Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмена ўлады ў Паднябеснай


На сэсіі Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў КНР, якая адкрылася сёньня ў Пэкіне, адбудзецца фінальны этап зьмены ўлады ў краіне.

Кіраўнік кампартыі Сі Цьзіньпін, абраны на апошнім зьезьдзе КПК у лістападзе летась, стане прэзыдэнтам краіны, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Ху Цьзіньтао. Новым прэм’ерам, як чакаецца, стане Лі Кэцян.

Сэсія пачалася з дакладу дзейнага кіраўніка ўраду Вэнь Цьзябао.

Прэм’ер-міністар у сваім апошнім дакладзе на гэтай пасадзе паабяцаў стабільны рост эканомікі, узмацненьне антыкарупцыйных захадаў і паляпшэньне дабрабыту кітайцаў. Вэнь Цьзябао сказаў, што ў 2013 годзе Кітай мае намер захаваць рост ВУП на ўзроўні 7.5%: «ВУП вырасьце прыкладна на 7,5% пры ўмацаваньні стабільнасьці разьвіцьця. Рост спажывецкіх цэн будзе ўтрымлівацца ў межах прыблізна 3,5%. Занятасьць у гарадах павялічыцца прынамсі на 9 млн. чалавек, а каэфіцыент зарэгістраванага гарадзкога беспрацоўя застанецца ў межах 4,6%».

Барацьба з карупцыяй зьяўляецца адным з важных накірункаў дзейнасьці кіраўніцтва Кітаю. На апошні зьезьдзе КПК лідэр краіны Ху Цьзіньтао заявіў, што небясьпека нарастаньня карупцыі ў партыйным асяродку магла пагражаць «крахам партыі і разбурэньнем дзяржавы».

Таксама паведамляецца, што выдаткі на абарону сёлета вырастуць у Кітаі на 10,7% і дасягнуць 119 мільярдаў даляраў у эквіваленце. Летась рост абаронных выдаткаў КПК склаў 11.2%.

Штогод бюджэт кітайскай арміі павялічваецца на двухзначны паказчык, але назіральнікі кажуць, што фактычныя выдаткі значна перавышаюць афіцыйныя лічбы. За павелічэньнем кітайскага вайсковага бюджэту сочаць суседнія краіны, зь якімі ў Пэкіна ёсьць нявырашаныя тэрытарыяльныя спрэчкі, і ЗША.

У 2012 годзе Кітай упершыню выйшаў на першае месца ў сьвеце паводле аб’ему гандлёвага абароту, да мінулага году амаль увесь час пасьля Другой сусьветнай вайны лідэрам міжнароднага гандлю былі Злучаныя Штаты. Летась гандлёвы абарот ЗША склаў 3.82 трыльёнаў даляраў, Кітаю — 3.87 трыльёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG