Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія. Клаўса абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе


Вацлаў Клаўс

Вацлаў Клаўс

Сэнат Чэскай рэспублікі сёньня вырашыў падаць скаргу на прэзыдэнта Вацлава Клаўся ў Канстытуцыйны суд, абвінавачваючы яго ў дзяржаўнай здрадзе.

Рашэньне, якое верхняя палата чэскага парлямэнту абмяркоўвала пры зачыненых дзьвярах, было падтрыманае 38 сэнатарамі пры супраціве 30.

Вацлаву Клаўсу сэнатары ставяць у віну парушэньне Канстытуцыі краіны пры абвяшчэньні шырокай амністыі ў студзені сёлета. Пасьля абвяшчэньня згаданай амністыі Клаўсам было спынена расьсьледаваньне гучных справаў, зьвязаных з фінансавымі злачынствамі. Амністыя выклікала рэзкую крытыку ў чэскім грамадзтве. Акрамя гэтага, Клаўса абвінавачваюць у тым, што ён не падпісаў некаторых пагадненьняў і адмовіўся назначыць некаторых судзьдзяў.

Сёньняшняе галасаваньне, якое ацэньваецца як чыста сымбалічны крок, адбылося за тры дні перад заканчэньнем другога і апошняга прэзыдэнцкага тэрміну Клаўса.

Калі Канстытуцыйны суд прызнае, што Вацлаў Клаўс дапусьціў дзяржаўную здраду, яго можа чакаць фармальная забарона балятавацца на дзяржаўныя пасады і фінансавы штраф.

Чэскае заканадаўства акрэсьлівае дзяржаўную здраду (velezrada) як парушэньне прэзыдэнтам канстытуцыі або канстытуцыйнага парадку, накіраванае супраць сувэрэнітэту і цэласнасьці рэспублікі. Абвінавачаньне прэзыдэнта ў дзяржаўнай здрадзе можа выставіць толькі Сэнат Чэскай Рэспублікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG