Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры партыі БХД на Гарадзеншчыне ладзяць кампанію за беларускую мову на старонках раённых газэтаў. У лістах, скіраваных у рэдакцыі, яны патрабуюць, каб палова матэрыялаў друкавалася на беларускай мове. Рэдактары газэтаў іхняй заклапочанасьці не падзяляюць.

З 17 раённых газэтаў на Гарадзеншчыне цяпер толькі адна дзятлаўская «Перамога» выходзіць пераважна на беларускай мове, і нават сайт выданьня, у адрозьненьне ад іншых газэтаў, цалкам зроблены па-беларуску.

Палова астатніх раёнак, нягледзячы на тое, што ў рэгістрацыйным пасьведчаньні маюць дзьве мовы — беларускую і расейскую, друкуюцца па-расейску. І палова прытрымліваецца афіцыйнага дзьвюхмоўя.

Сябры БХД накіравалі ў абласную і некаторыя раённыя газэты лісты з подпісамі чытачоў, патрабуючы, каб палова матэрыялаў у іх друкавалася на беларускай мове. Актывіст са Слоніма Іван Бедка ўзгадвае, што яшчэ гадоў дзесяць таму іх раёнка была цалкам беларускамоўная.

Іван Бедка

Іван Бедка

Бедка: «Мы патрабуем, каб газэта выходзіла хоць напалову па-беларуску. У нас жа афіцыйна дзьве мовы, а яна выдаецца толькі па-расейску, хоць раней на старонках газэты друкаваліся матэрыялы на дзьвюх мовах, а яшчэ раней — выключна па-беларуску».

Рэдактар «Слонімскага весніка» Кірыл Ляшчэнка абгрунтоўвае перавагу расейскай мовы на старонках газэты наступным чынам:

«Што датычыць публікацый, то ў нас журналісты пішуць на той мове, на якой лічаць патрэбным. Праўда, пажаданьні чытачоў схіляюцца да расейскай мовы. Мы неаднойчы праводзілі дасьледаваньні шляхам запаўненьня анкетаў і вулічныя апытаньні — і гэта факт».




Чытач мастоўскай раёнкі «Зара над Нёманам» Уладзімер Каўшовік распавядае, што разам зь сябрамі прааналізавалі гадавую падшыўку газэты. Тое, што родная мова зьнікла зь яе старонак, — гэта яшчэ ня ўсё.

Каўшовік: «Раней газэта цалкам выходзіла па-беларуску, прычым заўсёды была літаратурная старонка, дзе маглі друкаваць свае творы мясцовыя паэты, літаратары. А цяпер няма нават і гэтых старонак, усё друкуецца толькі па-расейску».

Намесьніца галоўнага рэдактара мастоўскай раёнкі Наталя Шэўчык ня бачыць у гэтым праблемы.

Шэўчык: «Кожны журналіст выбірае для сябе, на якой мове пісаць: нехта піша па-расейску, нехта па-беларуску. У чым тут справа, я не разумею? У нас дзьве дзяржаўныя мовы, і таму ня бачу тут праблемы».

Слонімскі журналіст і пісьменьнік Сяргей Чыгрын, аналізуючы сытуацыю зь беларускай мовай у раёнках, зьвяртае ўвагу на тое, што апошнія гады зь нейкіх прычынаў нават сталыя журналісты, якія ўсё жыцьцё пісалі па-беларуску, раптам пачалі пісаць на расейскай мове. Праўда, на яго думку, гэта нічога не дадало самім выданьням.

Сяргей Чыгрын

Сяргей Чыгрын

«Чытачы чытаюць цікавыя матэрыялы, а калі раёнкі ўсе аднолькавыя цяпер, то няхай яны выдаюцца хоць па-ангельску ці па-кітайску — яны ўсе цяпер нецікавыя. Калі публікуюцца вострыя матэрыялы, журналісцкія расьсьледаваньні любыя, чытачы на раёне будуць чытаць іх па-беларуску. І няважна, колькі ім гадоў — 18 альбо далёка за 70».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG