Кароль перакананы, што адносіны Вэнэсуэлы і Беларусі часоў Чавэса-Лукашэнкі застануцца дробным эпізодам гісторыі краіны:

«Гэта эпізод, які быў прадыктаваны каньюнктурай моманту для Лукашэнкі і Чавэса».

Спадар Кароль мяркуе, што ізаляваны ад Захаду Лукашэнка пайшоў на супрацоўніцтва з Чавэсам у пошуку альтэрнатывы, а таксама зь меркаваньняў ідэалягічных сымпатыяў аднаго дыктатара да другога:

«Прычым дыктатара, які мог дапамагчы, але не ўяўляў небясьпекі для Лукашэнкі».

Спадар Кароль перакананы, што асаблівага досьведу з драматычнага сыходу Чавэса Лукашэнка ня вынесе. Дый дыктатура Чавэса, у адрозьненьне ад Лукашэнкавай, трымалася на падтрымцы большасьці насельніцтва краіны, а не на штыхах і сіле, — перакананы Аляксей Кароль.

Ён прагназуе, што наступным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы стане ягоны пераемнік віцэ-прэзыдэнт Мадура, тым больш што сьмерць Чавэса ўзьняла ў гэтай краіне хвалю сымпатыяў да прэзыдэнта-нябожчыка.

Філёзаф Валянцін Акудовіч зазначае, што маштаб Чавэса зусім іншы, чым Лукашэнкі:

«Чавэс, хоць мы яго запаралельваем з Лукашэнкам, — фігура зусім іншая, значна больш яркая, большага маштабу, і пасьля сваёй сьмерці ён досыць хутка стане нацыянальным героем. Яго вэнэсуэльцы ў пераважнай бальшыні будуць моцна і доўга любіць. Пра Лукашэнку гэта будзе сказаць складана. Хоць ён у гісторыі застанецца, але адносіны да яго будуць больш складанымі і неадназначнымі».

Актор Віктар Шалкевіч называе Вэнэсуэлу і Лацінскую Амэрыку ў цэлым зусім далёкім ад Эўропы, для беларусаў вельмі незразумелым рэгіёнам. Ён ня верыць у сяброўства Чавэса і Лукашэнкі ў прынцыпе:

«Я магу паспрачацца, што гэта былі аж такія велькія сябры. Бо калі з табой ніхто не сябруе, то сябруй ужо з Вэнэсуэлай. Насамрэч, гэта абсалютна іншы сьвет. Каб яго зразумець, там трэба пажыць гадоў сто. Гэта зусім іншыя людзі, людзі з другога паўшар’я, зь іншай мэнтальнасьцю, і сябраваць зь імі — сабе даражэй».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG