Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыбывае дэлегацыя Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Акрамя афіцыйных сустрэч у членаў дэлегацыі — старшага дарадцы па выбарах БДІПЧ Тацяны Багушэвіч і дарадцы па выбарах Лусіне Бадалян — заплянаваныя кантакты з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

Сёньня дэлегацыя сустрэнецца з прадстаўнікамі РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

6 сакавіка экспэрты БДІПЧ правядуць сустрэчы ў Цэнтрвыбаркаме і Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Мэта сустрэчы экспэртаў БДІПЧ з членамі ЦВК — абмеркаваць вынікі леташняй парлямэнцкай кампаніі, а таксама прапановы назіральнікаў БДІПЧ па выніках гэтых выбараў, паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік.

На сустрэчы з парлямэнтарыямі плянуецца абмеркаваць пытаньні ўдасканаленьня выбарчага заканадаўства Беларусі, паведаміла прэс-служба ніжняй палаты парлямэнта.

7 сакавіка дэлегацыя БДІПЧ плянуе сустрэцца з прадстаўнікамі палітычных партый. Пра гэта паведаміў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

На нарадзе ў пытаньнях удасканаленьня выбарчага заканадаўства 31 студзеня Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся завяршыць падрыхтоўку законапраекту аб папраўках у Выбарчы кодэкс у траўні. «Мы ня ставім сёньня мэтай нешта зьмяніць, мы вядзем дыскусію аб удасканаленьні заканадаўства», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Прадстаўнікі апазыцыі прапаноўвалі ЦВК правесьці грамадзкае абмеркаваньне рыхтаваных паправак у Выбарчы кодэкс, а таксама накіраваць іх на экспэртызу ў БДІПЧ АБСЭ і Вэнэцыянскую камісію Рады Эўропы. Цэнтрвыбаркам гэтыя прапановы не падтрымаў.

Між тым, прадстаўнікі апазыцыі лічаць, што шэраг прапаноў ЦВК «патрабуюць сур’ёзнага і грунтоўнага абмеркаваньня з зацікаўленымі бакамі», а «мэтазгоднасьць некаторых з агучаных прапаноў выклікае сур’ёзныя сумневы».

Напрыклад, лічаць яны, абмеркаваньня патрабуюць: прапановы аб наданьні права вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты рэспубліканскім грамадзкім аб’яднаньнем з колькасьцю членаў ня менш за 1.000 чалавек; адмова ад дзяржаўнага фінансаваньня выдаткаў на перадвыбарчую агітацыю і пераклад яе цалкам на забесьпячэньне за кошт перадвыбарных фондаў; ідэя выключыць агітацыю за няўдзел у выбарах з катэгорыі перадвыбарчай агітацыі.

Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG