Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка: Міліцыянты зноў спрабуюць пазьбегнуць адказнасьці


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка заяўляе пра ціск з боку Лідзкага РАУС.

Былы палітвязень распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, як у гэтым райаддзеле зьдзекуюцца з затрыманых грамадзянамў.

4 сакавіка матэрыялы справы аб праверцы дзеяньняў праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі накіраваныя з Кіраўскага райаддзелу міліцыі ў Лідзкі РАУС, які вядзе праверку. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў Андрэй Бандарэнка:

«Мне вядома, што Лідзкі РАУС спрабуе прыцягнуць мяне да адказнасьці паводле артыкула 188 — паклёп. Спасылаюцца на сайт „Плятформы“, дзе была разьмешчаная наша інфармацыя пра Івана Шкурко. Мне пра гэта казалі супрацоўнікі Кіраўскага РАУС».

Напярэдадні Андрэя Бандарэнку спрабавалі выклікаць на размову ў міліцыю Кіраўскага раёну, дзе праваабаронца прапісаны, але ён адмовіўся і запатрабаваў афіцыйнага пазову. Андрэй Бандарэнка мяркуе, што лідзкія міліцыянты яго перасьледуюць, каб самім пазьбегнуць адказнасьці за злачынныя дзеяньні.

У Лідзкім РАУС адмовіліся паведаміць, ці заведзеная крымінальная справа на Андрэя Бандарэнку. Намесьнік начальніка раённай міліцыі Валер Калодка накіраваў да прэсавай службы гарадзенскай абласной міліцыі. Там супрацоўнік, які назваўся Ўладзімерам, паведаміў:

«Адносна скаргаў на дзеяньні міліцыянтаў зь Лідзкага РАУС праводзіцца праверка. Калі будуць дадзеныя экспэртызы, тады можна будзе рабіць высновы. А адносна Бандарэнкі, ці завялі на яго справу, магу толькі кіравацца зводкай аб завядзеньні крымінальных спраў. Яго ў зводцы няма».

Паводле міліцыянта, калі ў лідзкай міліцыі правяраюць, ці не парушыў Андрэй Бандарэнка артыкул Крымінальнага кодэксу аб паклёпе, у зводцы гэта ня будзе пазначана.

Два тыдні таму, у сярэдзіне лютага, праваабарончы сайт «Плятформа» расказаў гісторыю, якая адбылася з братамі Іванам і Багданам Шкурко зь Ліды. Дзеяньні міліцыянтаў зь Лідзкага РАУС сайт назваў «садысцкімі».

У ноч на 18 лістапада мінулага году Іван і Багдан Шкурко адпачывалі ў дыска-бары «Праспэкт» у Лідзе на праспэкце Перамогі. Паводле вэрсіі братоў Шкурко, міліцыянты патрульна-паставой службы, якіх выклікаў адміністратар бару, пачалі іх беспрычынна зьбіваць. Багдану Шкурко пырснулі ў твар пярцовым газам, а з Іванам, які паспрабаваў дапамагчы брату, абышліся яшчэ больш жорстка — як казаў Іван Шкурко, міліцыянты адвезьлі яго на пустку, дзе памачыліся на галаву. Калі гэтая гісторыя стала вядомая грамадзкасьці, з ініцыятывы раённай міліцыі на Івана Шкурко ў Сьледчым камітэце завялі крымінальную справу паводле абвінавачаньня ў супраціве дзеяньням міліцыі.

Іван Шкурко і ягоная маці Ларыса Шкурко паскардзілася ў пракуратуру, але ў завядзеньні крымінальнай справы супроць міліцыянтаў ім адмовілі. Пацярпелы разам з маці дайшлі са скаргай да начальніка ўправы абласной міліцыі Ўладзімера Сычэўскага. Але і гэта не падштурхнула расьсьледаваньне справы аб міліцэйскім самаўпраўстве:
Год таму з хлопцам зрабілі тое самае, але ўжо ў самім райаддзеле на яго мачыліся

«Мы з Іванам да яго пайшлі, задалі пытаньні. Адказы нас зьдзівілі: ні пра што. Я расчараваная. Зразумела, што ўсе гэтыя факты хаваюцца. Вось стала вядома, што Андрэя Бандарэнку спрабуюць прыцягнуць да адказнасьці нібыта за паклёп. У інтэрнэце ў адным з камэнтароў я знайшла копію аналягічнай заявы ў Лідзкі РАУС. Год таму з хлопцам зрабілі тое самае, але ўжо ў самім райаддзеле на яго мачыліся. Ён таксама напісаў заяву ў пракуратуру, але, відаць, справу закрылі з-за недаказанасьці».

Цяпер сям’я Шкурко чакае вынікаў экспэртызы Іванавай курткі. На іх думку, экспэртыза павінна прынесьці доказы віны міліцыянтаў. Аднак азнаёміцца зь яе вынікамі Ларысе Шкурко пакуль не даюць:

«Мне абяцаюць ужо тыдзень, што вынікі праверкі вернуцца з Гародні і я змагу азнаёміцца з гэтымі матэрыяламі, на падставе якіх мне адмовілі ў завядзеньні справы. І, магчыма, удасца азнаёміцца з вынікамі генатыпічнай экспэртызы. Сыны здавалі дзеля гэтага аналізы, і супрацоўнікі міліцыі ППС здавалі. Але ня ведаю, ці ўсе здавалі».

Андрэй Бандарэнка сказаў «Свабодзе», што «Плятформа» па-ранейшаму будзе асьвятляць справы аб парушэньні міліцыяй правоў затрыманых грамадзянаў.
XS
SM
MD
LG