Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія сьляды суданскай вайны


Штурмавы самалёт «Су-25»
Штурмавы самалёт «Су-25»

Экспэрты ААН зноў кажуць пра пастаўкі беларускай зброі ў Судан, дзе працягваецца канфлікт урадавых войскаў і праціўнікаў суданскага дыктатара Амара аль-Башыра. Ці маюць гэтыя абвінавачаньні сур’ёзныя падставы?

Паводле дакладу экспэртаў ААН, на які спасылаецца Агенцтва Франс Прэс, урад Судану вядзе барацьбу супраць паўстанцаў з дапамогай ракет клясу «паветра-зямля» «С-8» і штурмавых самалётаў «Су-25», купленых у Беларусі, а таксама верталётаў «Мі-24», якія пастаўляюцца з Расеі. Экспэрты мяркуюць, што беларуская зброя ўжываецца для нападаў на вёскі і лягеры паўстанцаў.

«Авіяўдары працягваюцца некалькі гадзін на працягу ад аднаго да трох дзён. Затым у вёсках і лягерах зьяўляюцца на грузавіках і конях вайскоўцы, якія нападаюць на мірных жыхароў», — кажуць экспэрты ААН.

У дакумэнце зноў фігуруе правінцыя Дарфур, у якой, паводле ААН, падчас канфлікту з цэнтральнымі ўладамі Судану, які пачаўся яшчэ ў 2003 годзе, загінула больш за 300 тысяч чалавек. У 2004 годзе ААН увяла эмбарга на пастаўкі зброі ў раён канфлікту, але некаторыя краіны гэтую забарону ігнаруюць. У прыватнасьці, экспэрты ААН мяркуюць, што ў пэрыяд паміж 2008 і 2010 гадамі Судан атрымаў зь Беларусі 15 самалётаў «Су-25», якія выкарыстоўвалі супроць паўстанцаў.

Аналягічнае абвінавачаньне ў пастаўках беларускай зброі ў зону канфлікту ў Судане прагучала летась ад арганізацыі «Міжнародная амністыя». Разам зь Беларусьсю сярод пастаўшчыкоў забароненай зброі фігуравалі Расея і Кітай.

4 сакавіка прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных у размове з карэспандэнтам «Свабоды» абверг паведамленьне аб продажы беларускай зброі Судану.

«Усё ўзаемадзеяньне ў галіне продажу зброі Беларусь ажыцьцяўляе ў строгай адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам і патрабаваньнямі Рады Бясьпекі ААН», — сказаў Андрэй Савіных.

Што думаюць пра гэтыя абвінавачаньні незалежныя экспэрты?

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі
Аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што яны ўзьніклі не на пустым месцы.

«Імідж Беларусі, што да паставак зброі, настолькі нэгатыўны, што любая вэрсія мае права на існаваньне. Але пэўных доказаў гэтых паставак, менавіта ў зону канфлікту ў Дарфуры, я пакуль ня бачыў».

Раман Якаўлеўскі мяркуе, што стасункі паміж Менскам і Хартумам маюць пэўныя асаблівасьці. Аглядальнік нагадаў пра візыт прэзыдэнта Судану Амара аль-Башыра ў Беларусь у 2004 годзе. «Гэта было ўжо пасьля таго, як Башыр стаў міжнародным „ізгоем“. А ўжо праз год у Хартум паехаў тагачасны міністар унутраных спраў Навумаў, а за ім — міністар абароны Мальцаў».

Ці магчыма, каб у Судан пастаўляліся ракеты, штурмавікі і верталёты, якія згадваюцца ў дакумэнце ААН?

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін зь пералічанага сьпісу ўдакладняе пазыцыю пра гэтак званыя ракеты «С-8» «паветра-зямля»:

«„С-8“? Магчыма, гаворка пра некіраваныя рэактыўныя снарады „С-80“. Гэта касэты зь некіраванымі рэактыўнымі снарадамі, якімі штатна ўзброеныя штурмавікі і баявыя верталёты. Але гэтая зброя прадаецца па ўсім сьвеце, іх паўсюль хапае. Не асабліва варта купляць іх у Беларусі».

У сьпісе паставак, паводле ААН, фігуруюць таксама штурмавікі «Су-25». Як кажа Аляксандар Алесін, гэты баявы самалёт становіцца асноўным у Беларусі, і тут яго не хапае для ўласных узброеных сіл. Але пэўныя пастаўкі такіх самалётаў за мяжу зь Беларусі экспэрт згадаў:

«Вялікая колькасьць такіх самалётаў была прададзена ў Пэру, гэта 1997–1998 гады. Таму, мяркую, гаворка ідзе аб транзытных пастаўках празь нейкія краіны. Магчыма, гэта былі і не беларускія самалёты».
Калі і былі пастаўкі, то, хутчэй за ўсё, тавар быў расейскі

Паводле экспэрта Аляксандра Алесіна, гэтак жа беларускія экспартэры зброі маглі прадаваць і расейскія верталёты «Мі-24», што не супярэчыць і меркаваньню экспэртаў ААН.

«Я ж кажу, у Беларусі няма дастаткова боегатовых „Су-25“ ці „Мі-24“. Калі толькі пад дахам беларускіх кампаній рабіліся гэтая пастаўкі. Калі і былі пастаўкі, то, хутчэй за ўсё, тавар быў расейскі, бо наўрад ці ў Беларусі ёсьць дастаткова такой тэхнікі на продаж».

У 2011 годзе праз рэфэрэндум ад Судану аддзяліўся Паўночны Судан. Паміж абедзьвюма дзяржавамі, аднак, працягваюцца канфлікты за спрэчныя тэрыторыі. Продаж зброі ні ў Судан, ні ў Паўночны Судан не забаронены, абы яна не трапляла ў зону канфлікту ў Дарфур. Але экспэрты ААН лічаць, што большая частка зброі, якая прадаецца ў рэгіёне, урэшце ўсё ж апынаецца ў зоне канфлікту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG