Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Анатолевіч Зісер нарадзіўся ў 1960 годзе ў Львове, Украіна. Скончыў Паўночна-Заходні політэхнічны інстытут у Ленінградзе па спэцыяльнасьці «Электронныя вылічальныя машыны» са спэцыялізацыяй у галіне біямэдычнай кібэрнэтыкі. Прафэсійны праграміст, сыстэмны аналітык, кіраўнік праектаў з 1977 па 1994 год. З 1987 году і па сёньняшні дзень жыве і працуе ў Менску.

Працаваў тэхнікам, затым інжынэрам у СПКБ Львоўскага політэхнічнага інстытуту (1978–1980), паштальёнам на Львоўскім паштамце (1981–1982), інжынэрам-праграмістам на львоўскім заводзе «Биофизприбор» (1982–1987), вядучым інжынэрам-праграмістам НДІ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі Міністэрства аховы здароўя БССР у Бараўлянах пад Менскам (1987–1990), распрацоўшчыкам у каапэратыве «Факел» у горадзе Лангепасе Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі Цюменскай вобласьці (1990–1991).

У 1992 годзе заснаваў УП «Надзейныя праграмы», якое займаецца распрацоўкай, укараненьнем і суправаджэньнем праграмнага забесьпячэньня электронных банкаўскіх тэхналёгій, і быў яго генэральным дырэктарам з 1992 па 2011 год. Самы вядомы праграмны прадукт — сыстэма абслугоўваньня насельніцтва ў банку «Праграма 35», якая мела 700 укараненьняў у больш як 100 банках Расеі, Украіны, Беларусі, Малдовы.

Пад эгідай УП «Надзейныя праграмы» ў 2000 годзе быў створаны найбуйнейшы беларускі партал Tut.by, а таксама найбуйнейшы рэгістратар дамэнных імёнаў, хостынг-правайдэр і тэхнічны адміністратар нацыянальнай дамэннай зоны .by — hoster.by.

У 2006 годзе Юры Зісер стаў адным з заснавальнікаў першай беларускай лічбавай газэты «Ежедневник» і супрацоўнічаў зь ёй да 2008 году. У 2007 годзе адкрыў кампанію «Релсофт», якая займаецца афшорным праграмаваньнем (рэзыдэнт ПВТ з 27 чэрвеня 2007 году). Акрамя таго, у 2009–2010 гг. курыраваў дзейнасьць ІП «Инстант Информейшн» — філіялу нью-ёрскай кампаніі Instant Information Inc., якая займаецца распрацоўкай InfoNgen — тэхналёгіі пошуку зьвестак пра кампаніі ў інтэрнэце для Ўол-стрыту. У 2010 годзе гэты бізнэс стаў належаць кампаніі «ЭПАМ Сыстэм».

У 2008 годзе разам з групай журналістаў заснаваў ТАА «АТС», якое займаецца PR у інтэрнэце. У сьнежні 2008 году стаў сузаснавальнікам ТАА «Тут Бай Мэдыя» і сэлінгавага агенцтва інтэрнэт-рэклямы «Вэб Экспэрт», а ў 2009 г. — ТАА «Інтэрнэт-партал Вэльвэт» і прадпрыемства «100 работ ТУТ», сумеснага з расейскай групай «Хедхантер.Ру».

1 студзеня 2012 году пакінуў пасаду генэральнага дырэктара УП «Надзейныя праграмы», захаваўшы за сабой долі ва ўсіх прадпрыемствах і пасаду старшыні агульнага сходу ўдзельнікаў ТАА «Тут Бай Мэдыя» (якому цяпер належаць партал і таварны знак Tut.by).

Праходзіў стажыроўкі ў фірмах ЗША, Германіі і Францыі. Працаваў дацэнтам Белдзяржунівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Трэнэр шэрагу бізнэс-школ. Аўтар навучальных дапаможнікаў і сотняў артыкулаў у беларускай і расійскай пэрыёдыцы. У 2002 г. на Пятым беларускім інтэрнэт-форуме быў абраны Чалавекам году ў беларускім інтэрнэце, а ў 2012-м яму быў прысвоены тытул «Мэнтар году». Аўтар навучальных дапаможнікаў для БДУІР па кіраваньні распрацоўкай і прасоўваньнем праграмнага забесьпячэньня. Аўтар кнігі «Маркетынг on-line» (2007).

Жанаты, мае дачку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG