Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прыходзяць і сыходзяць дыктатары?

абноўлена

Памёр 56-ты прэзыдэнт Вэнэсуэлы Ўго Чавэс, які прыйшоў да ўлады на хвалі папулізму. Чым патлумачыць, што ўсенародныя выбары часта выйграюць папулісты? Сьмерць, палацавы пераварот альбо рэвалюцыя — ці адзіныя гэта прычыны іх зыходу з палітычнай арэны?

Гэтыя тэмы ў перадачы «Бяз гальштукаў» абмеркавалі Юры Дракахруст, Сяргей Навумчык і Віталь Цыганкоў.


Фрагмэнт дыскусіі:

Навумчык: Аналізуючы палітычныя працэсы ня толькі на лацінаамэрыканскім кантынэнце, але і ў Эўропе — ці не прыходзім мы да высновы што папулізм ня толькі жыве, але і перамагае? Я маю на ўвазе і апошнія выбары ў Італіі, і зрэшты Чэхію, дзе на выбарах перамог Зэман. Я не параўноўваю Зэмана з Чавэсам ці Лукашэнкам, але трэба прызнаць, што гэта нешта іншае, чым Вацлаў Гавэл.

Дракахруст: На мой погляд, гэта вынік таго што няма вялікіх ідэяў у Эўропе, у сьвеце. Гэта з аднаго боку, а з другога боку я б сказаў, што прыход такіх асоб, як Чавэс, Бэрлюсконі, часткова Зэман — гэта нагадваньне элітам, што народ, просты народ — мае значэньне. Мы бачылі, як Прага, вялікія гарады лічылі, што ўсё, Шварцэнбэрг, наш князь, ён «ужо прэзыдэнт», і пра гэта пісалі газэты, а маўклівая большасьць, якая жыве ў вёскай чэскіх, малых гарадах — яна маўчала. Яе не было чутно ў СМІ. Але потым яна сваё слова сказала. Як у свой час сваё слова сказалі беднякі ў той самай Вэнэсуэле. Але яны — людзі, яны выбаршчыкі. І той, хто ўмее зь імі размаўляць — як той самы Чавэс — той і выйграе.

Навумчык: Напэўна, на выбарах у Вэнэсуэле пераможа пасьлядоўнік Чавэса. Цяпер вось паказалі рэпартаж, дзе лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі кажа «Мы былі з Чавэсам апанэнтамі, але ня ворагамі», Я не ўяўляю сабе ніводнага зь лідэраў беларускай апазыцыі, які скажа пра жывога Лукашэнку — мы зь ім ня ворагі. Віталь, я задам Вам крыху правакацыйнае пытаньне: калі б сёньня выбары былі без Лукашэнкі, таксама найбольшыя шанцы меў бы папуліст.

Цыганкоў: Калі Вы кажаце «без Лукашэнкі» Вы маеце на ўвазе, што яго як бы фізычна няма?

Навумчык: Я скажу так: ён ня ўдзельнічае ніякім чынам у выбарах ні фізычна, ні мэдыйна.

Цыганкоў: Шмат залежыць ад канкрэтнай сытуацыі... Нельга Беларусь параўноўваць ні з Эўропай, ні з Лацінскай Амэрыкай, хаця Лацінская Амэрыка трошкі бліжэй. Мне здаецца, у беларускай сытуацыі на Вашае правакацыйнае пытаньне і адказ будзе правакацыйны: беларусы ўжо «наеліся» стылю кіраваньня Лукашэнкі, як у сэнсе палітычным, так і ў іміджавым. Наўрад ці пасьля яго ізноў пераможа такога кшталту папуліст... Магчыма, стомленасьць прывядзе да таго, што захочуць выбаршчыкі выбраць некага больш памяркоўнага, больш «шэрага» палітыка — але больш спакойнага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG