Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты бяз права на абагравальнік


Засяленьне студэнтаў у інтэрнат

Засяленьне студэнтаў у інтэрнат

У абвешчаны ўладамі «Год беражлівасьці» кіраўніцтва Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту забараніла выкарыстаньне ў студэнцкіх інтэрнатах чайнікаў, мікрахвалёвак, прынтэраў і сканэраў, а таксама абмежавала даступнасьць кухонных электраплітаў. Як эканомяць на менскіх студэнтах?

Адна з найбольш прэстыжных вышэйшых устаноў адукацыі — Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт — мае некалькі студэнцкіх інтэрнатаў у розных частках гораду. Як сьцьвярджае адна з жыхарак інтэрнату Тацьцяна Мацьвеенка, жорсткую эканомію студэнты гэтай ВНУ на сабе ня надта адчуваюць:

«Што тычыцца электрапрыбораў, то ў нас ніякіх абмежаваньняў няма: электрачайнікі і мікрахвалевыя печы стаяць у нас у пакоях, і ніякіх праблемаў тут няма і ніколі не ўзьнікала — нам заўсёды дазвалялі гэтым карыстацца. Адзінае, што забараняецца — кіпяцільнікі і малыя электрапліткі, якія награваюцца — імі карыстацца нельга. Але яны, па сутнасьці, нам і не патрэбныя, бо кухня добра працуе. Праўда, я жыву на паверсе разам з выкладчыкамі, таму ў нас кухня адчыненая круглыя суткі. Але, калі не памыляюся, на іншых паверхах кухні нанач зачыняюць, і калі каму-небудзь захочацца штосьці згатаваць ноччу, то ўжо ня ўдасца».

Віктар Кухарэўскі — студэнт-першакурсьнік Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Жыве ў адным з чатырох унівэрсытэцкіх інтэрнатаў і кажа, што адзінае абмежаваньне для студэнтаў — забарона карыстацца мікрахвалёўкамі:

«У нас стаяць электрапліты, і нас не абмяжоўваюць у іх выкарыстаньні: колькі хочам, колькі трэба — гэтулькі і гатуем сабе ежу. Можна карыстацца электрачайнікамі, ёсьць лядоўня на кухні агульная — у нас інтэрнат блёчнага тыпу. Адзінае — забаронена карыстацца мікрахвалёўкамі. Чаму — не тлумачылі, але кажуць, што нібыта пазьней дазволяць. Магчыма».
Цягам некалькіх дзён у пакоі мераюць тэмпэратуру, і калі яна нізкая, то тады загадчыца дазваляе ўключаць электраабагравальнік

Інтэрнаты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту таксама разьмешчаныя ў розных раёнах сталіцы. Значная частка іх — у студэнцкім гарадку БДУ на ўскраіне Менску. Студэнтка трэцяга курсу Аксана Грак кажа: акрамя іншых забаронаў, галоўная праблема — холад, які церпяць студэнты дзеля эканоміі электрычнасьці:

«Калі ты карыстаесься лядоўняю, то твая лядоўня павінна быць не старэйшая за 15 гадоў, і ёю можна карыстацца толькі з дазволу майстра. Калі ж такога дазволу няма, то і карыстацца нельга. У нас таксама нельга карыстацца электрачайнікамі. Абагравальнікамі можна толькі з дазволу загадчыцы інтэрнату. Цягам некалькіх дзён у пакоі мераюць тэмпэратуру, і калі яна нізкая, то тады загадчыца дазваляе ўключаць электраабагравальнік. Штовечар па пакоях ходзіць адмысловы „опэратрад“ — гэта такія хлопчыкі ад групаў — і яны правяраюць, ці не карыстаюцца студэнты чайнікамі і абагравальнікамі. Калі такія знаходзяць, то забіраюць, і іх можна вярнуць толькі па заканчэньні навучальнага году, ці могуць забраць бацькі. Гэтак у нас ва ўсіх ужо пазабіралі абагравальнікі, і ў нас страшэнны холад. Нашы інтэрнаты стаяць у адкрытым полі, у нас у пакоях страшэнна холадна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG