Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

1.


Ідзе сьвяточная міліцэйская калёна. Начальства, сьцяг, ружовыя паголеныя шчокі. Міжволі прыглядаюся да твараў у профіль: ці ведаюць яны пра «подзьвігі» сваіх у Лідзе?

Жыхарка Ліды Ларыса Шкурко апавядае, што калі ў РАУС па калідоры вялі яе старэйшага сына Івана (яму 27 гадоў), ён крыкнуў: «Мама, яны зь мяне зьдзекаваліся! — Яны мачыліся мне на галаву і пырскалі пярцовым газам у задні праход»…

Людзі ў пагонах пакрыўджаныя: ён усё выдумаў! Усё было наадварот: браты Шкурко супраціўляліся, ёсьць пацярпелыя! Таму супраць аднаго з братоў — старэйшага — цяпер крымінальная справа.

Што ж, нас там не было. Таму давайце паспрабуем лічыць, што Іван і Багдан Шкурко, у якіх на целе зафіксаваныя дзясяткі траўматычных сьлядоў, увялі сваю маці ў зман. Пытаньне: навошта? Каб абылгаць сумленных службоўцаў? Выйсьці сам-насам супраць магутнага ведамства?

Ня трэба быць Талстым, які прыдумаў Карэніну, і Флябэрам, які атаясамліваў сябе з мадам Бавары, каб зразумець стан Ларысы Шкурко, калі яна пачула прызнаньне сына Івана. Яна, якая гадавала сваіх дзяцей, раптам чуе, што аднаму зь іх мачыліся на галаву, і хто! Ці стала б маці такі сорам выдумляць і агучваць? Заўважце, яна сёньня гаворыць пра здарэньне не інакш, як «калі гэта адбылося з маімі дзецьмі і са мной».
Ларыса Шкурко зь віншаваньнем ад Аляксандра Лукашэнкі з Днём маці

Ларыса Шкурко зь віншаваньнем ад Аляксандра Лукашэнкі з Днём маці



2.

Адзін з пацярпелых сыноў, Багдан, піша вершы, прычым па-беларуску, гаворыць Ларыса Шкурко. У кніжцы «Лідчына шматнацыянальная» надрукаваны адзін зь іх. Верш наіўны, але шчыры, напісаны рукой яшчэ вучня дзявятай клясы: «Я не саромлюся казаць: грамадзянін я Беларусі. Увогуле я гэтым шчыра ганаруся. Ганаруся і гісторыяй сваёй Радзімы, сваёй мовай і кутком родным мілым. Гэтым кутком, дзе я нарадзіўся…»

Цяпер Ларыса Шкурко прызнаецца: «Сяджу і думаю: ці зможа мой сын сёньня з такім жа гонарам сказаць пра тыя пачуцьці, якія ён адчуў, калі напісаў гэты верш?» Бо тое, што зь ім здарылася, «можа зьмяніць сьвядомасьць любога чалавека», — кажа маці.

У сям’і Шкурко тры сыны — Іван, Раман і Багдан. Багдан малодшы, яму 22 гады. Наконт Багдана маці дадае, што ён «адзіны ў сям’і, хто, калі быў перапіс насельніцтва, запісаў сябе беларусам, таму што нарадзіўся ў Лідзе». Вось так: сям’я ўкраінцаў, адзін зь якіх беларус! Ларыса Шкурко прызнаецца: чуюцца ноткі пагрозы сёньня, што вы чужакі і вам тут ня месца…

Пытаньне рубам: браты Шкурко — заўзятыя хуліганы? Не. Яны займаюцца спортам: хакеем, футболам і бегам. Старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра даслаў Ларысе Шкурко асабістую падзяку «за нараджэньне і годнае выхаваньне дзяцей». Ад прэзыдэнта Лукашэнкі паступіла віншаваньне з факсыміле: «Паважаная Ларыса Анатолеўна! Ад усёй душы віншую Вас са сьветлым сямейным сьвятам Днём маці!»

Ці атрымлівалі такія віншаваньні ад начальства маці міліцыянтаў, якія «наводзілі парадак» з Іванам і Багданам?

3.

Будзьма шчырыя: у міліцыю і паліцыю ідуць людзі, якім хочацца змагацца са злачынцамі, і тыя, у каго сьвярбяць кулакі: «добрыя» і «дрэнныя» хлопцы. Ясна, што дрэнныя не павінны весьці рэй, таму добрыя абавязаныя быць заўжды напагатове. Не выключаю, што «Мянтоўскія войны» і Таранціна любяць глядзець і адны, і другія, але сьлед у галовах такое кіно пакідае ў іх розны.

Раней гарадзенскі «Милицейский вестник» любіў цікавіцца ў афіцэраў: хобі, кнігі, кіно. Даўно гэта было. Густы, зрэшты, выяўляліся неразнастайныя: Пікуль, раманы пра Астапа Бэндэра, сэрыялы пра Штырліца і опэра ў выкананьні Высоцкага. Рытарычнае пытаньне: а што сёньня чытаюць і глядзяць, скажам, сяржанты, што ў іх у галовах?

Памятаю часы, калі апэратыўную відэаздымку ў міліцыі ці ў судзе праглядалі цалкам: і паўгадзіны, і гадзіну. Ад нейкага часу ў модзе нарэзка кадраў. Ларыса Шкурко кажа, што ў «відэадоказе» супраць яе сыноў бачныя сутыкі, накладаньне кадраў, на стужку трапіў нават Раман, які ў час здарэньня знаходзіўся ў іншым месцы.
Падзяка ад Сямёна Шапіры

Падзяка ад Сямёна Шапіры



4.

Крымінальная справа, у якой Іван Шкурко праходзіць пакуль у якасьці падазраванага, знаходзіцца ў Сьледчым камітэце. На пытаньні сьледчага Іван адказваць адмовіўся, ён лічыць сябе па-ранейшаму пацярпелым бокам. Ці гаворыць ён праўду? Ці гавораць праўду міліцыянты? Мы ня ведаем. Аднак існуе сродак, які дае спадзяваньне даведацца. Начальнік філіі Сьледчага камітэту на Гарадзеншчыне Ёсіф Лявонка паведаміў жыхарам вобласьці, што ў наяўнасьці паліграф! І на ім якраз спраўджваюць падазраваных, «але толькі зь іх згоды. Некаторыя самі пра гэта просяць, каб пераканаць сьледзтва ў сваёй невінаватасьці», — падкрэсьліў начальнік.

Паліграф казённы, вядома. Але, можа, машына ўсё ж ня дасьць схлусіць?
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG