Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такая страна»


Я нарадзіўся ў імпэрыі зла. У мяне было шчасьлівае дзяцінства, самыя лепшыя цацкі, любоў і пяшчота, падарункі і штодзённыя адкрыцьці, прагнасьць да ведаў і радасьць стыхійнае творчасьці, усё, ад чаго потым на цэлае жыцьцё застанецца ўтульны рай успамінаў. Да пары я зусім не здагадваўся, што гэты квітнеючы сад знаходзіцца проста пасярод тэрыторыі, на якую ўвесь сьвет глядзіць з жахам і сорамам. Ад ялінак дражненскага лесу, куды мы хадзілі катацца на санках, да калючага дроту, якім была загадзя абнесеная нашая будучыня, было далёка, як да Марсу.

Калі прачнулася гэтае балючае разуменьне? У школе, вядома ж. У 1982 годзе я пайшоў у першую клясу, а 8 сакавіка 1983, калі мы адзначалі дома Міжнародны жаночы дзень (а для другаклясьніка гэта азначала зрабіць напярэдадні для мамы якуюсьці прыгожую аплікацыю і напісаць наверсе няроўнымі літарамі сваё ПАЗДРАВЛЕНИЕ) — менавіта ў гэты сьветлы і слотны дзень амэрыканскі прэзыдэнт Рэйган у Флорыдзе сказаў, што я жыву ў імпэрыі зла.

Вядома, ён ня меў на ўвазе мае цацкі, маю маму, мае кніжкі, мае санкі і маю школу. Прынамсі, я на гэта спадзяюся. Але мой акцябрацкі значок меў да ягонай прамовы ўжо самае непасрэднае дачыненьне. Час ляцеў зь неверагоднай хуткасьцю, рай рабіўся ўсё меншы, а значок усё большы. Бяскрыўдны на выгляд, той значок азначаў толькі адно: цяпер і ты бярэш ва ўсім гэтым удзел. Першае прычасьце зла. І зло так хацела выглядаць у гэты момант велічна і ўрачыста.

Прыкладна ў тым самым годзе мой прадзед Кастусь, які жыў пад Заслаўем, зьедлівы і звычайна негаваркі селянін пад два мэтры ростам, казаў майму бацьку, узяўшы добрую чарку: «Вось пабачыш, Іван, яшчэ дзесяць гадоў — і канец будзе гэным камуністам, скончыцца дурман народу! Бо чуўствую, што скора канец ім! Шкада, мяне тады ўжо ня будзе...» Гэтыя словы: «дурман народу», узятыя прадзедам, відавочна, з бальшавіцкага лексыкону, запомніліся ўсёй сям’і. Як ні дзіўна, і прадзед Кастусь, і прэзыдэнт Рэйган аднолькава «чуўствавалі», што даўно надышоў час назваць рэчы сваімі імёнамі. Прэзыдэнту трэба было здабываць пункты ў ягонай палітычнай барацьбе, а прадзеду было ўжо ўсё адно, што пра яго скажуць — празь некалькі гадоў ён памёр, пакінуўшы імпэрыі зла сваё прастадушнае і злавеснае прароцтва.

Можна колькі заўгодна называць выслоўе Рэйгана прапагандысцкім клішэ, але праўды ў ім было значна болей, чым у акцябрацкім значку. Дзяржава, якая выхоўвала тваіх бацькоў і ўзялася выхоўваць цябе, была створаная злом, трымалася на зьле, жывілася ім і прадукавала зло. І ўся яе гісторыя — доказ гэтаму. Усе яе бясплатныя цуды, гераічныя сагі і бацькоўскія клопаты мелі толькі адну мэту — зрабіць нас саўдзельнікамі. Маўклівымі саўдзельнікамі зла. Мы, савецкія дзеці, былі шчасьлівыя ня дзякуючы, а насуперак ёй.

І можна колькі заўгодна называць цяпер ужо Амэрыку «імпэрыяй зла» і смакаваць на языку падзабытыя словы «сусьветны жандар» — Савецкі Саюз ад гэтага аніяк ня зробіцца мілейшы і пякнейшы, забітыя ім не падымуцца з магілаў, а ўтульны рай дзіцячых успамінаў ня страціць утульнасьці і сьвятла. Дзіўная рэч: пры згадваньні Амэрыкі мне, былому савецкаму школьніку і перакананаму эўрапейцу, прыгадваюцца адразу фатаграфіі бяскрайніх стэпаў, гордых і шумных гарадоў, прыгадваюцца знакамітыя унівэрсытэты, Лінкальн, Морысан, Набокаў, Марцін Лютэр Кінг, «Ich bin ein Berliner», Аксёнаў, Юхнавец і радыё «Свабода». Ну, і, вядома, Бобі Фішэр і Лі Гарві Освальд. Па шчырасьці, я ні на што не прамяняю сваю Эўропу, я не разумею і ня ведаю Амэрыкі і ніколі там не бываў. Але ведаю і разумею іншае: што менавіта туды ехалі і едуць, не зважаючы на перашкоды — па свабоду! — мільёны выгнаньнікаў, і яе знаходзяць. Ужо толькі з павагі да іх варта адчуць сябе крышачку амэрыканцам.

А камусьці, змарнеламу ад пачуцьця вечнае паразы, дагэтуль здаецца, што вялікі і загадкавы сьвет складаецца зь няспыннага перасоўваньня туды-сюды вялізных бэтонных блёкаў, на якіх вісяць строгія палітычныя таблічкі: «Сусьветны жандар», «Глябалізацыя», «Расклад сілаў». «Звышдзяржава», «За што баролісь?» і «Такую страну развалілі». Шкада такіх «знаўцаў», яны шмат губляюць. Пэўне ж, жыць у такім сьвеце сумна і нудна, як у турме. Нічым ня лепш, чым у турме народаў. Палітыкі і бюракраты ня маюць нацыянальнасьці, у адрозьненьне ад сьнегу, гораў і ветру. Савецкі раб працягвае марыць пра Амэрыку, нават паліваючы яе брудам — у гэтым працяг імпэрыі зла і яе надзея. Бо дзесьці ж яна мусіць быць, тая імпэрыя? А інакш як жыць? З кім ваяваць? Дзе вораг? Каго вінаваціць у тым, што ў «такой стране» ня здарылася Амэрыкі, хаця яе ж, здаецца, завалілі сьнікерсамі? Ужо ж не «Алёнку» з шакалядкі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG