Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія прадпрымальнікі трымаюць абарону


180 прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтру «Сакрэт» адмовіліся падпісваць кароткатэрміновае пагадненьне з уласьнікам на чарговае павышэньне арэнднай платы.

На стыхійным сходзе, праведзеным 3 сакавіка, прадпрымальнікі запатрабавалі сустрэчы са старшынём аблвыканкаму.

Нагодай для стыхійнага сходу стаў ультыматыўны інфармацыйны ліст цяперашняга ўласьніка «Сакрэту» — менскай фірмы «НП-Сэрвіс».

Cябра рады прадпрымальнікаў Ірына Жыхарава: «Кожны дзень мы атрымліваем лісты-страшылкі, як празвалі іх прадпрымальнікі. Сьвежавыпечаны дакумэнт, які я трымаю ў руках: уласьнік зьвяртае нашу ўвагу, што дадатковае пагадненьне неабходна падпісаць і перадаць у адміністрацыю цэнтру да 15:00 4 сакавіка. Калі мы падпішам гэтае пагадненьне, то шмат хто падпіша свайму бізнэсу сьмяротны прысуд».

Прадпрымальнікі спадзяюцца, што ўласьнік «Сакрэту» прыслухаецца да рэкамэндацыі старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Дворніка, выказанай на папярэдняй сустрэчы: вырашыць канфлікт з улікам практыкі здачы ў арэнду гандлёвых плошчаў у іншых абласных цэнтрах краіны. Акурат на сустрэчы ў аблвыканкаме, як сьцьвярджаюць прадпрымальнікі, прысутны прадстаўнік «НП-Сэрвіс» Іван Беразоўскі пагаджаўся на 20-адсоткавае павышэньне арэнды на цэлы год. Цяпер менская кампанія патрабуе падпісаць пагадненьне толькі да 1 верасьня.

Жыхарава: «Мы баімся, што праз паўгода пачнецца новы віток цяперашняй сытуацыі, ад якой мы вельмі стаміліся. Зь верасьня чакаецца новае павышэньне арэнднай стаўкі. Уласьнік абяцае, што гэта зноў будзе 20 адсоткаў. Але ці стрымае ён сваё слова, мы гэтага ведаць ня можам».

З прыходам у гандлёвы цэнтар у кастрычніку мінулага году новага ўласьніка прадпрымальнікі раз за разам адбівацца ад чарговага падвышэньня арэнды:

«Пяць месяцаў суцэльнай барацьбы, пяць месяцаў ваявалі без упыну. Ні тавар не завозілі, ні бізнэс-плянамі, ні разьвіцьцём не займаліся. А толькі шукалі, у якую шчыліну ўплішчыцца».

Прадстаўнікі менскай кампаніі на сход у Гомель не прыехалі. Улагоджвала сытуацыю начальніца аддзелу прадпрымальніцтва камітэту эканомікі аблвыканкаму Марына Крывунь:
У вас ёсьць час сёньня і заўтра да абеду падпісаць дамову арэнды альбо не падпісаць

«Я толькі што перамовілася з Іванам Беразоўскім з „НП-Сэрвіс“. На сёньняшні дзень ягоная пазыцыя застаецца ранейшай: на 20 адсоткаў павышаецца арэнда да 1 верасьня 2013 году. Ні на якія саступкі ён не ідзе. У вас ёсьць час сёньня і заўтра да абеду падпісаць дамову арэнды альбо не падпісаць. Працэдура дасудовага ўрэгуляваньня завершана».

Такая пазыцыя прадстаўніцы камітэту эканомікі выклікала нэгатыўную рэакцыю дробных бізнэсоўцаў. Адна з прадпрымальніц кажа на гэта:

«Улада стала на бок уласьніка — нас ніхто ня хоча слухаць. Нам падпісваюць дамовы да 1 верасьня, а зь верасьня зноў пойдзе падвышэньне коштаў арэнды. Нам нічога не застаецца — сысьці альбо зараз, альбо пасьля 1 верасьня».

Марына Крывунь нагадала бізнэсоўцам, што яны самі падпісалі дамовы, у якіх пагадзіліся з тым, што ўласьнік мае права пераглядаць арэндную плату ня больш як тры разы на год. Прадпрымальнікі прызнаюць, што такі пункт у дамове падпісалі «праз глупства й няведаньне». Аднак на канфлікт варта было б паглядзець і з пункту гледжаньня антыманапольнага заканадаўства, бо ўласьнік, карыстаючыся адсутнасьцю гандлёвых плошчаў у горадзе, неабгрунтавана завышае арэнду.

Настойлівасьць прадпрымальнікаў вымусіла спадарыню Крывунь паўторна зьвязвацца праз мабільны тэлефон з прадстаўніком кампаніі «НП-Сэрвіс» і канстатаваць, што канфлікт ня вырашаны і што пра гэта будзе даложана старшыні аблвыканкаму. На апошнія словы прадпрымальнікі адрэагавалі воплескамі.

Сябра рады прадпрымальнікаў Аксана Селюкова так падсумоўвае вынікі стыхійнага сходу:

«Гэта ж не азначае, што ўласьнік пагадзіўся падоўжыць усім дамовы на год. Адзінае, чаго мы дамагліся, — гэта каб кіраўніку аблвыканкаму паведамілі праўду: у якім стане знаходзіцца падпісаньне дамоваў».
XS
SM
MD
LG