Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Валянцін Грыцкевіч


Валянцін Грыцкевіч
Валянцін Грыцкевіч

5 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу ня стала Валянціна Грыцкевіча. Слынны гісторык і грамадзкі дзеяч пакінуў гэты сьвет, не дажыўшы менш за месяц да свайго 80-годзьдзя.

Ён нарадзіўся ў Менску 30 сакавіка 1933 году ў сям’і настаўніка і мэдыка. Скончыў Інстытут замежных моў, потым Мэдыцынскі, а пазьней — гістарычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту. Усе тры адукацыі прыдаліся ў фармаваньні асобы яркай, няўрымсьлівай, шматграннай, дасьведчанай ва ўсім, да чаго далучаўся.

Лёс закінуў яго яшчэ ў маладосьці ў Санкт-Пецярбург, дзе ён зрабіў і навуковую кар’еру, і здолеў згуртаваць вакол сябе дэмакратычную сябрыну землякоў. Прыгадвае дзяячка беларускага грамадзка-культурніцкага руху Маргарыта Пярова:

«Для мяне ён такі блізкі чалавек, таму што ў першай клясе ў Менску ён вучыўся разам з маёй сястрой Юляй Андрусышынай. Таму гэта такое было блізкае сяброўства.

Ён для мяне яшчэ быў настаўнікам, таму што я скончыла па другой адукацыі Ўнівэрсытэт культуры і мастацтва. Ён там чытаў лекцыі на катэдры музэязнаўства. І вось на нейкім ягоным юбілеі студэнты вывесілі такі плякат: „Валентин Петрович Грицкевич — наша совесть, ум и честь!“ Лепш ня скажаш».

Навуковыя дасьледаваньні Валянціна Грыцкевіча былі прысьвечаныя гісторыі беларускай мэдыцыны, біяграфіям дзеячаў беларускай эміграцыі, музэязнаўству, краязнаўству. Напісаў кнігі «З факелам Гіпакрата», «Адысея наваградзкай лекаркі: Саламея Русецкая», «Падарожжы нашых землякоў», «Дзесяць шляхоў зь Вільні», «Нашы славутыя землякі», «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна», «Эдуард Пякарскі», «Успаміны і дзёньнікі ў фондах Ваенна-мэдыцынскага музэю: Анатаваны каталёг», «Ваенныя мэдыкі — кавалеры ордэна Славы трох ступеняў»; «Шляхі вялі празь Беларусь» ды іншыя.

Чалавек унівэрсальных ведаў, ён шчодра дзяліўся імі зь людзьмі. Апавядае гісторык і беларускі грамадзкі дзеяч Санкт-Пецярбургу Мікола Мікалаеў:
Беларусы нядбайныя, бо ня цэняць такіх людзей. Ён мог бы чытаць лекцыі ў Менску ва ўнівэрсытэце, але яго ня клікалі

«На зборах беларускай суполкі ён нешта расказваў і як бы дзяліўся гэтым настолькі інтымна, што людзі, якія яго слухалі, ня проста запаміналі, яны пачыналі таксама ведаць. Гэта яшчэ і пэдагог з Божай ласкі. Беларусы нядбайныя, бо ня цэняць такіх людзей. Ён мог бы чытаць лекцыі ў Менску ва ўнівэрсытэце, але яго ня клікалі».

Афіцыйнай Беларусі такія людзі не патрэбныя, затое яны вельмі запатрабаваныя нацыянальнай грамадой.

Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская: «Валянцін Грыцкевіч быў адным з арганізатараў і нязьменным старшынёй беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, пачынаючы ад 1989 году, году заснаваньня. Ён стаяў таксама ля вытокаў Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“ і ўдзельнічаў практычна ва ўсіх яго зьездах, навуковых канфэрэнцыях, што ладзіла нашая арганізацыя. Ён быў вельмі абазнаным навукоўцам, сапраўдным волатам беларускай навукі. А яшчэ ён быў вельмі сьветлым чалавекам. Гэта страта для нас у Беларусі, гэта страта для беларусаў Санкт-Пецярбургу, для каго ён быў проста стрыжнем беларускага жыцьця».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG