Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 сакавіка, у дзень сьмерці Сталіна (1953), завяршаецца публікацыя на сайце "Свабоды" сакрэтных архіваў КДБ.

На працягу двух месяцаў кожны дзень мы выстаўлялі ў інтэрнэт 1000 лёсаў нашых землякоў, што былі рэпрэсаваныя ў савецкія часы паводле палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Агулам – гэта больш за 60 тысяч біяграмаў. Геаграфія – уся Беларусь, за выключэньнем Гарадзенскай і Гомельскай абласьцей (у матэрыялах, якія нам удалося атрымаць, іх не было).

Абсалютная большасьць рэпрэсаваных – вяскоўцы, сяляне і калгасьнікі. Тыповая зьява – дзьве крымінальныя справы на адну асобу. Першая справа – высылка аднаасобнага гаспадара на пачатку 1930-х, у другой справе гэты чалавек у 1937–38 гады ўжо калгасьнік ці беспрацоўны, якога за шпіянаж прысуджаюць да расстрэлу.

Пераважаюць у сьпісах мужчыны, але нямала таксама жанчын і дзяцей, прычым суворасьць пакараньня не залежыць ад полу, не залежыць яна і ад узросту. Бадай, адзінае выключэньне – немаўляты, іх да расстрэлу не асуджалі, прынамсі ў гэтых сьпісах такіх фактаў няма.

Картатэка Сталіна абвяргае тэзу КДБ РБ пра тое, што чэкісты самі найбольш пацярпелі ад рэпрэсіяў. У гэтых сьпісах чэкістаў амаль не відаць.

Парадокс – біяграфіі ахвяраў тым больш падрабязныя і дакладныя, чым меншае ім даецца пакараньне. І праўда ж, калі ты атрымаў тры гады ссылкі ды яшчэ ўмоўна, ты застаесься, а значыць, патрабуеш інвэнтарызацыі, машына яшчэ будзе займацца табою. А калі табе ВМП – цябе адразу няма, што там запаўняць графы тваёй адукацыі, месца працы, ды нават даты нараджэньня і расстрэлу без патрэбы. Ты яшчэ жывы да моманту экзэкуцыі, а для іх ужо – проста сьмецьце.

ВМП – гэта вышэйшая мера пакараньня ці – як казалі ідэолягі – вышэйшая мера сацыяльнай абароны ці сацыяльнай гігіены. Насамрэч праводзілася татальная сацыяльная сэлекцыя, вынішчэньне чалавека – гаспадара ўласнага лёсу.

Сярод іншых абрэвіятур Картатэкі – ППЛ: папраўча-працоўны лягер. Насамрэч і не папраўчы, і не працоўны, дый ня лягер. А тое самае ВМП, толькі расьцягнутае ў часе. Яшчэ невядома, што лепш – калі адразу ў патыліцу ці калі марудна, дзесьці ў труме баржы ці на лесапавале. У выніку замест ВМП – памёр у ППЛ.

Трэцяя важная абрэвіятура ў гэтых сьпісах – ПАВ. Дзясяткі, калі ня сотні тысяч беларусаў, расейцаў, габрэяў, латышоў, але перадусім, зразумела, палякаў, каму ў прысудзе пісалася гэтае ПАВ – Польская Арганізацыя Вайсковая, атрымлівалі вырак – ВМП. Не гады катаргі, ня высылку і не паразу ў правох, а толькі расстрэл.

Зразумела, ня толькі за ПАВ. Давалі і проста за а/с агітацыю ці к/р прапаганду. Папулярная "стацьця" – тэрарыстычныя намеры. Тыповы прыклад:

КАВАЛЕЎСКІ Аляксандар Трахімавіч, нар. 1902 у в. Мацюшына Сьцяна Стайскага с/с Лепельскага р-ну, беларус, зь сялян, нясконч. пач. адук., калгасьнік к-су "Чырвоны Флот" у в. Мацюшына Сьцяна. Арыштаваны 38.02.03. Асуджаны 38.02.15 за выказваньне тэр. намераў паводле арт. 72 КК БССР да ВМП. Расстраляны ў Менскай турме 38.03.03. 89.10.31 рэабілітаваны пракурорам Віцебскай вобл. Архіў УКГБ Віцебскай вобласьці.

Намеры выказаныя ці ня выказаныя – няважна. На прэзумпцыю невінаватасьці не магло быць і намёку ў часы, калі на ссылку асуджалася і малое дзіця – як член сям’і рэпрэсаваных бацькоў. Не "ў прыдачу" асуджалася, а са сваёй асабістай крымінальнай справай.

Сёньня зноў становіцца страшнавата за гэтую самую прэзумпцыю, калі чуеш з тэлевізара пагрозьлівыя крыкі пра "адмарозкаў", "пятую калону" і "ўрагоў народа". Усёй істотай разумееш, што "адмарозак" і "ўраг" – гэта ты сам. Улада, якая пупавінаю расьце з НКВД, ня можа існаваць без атмасфэры "барацьбы" з кім-небудзь і, адпаведна, "баявой гатоўнасьці". Хоць ніякай вайны, быццам, і не відаць. Як не відаць і "пятай калоны" і "ўрагоў народа". Мы проста жывем і робім свае справы – для дзяцей, для краіны, для культуры.

Адваротным бокам мэдаля масавых рэпрэсіяў была магутная ідэалёгія сацыяльнага аптымізму, якая гэтыя рэпрэсіі мусіла апраўдаць. Адно без аднаго не бывае. Вось чаму грош цана ўсім гэтым крыкам у тэлевізары, бо ніякай ідэалёгіі тут так і не прыдумалі.

Картатэка Сталіна – гэта тая статыстыка тысяч, якую мы падалі лёсам аднаго чалавека – як трагедыю. Гэта эпас нашага народу, той "чалавечы матэрыял", які ў нас і які па-за намі – страчаны ў тыя рэпрэсіўныя часы.

60 тысяч чалавек – дзясятая частка ад афіцыйнай лічбы рэпрэсаваных у Беларусі. Нехта знойдзе тут сваякоў, нехта – тэму для апавяданьня, а нехта ўбачыць родную краіну, ці горад, ці вёску – зусім іншымі, невядомымі.

Астатніх, няўлічаных 9/10, будзем шукаць і дадаваць усе разам – вось сюды, у камэнтары да Картатэкі. Каб некалі, у выніку, улічыць усіх. Каб ніхто і нішто не былі забытыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG