Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра гэта паведаміў у тэлезвароце на дзяржаўнай тэлевізіі Вэнэсуэлы віцэ-прэзыдэнт Нікалас Мадура.

Прэзыдэнт Чавэс памёр ва ўзросьце 58 гадоў. Жорсткі крытык палітыкі ЗША і саюзьнік Фідэля Кастра, кумір бедных слаёў Вэнэсуэлы, які імкнуўся зрабіць сваю краіну сацыялістычнай, пакінуў яе зь вялікай колькасьцю бедных, нягледзячы на велізарныя нафтавыя багацьці.




Уга Чавэс, які прыйшоў да ўлады ў 1998 годзе, быў вайсковым генэралам, які імкнуўся да падабенства зь Сімонам Баліварам – лацінаамэрыканскім лідэрам 19-га стагодзьдзя.

Ён умацаваў сваю ўладу шляхам нацыяналізацыі нафтавай галіны і некаторых іншых сфэраў.

Чавэс памёр ад раку. У чэрвені 2011 году ён перанёс на Кубе апэрацыю па выдаленьні ракавай пухліны і меў яшчэ некалькі апэрацыяў у 2012 годзе. Пасьля сваёй апошняй апэрацыі ў сьнежні 2012 году ён пакутаваў ад рэсьпіраторных інфэкцый.

Нарадзіўся Чавэс у 1954 годзе. Паводле былых настаўнікаў, жаданьне гуляць у вышэйшай лізе бэйсболу падштурхнула яго паступіць у вэнэсуэльскую Акадэмію ваенных навук. Ён пайшоў у войска ў 1975 годзе і ўрэшце ўзначаліў элітнае дэсантнае падразьдзяленьне.

У часе службы ў войску Чавэс разам зь іншымі афіцэрамі таемна ўтварыў структуру «вызваленчага войска» і ўступіў у кантакт з марксісцкімі лідэрамі апазыцыі. Пазьней ён сфармаваў Баліварыянскі рэвалюцыйны рух.

У 1992 годзе Чавэс арганізаваў няўдалы ваенны пераварот, які скончыўся для яго двума гадамі турмы. Пазьней яго памілавалі.

Пасьля вызваленьня Чавэс ушчыльную заняўся палітычнай дзейнасьцю. На прэзыдэнцкіх выбарах у 1988 годзе ён атрымаў пераканаўчую перамогу на хвалі папулізму і абурэньня насельніцтва карупцыяй сярод традыцыйных палітычных элітаў.

Самым маладым прэзыдэнтам у гісторыі Вэнэсуэлы Уга Чавэс пачаў перарабляць Канстытуцыю ў бок пашырэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Ён зьмяніў назву краіны на «Баліварыянскую Рэспубліку Вэнэсуэла". На рэфэрэндуме ён атрымаў 88 адсоткаў падтрымкі грамадзтва.

Чавэс насіў чырвоную кашулю, крытыкаваў капіталізм і выкарыстоўваў нафтавыя багацьці Вэнэсуэлы на будоўлю жыльля для незаможных і на іншыя праекты, якія зрабілі яго вельмі папулярным сярод бедных Вэнэсуэлы.

Выступаючы ў 2009 годзе разам зь лібійскім лідэрам Муамарам Кадафі, ён абвясьціў, што яны маюць агульныя погляды.

Чавэс: "Мы разумеем, што пішам новую старонку ў гісторыі. Мы мяняем гісторыю, змагаючыся з імпэрыялізмам, змагаючыся з буржуазіяй, змагаючыся з эканамічнай адсталасьцю і змагаючыся з каляніялізмам, ад якога наш народ цярпеў апошнія 500 гадоў".

У 2002 годзе Чавэс узмацніў ціск на дзяржаўныя нафтавыя кампаніі, што прывяло да шырокіх акцыяў пратэсту. Вайсковыя лідэры на кароткі тэрмін выцесьнілі яго з улады, але неўзабаве Чавэс вярнуўся на прэзыдэнцкую пасаду.

Чавэс быў вельмі публічны лідэр, ён штотыднёва ўдзельнічаў у радыё- і тэлевізійных шоў пад назвай "Алё, прэзыдэнт!" Часам ён прамаўляў па некалькі гадзін запар.

Чавэс нэгатыўна ставіўся да сродкаў масавай інфармацыі і праваабарончых арганізацый, называў іх «марыянэткамі» замежных урадаў, найчасьцей -- «імпэрыялістычнага ўраду ЗША».

У часы кіраваньня Чавэса адносіны паміж Вэнэсуэлай і ЗША былі надзвычай напружанымі. Выступаючы ў ААН у 2006 годзе з крытыкай вайны ў Іраку, Чавэс назваў прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша «д'яблам».

Чавэс заключаў саюзы зь іншымі крытыкамі ЗША, такімі, як Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Ён намагаўся аб'яднаць левых лацінаамэрыканскіх лідэраў, у тым ліку кіраўніка Балівіі Эва Маралеса і лідэра Эквадору Рафаэля Карэа, каб утварыць так званы Саюз паўднёваамэрыканскіх нацый.

У 2006 годзе Чавэс быў пераабраны на пасаду прэзыдэнта. Пазьней пераабіраўся ў 2010 і ў 2012 гг. Паводле вэнэсуэльскага заканадаўства, новыя выбары цяпер павінны прайсьці не пазьней як праз 30 дзён.

Нягледзячы на велізарныя нафтавыя багацьці Вэнэсуэлы, краіна сутыкнулася зь вялізным эканамічным спадам, зь недахопам харчаваньня, энэргетычным крызісам і высокай інфляцыяй. Па-ранейшаму шырока распаўсюджаныя беднасьць ды беспрацоўе.

Чавэс пакінуў пасьля сябе жонку і пяцёх дзяцей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG