Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каваленка: Ня веру ні ў Захад, ні ў ААН. Толькі ў беларускі народ


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Камітэт правоў чалавека ААН адмовіў віцебскаму сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку ў прызнаньні парушэньня яго грамадзянскіх і палітычных правоў. Актывіст напісаў заяву пасьля завяршэньня працэсу ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску, які прызнаў яго вінаватым у злосным хуліганстве і супраціве міліцыянтам. Хуліганства выявілася ў тым, што 7 студзеня 2010 году ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на цэнтральнай гарадзкой ёлцы.

Спачатку яму прысудзілі абмежаваньне волі ў выглядзе «хатняй хіміі», але за парушэньне ўмоваў адбыцьця пакараньня пазбавілі волі. Каваленка сьцьвярджаў, што суд праігнараваў паказаньні сьведкаў, чым быў парушаны артыкул 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Камітэт ААН вырашыў, што судовыя матэрыялы не даюць падставаў лічыць правы Сяргея Каваленкі парушанымі. Апроч таго, паколькі актывіст вывешваў сьцяг, каб выказаць свае палітычныя перакананьні, то свабода думкі таксама можа мець абмежаваньні, неабходныя для забесьпячэньня грамадзкага парадку.

А як на вэрдыкт Камітэту правоў чалавека ААН адрэагаваў сам Сяргей Каваленка?

«Я любога адказу чакаў, у тым ліку і такога. Бо я ўжо ня першы раз бачу, як заходнія структуры падтрымліваюць Лукашэнку. Дарэчы, яшчэ раней мне адмовілі ў разглядзе справы на абразу годнасьці беларускага народу брэндам „БульбашЪ“ заводу „Дыяніс“. Таму і атрымліваецца, што міжволі ці знарок, але ААН гуляе на баку рэжыму: д’ябальскую зорку на каляднай яліне ўзвышаць можна, а наш хрысьціянскі сьцяг вышэй за гэтую зорку, па іхнаму выходзіць, быць не павінен».

Карэспандэнт: «Адным з пунктаў адмовы ў тым, што любая свабода выказваньня думак можа мець абмежаваньні дзеля бясьпекі…»

«Які грамадзкі парадак, калі зьбівалі міліцыянты мяне, а ня я іх? Потым яны хлусілі ў судзе, што гэта менавіта я іх зьбіваў, а маіх пяць сьведкаў суд у разьлік не прыняў. Дык які гэта суд? Іхны працэс грунтаваўся на паказаньнях міліцыянтаў. Дзе яшчэ такое ёсьць, каб міліцыянты былі сьведкамі? А маіх грамадзянскіх, цывільных сьведкаў яны нават слухаць не захацелі».

Карэспандэнт: «Ці магчымыя з вашага боку яшчэ нейкія крокі на міжнародным узроўні?»
Як паказвае досьвед, многія эўрапейцы папросту беспрынцыпныя

«Прынамсі па аанаўскай лініі — ужо нічога. Ідуць адны адмовы. Я збольшага разумею, чаму так адбываецца. Як паказвае досьвед, многія эўрапейцы папросту беспрынцыпныя. Яны дораць мэдалькі лукашэнкаўскім чыноўнікам, якія пасадзілі таго ж Бяляцкага. Яны вядуць бізнэс з Лукашэнкам празь ягоныя афшоры. І нафту купляюць, і ўгнаеньні, і іншыя тавары. Разумееце, Беларусь — гэта кампанія Лукашэнкі. Гэта як была ў брытанцаў Вэст-Індыйская чайная кампанія ў Індыі, так у Расеі свае інтарэсы ў Беларусі. А Лукашэнка тут у іх — „калгасны мэнэджэр“. Вось так гэта шматбаковая зьвязка пры ўзаемных інтарэсах і працуе».

Карэспандэнт: «Сяргей, з вашых слоў вынікае, што вы ніяк ня згодныя з такім вэрдыктам Камітэту правоў чалавека ААН?»

«Ведаеце што: беларускаму народу трэба ўжо даўно зразумець, што толькі мы самі можам абараніць свае каштоўнасьці і саміх сябе. Зрэшты, я гэта ведаў і раней. І я ўдзячны менавіта беларускаму народу, бо калі ня так даўно выйшаў зь няволі, мне і маёй сям’і дапамагалі звычайныя людзі. Таму я веру толькі ў беларускі народ — а ня ў Захад, не ў ААН. Яны могуць там адстойваць толькі ўсялякія збачэнствы. Але яны не адстойваюць нацыянальныя каштоўнасьці — ні чужыя, ні нават свае. А наш сьцяг — ён бел-чырвона-белы. Белая паласа — ад Бога прыйшлі, чырвоная — чырвона пражыць, і белая — да Бога ідзём. І я, калі ўзьняў сьцяг на яліне, казаў, што ўздымаю нацыянальны хрысьціянскі сьцяг у гонар Ісуса Хрыста, якраз у дзень Божага нараджэньня. А на Захадзе ўжо даўно адракліся ад хрысьціянскіх каштоўнасьцяў».

Карэспандэнт: «Чаму ў такім разе вы ўвогуле зьвярталіся ў Камітэт ААН, калі кажаце, што ня цешылі сябе нават ілюзіямі?»

«Таму што ўсіх правяраць трэба — хто ёсьць хто. Прынамсі, лішні раз пераканаўся, што абсалютна хаўрусьніцкая ў іх палітыка ідзе, нейкая чэмбэрленаўшчына. Яны там разбэсьціліся да немагчымасьці. Выракліся сваіх нацыянальных каштоўнасьцяў і лічаць, што і нам яны ўжо не патрэбныя. А нам нашы каштоўнасьці патрэбныя».

Рашэньне Камітэту правоў чалавека ААН камэнтуе віцебскі праваабаронца Павал Левінаў:

Павал Левінаў

Павал Левінаў

«Трэба сказаць, што, з аднаго боку, я не зусім згодны з Камітэтам правоў чалавека ААН. А з другога боку, лічу, што сам Сяргей Каваленка, хутчэй за ўсё, ня здолеў аргумэнтавана даказаць, паказаць і прадставіць доказы аб тым, што было парушанае яго права — і на выказваньне свайго меркаваньня, і падчас судовага паседжаньня. Трэба разумець, што працэдура камітэту — не публічная. Ты там не выступаеш і нічога дадаткова не прадстаўляеш. Ты падаеш туды толькі дакумэнты і ўсе паперы толькі ў пісьмовым выглядзе. Таму, думаю, што Каваленка не прадставіў важкіх доказаў аб парушэньні сваіх правоў з боку дзяржавы.

У выніковым рашэньні гэта нават праглядаецца, што камітэту было дастаткова цяжка прыняць рашэньне. І, узважваючы аргумэнты ўраду і Каваленкі, камітэт усё ж схіліўся на бок ураду. Да таго ж, трэба таксама разумець, што ва ўрадзе сядзяць людзі, мабыць, больш кампэтэнтныя, чым просты грамадзянін Рэспублікі Беларусь. У любым выпадку не пераканаў Каваленка камітэт, хоць асабіста я лічу, што практычна ўсе парушэнні правоў, на якія ўказваў Каваленка ў сваёй скарзе, мелі месца. А вось аргумэнтацыя аказалася слабой».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG