Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новікаў пра Мясьніковіча: Саўковы тып кіраўніка


Марат Новікаў

Марат Новікаў

Былы акцыянэр фабрык «Камунарка» і «Спартак», амэрыканскі бізнэсовец беларускага паходжаньня Марат Новікаў пракамэнтаваў заявы Аляксандра Лукашэнкі на адрас прэм’ер-міністра і ўраду.

Аляксандар Лукашэнка працягвае пагражаць адстаўкай ураду. У «дыктатарскіх замашках» абвінавачаны першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, у захапленьні лібэральнымі разважаньнямі і рыначнымі тэорыямі — міністар эканомікі Мікалай Снапкоў, не разумее ідэю году беражлівасьці віцэ-прэм’ер Аляксандар Калінін. Іншы намесьнік старшыні ўраду Анатоль Тозік быў абвінавачаны ў тым, што займаецца ня справай, а балбатнёй і самалюбаваньнем у СМІ.

Асабліва дасталося прэм’ер-міністру Міхаілу Мясьніковічу, якому Лукашэнка ягоныя пэрспэктывы акрэсьліў дакладна: праваліце год — пойдзеце ў адстаўку. Многім урадоўцам наўпрост была абяцаная турма.

Былы стратэгічны акцыянэр кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак», амэрыканскі бізнэсовец беларускага паходжаньня Марат Новікаў хоць і быў страціў бізнэс у Беларусі рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі, але ў дадзеным выпадку незадавальненьне прэзыдэнта прэм'ерам падзяляе. Паводле яго, той жа Міхаіл Мясьніковіч уяўляе сабой абсалютна «саўковы» тып кіраўніка, які фізычна не прыстасаваны для працы ў рынкавых умовах. Спадар Новікаў расказвае, як у часе апошняга кантактаваньня Мясьніковіч выказаўся наконт высілкаў амэрыканскай кампаніі Новікава ў справе прасоўваньня беларускай прадукцыі на замежныя рынкі:

«Проста анэкдатычны выпадак быў. Недзе год таму прэм’ер-міністар прыяжджаў на „Камунарку“, я быў зь ім на сустрэчы. Мы зь ім разгаварыліся і ён пачаў — вось, давай мне экспарт, рэалізацыю і г.д. Я ў прысутнасьці ўсіх адказваю: Міхаіл Уладзімеравіч, мы 11 гадоў таму (цяпер ужо на год больш) адкрылі ў Нью-Ёрку цэлую беларускую базу. Вы ўяўляеце? Мы прадаём ня толькі кандытарку, а прадаём прадукцыю 27 беларускіх прадпрыемстваў! Мы прадаём цукар, прадаём сушкі, макароны, вырабы ад „Санта Брэмар“, быхаўскія кансэрвы, прадаём барысаўскія сокі, асартымэнт гарадзенскага „АВС“ і г. д. Міхаіл Уладзімеравіч, уяўляеце, — 27 прадпрыемстваў! Пры савецкай уладзе мне б ужо Героя сацыялістычнай працы далі…
Пры савецкай уладзе мне б ужо Героя сацыялістычнай працы далі

Ацаніце ўзровень прэм’ер-міністра, які гаворыць: Марат, паслухай, ты ж там зарабляеш… Вось і ўсё. Што тады ўвогуле казаць пра ідэалёгію, бізнэс, пра эканоміку дзяржавы? Калі нават прэм’ер-міністар гаворыць такое — ты ж, маўляў, зарабляеш! Ён мае грошы лічыць! Ты б лепш палічыў грошы, якія, дзякуючы мне, зарабляе Беларусь. Палічыў бы, што гэты інвэстар прадукцыю 27 прадпрыемстваў прадае на тэрыторыі ЗША, Канады, Паўднёвай Амэрыкі. Вось хто насамрэч робіць і прасоўвае беларускую ідэалёгію беларускага вытворцы. Няўжо гэта неяк ацэньваецца? Наадварот, зрабілі з нас жулікаў, разумееце?»

Трымаючы справаздачу перад Аляксандрам Лукашэнкам, Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што дзеля эфэктыўнага прасоўваньня беларускай прадукцыі за мяжу патрабуецца «асаблівая сыстэма падтрымкі экспартэраў». Паводле яго словў, ва ўрадзе распрацавана 5 схемаў падтрымкі экспарту, згодна зь якімі Банку разьвіцьця і Міністэрству фінансаў даручана ў разы павялічыць аб’ёмы падтрымкі. Аднак, удакладніў старшыня Саўміну, асноўныя экспартэры пакуль вельмі слаба разгортваюцца ў гэтым кірунку, таму кадры, якія дапускаюць падзеньне вытворчасьці і экспарту, «будуць прыцягвацца да адказнасьці, ажно да вызваленьня ад пасадаў, якія яны займаюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG