Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф: Я не дасягнула нічога


Нямецкі палітык Ута Цапф, якая шмат гадоў ачольвае працоўную групу ў справах Беларусі ў парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, пакідае сваю пасаду. Пра гэта яна паведаміла ў эксклюзіўным інтэрвію карэспандэнту «Свабоды».

Ута Цапф пацьвердзіла: яна заканчвае сваю працу ў Бундэстагу. Маўляў, 23 гады — дастаткова, трэба саступаць месца іншым. Такое рашэньне спадарыні Цапф аўтаматычна прымушае яе пакінуць і пасаду кіраўніка групы па Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Статут гэтай міжнароднай арганізацыі дазваляе працаваць у ёй толькі дзейным дэпутатам нацыянальных парлямэнтаў.

Вынікі сваёй дзейнасьці на чале рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі спадарыня Цапф ацэньвае так: «Шкада, але калі паглядзець на сытуацыю, я не дасягнула нічога. Я ня бачу нічога, што магло б рэальна сьведчыць — сытуацыя ў Беларусі зьмянілася да лепшага. Сытуацыя стала горшай, чым яна была на пачатку майго старшынства. Усё яшчэ застаюцца палітычныя вязьні, усё яшчэ няма прынцыповых зьмяненьняў у правядзеньні выбараў, усё яшчэ ў апазыцыі няма магчымасьцей працаваць належным чынам. А ровень свабоды для мэдыяў зьніжаецца. Я думаю, што грамадзянская супольнасьць, праваабарончыя арганізацыі па-ранейшаму знаходзяцца пад дзяржаўным ціскам. І ўсё гэта сапраўды сумная сытуацыя. Яна не палепшылася з таго часу, калі я стала на чале рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ».

Беларусі палітык Вінцук Вячорка неаднойчы сустракаўся з Утай Цапф:

«Трэба цаніць тых людзей з эўрапейскага палітыкуму, якія працяглы час сочаць за Беларусьсю. Ута Цапф ведае пра Беларусь вельмі шмат. Яна ведае сытуацыю, ведае імёны. Ведае, напэўна, псыхалёгію і матывацыю рашэньняў Лукашэнкі. На Захадзе такіх людзей вельмі мала. І добра было б, каб гэты досьвед не прапаў.

Што да паставы самой Уты Цапф на гэтай пасадзе і ў дэпутацкай дзейнасьці ўнутрынацыянальнай, то пастава гэтая мянялася. Нейкі час у яе існавала ўяўленьне пра магчымасьць перавыхаваць, паўплываць у добрым сэнсе на ўладны рэжым у Беларусі. З-за гэтага даводзілася зь ёй вельмі моцна спрачацца. Калі-нікалі няўмольныя падзеі і трагічная сытуацыя ўсё ж падштурхоўвалі яе да больш рэалістычнага погляду».

«Хто, на вашу думку, мог бы ўзначаліць рабочую групу па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ замест вас?» — пытаюся ў спадарыні Цапф/

«Я думаю, што гэта будзе найперш клопатам наступнага кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Яму давядзецца падумаць пра канкрэтную асобу. У групе цяпер працуюць некалькі асобаў з розных краінаў. І я думаю, што хтосьці зь іх можа справіцца з пастаўленай задачай».

Сябра міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валянціна Лявоненка перакананая: ад асобы залежыць многае, але ня ўсё:

«А ўсё залежыць найперш ад таго, якую пазыцыю займае Парлямэнцкая асамблея ў цэлым. Таму зразумела, што дачыненьні Беларусі з эўрапейскімі структурамі будуць грунтавацца на агульнай пазыцыі асамблеі АБСЭ і Эўрапарлямэнту».


Падрабязнае інтэрвію з Утай Цапф зьявіцца на сайце і ў эфіры пазьней. Вы можаце пакінуць у камэнтарах свае пытаньні, якія наш карэспандэнт задасьць спадарыні Цапф дадаткова.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG