Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрад актывістаў БРСМ арганізавана прыйшоў да амбасады Вэнэсуэлы выказаць спачуваньне з нагоды сьмерці Уга Чавэса. Каля будынку амбасады іх ужо чакала здымачная група СТВ.

Кіраваў працэсам жвавы малады чалавек у чорнай вопратцы. Выглядала, што ўсё робіцца паводле сцэнару. Атрад выстраіўся каля плоту. Некалькі хлопцаў былі апранутыя ў адмысловую БРСМ-аўскую ўніформу: гэта балёньневая куртка сіне- ці чырвона-белага колеру з надпісам «БРСМ». Хлопцаў ва ўніформе паставілі наперад, разгарнулі сьцягі БРСМ. Усім раздалі кветкі, якія прынесьлі двума вялікімі снапамі. Гэтаксама з каробак раздалі сьвечкі.

Пасьля хлопцы і дзяўчаты па адным падыходзілі да кратаў агароджы і пакідалі запаленыя сьвечкі. З амбасады выйшлі малады хлапец і жанчына — напэўна, супрацоўнікі.

«Два чалавекі на інтэрвію», — скамандаваў арганізатар. Адзін з хлапцоў бадзёра адрапартаваў на камэру: «Калі я скончу ўнівэрсытэт, я хачу паехаць у Вэнэсуэлу працаваць».



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG