Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Дзіўны горад Цынцынаці. Не такі дзіўны, як Менск, але і ў ім заўжды з зайздроснай рэгулярнасьцю адбываецца нешта такое-гэткае. Ня так даўно ў ваколіцах гэтага гораду ў мэры балятавалася жанчына-манэкен. Проста пасярэдзіне самага што ні ёсьць мірнага часу тут раптам абвяшчаюць камэнданцкую гадзіну, а на цэнтральнай плошчы робяць бяз дай прычыны вялікі фантан з кока-колы. НЛА наведваюцца сюды так часта, як трамваі ў дэпо, а ў пяцідзясятых тут нарадзіўся сэрыйны забойца Мэнсан. Чараду дзіўнотаў дапаўняе і той невытлумачальны факт, што горадам-пабрацімам Цынцынаці ў свой час зрабіўся Харкаў. Ужо адзін гэты факт здольны насьцярожыць пільнага чалавека. Але можна супакоіцца: яшчэ больш за сто гадоў таму Цынцынаці адзначыўся здарэньнем, якое ўвайшло ў паралельную гісторыю сьвету і зусім не зьбіраецца яе пакідаць, дык чаго ўжо тут зьдзіўляцца.

7 сакавіка 1908 году мэр Цынцынаці Марк Брэйт публічна абвясьціў, што жанчыны фізычна няздольныя кіраваць аўтамабілем. Гэтае меркаваньне нельга патлумачыць палемічным запалам — мэр шчыра верыў у тое, што казаў. Ці то мэрам надоечы няўдала фізычна пакіравала ягоная жонка, ці то на яго за дзень да гэтага наехала нейкая фарбаваная бляндынка — невядома. Час быў такі, што аўтамабіляў на вуліцах рабілася ўсё больш, як і фэміністак, натхнёных няўрымсьлівай місіс Пэнкхэрст, а тэлеграф даўно аблытаў сваім павуціньнем усю краіну. На другі дзень у Цынцынаці і іншых гарадах адбыліся масавыя дэманстрацыі абураных жанчын. (Ну, можа, не такія яны былі й шматлюдныя — проста, калі пішаш «дэманстрацыі», заўжды трэба даваць: масавыя, інакш якія ж гэта тады ўвогуле дэманстрацыі.)

Прадстаўнікі мужчынскага шавінізму і маскуліннага лінгвафашызму даўно спрабуюць апраўдаць беднага мэра: маўляў, аўтамабілі тых часоў былі такімі цяжкімі ў кіраваньні агрэгатамі, што ім і ня кожны мужчына даў бы рады. Тыпова шавінісцкі погляд... Час давёў несправядлівасьць і бязглуздасьць словаў містэра Брэйта. Па зьвестках жаночых дасьледчых арганізацый, пяцьдзясят адсоткаў кіроўцаў у разьвітых краінах — акурат кабеты. Праўда, інфармацыя розных мужчынска-шавінісцкіх цэнтраў сьведчыць пра адваротнае: пра тое, што пяцьдзясят адсоткаў кіроўцаў у разьвітых краінах — акурат мужчыны, але хто ж ім, шавіністам, паверыць?

Ня ведаю: мяне за маё жыцьцё вазілі ў машыне самыя розныя жанчыны. У самых розных машынах, сьпераду і ззаду, і ў самых розных позах. І часам я думаю, што дагэтуль жывы і пішу гэтыя радкі толькі і выключна таму, што жанчыны здольныя кіраваць аўтамабілем ня горш за мужчын. Ці мо таму, што лепш?

Здавалася б, мы з часам і жаночымі дасьледчымі арганізацыямі дастаткова моцна прысаромілі колішняга мэра Цынцынаці. Але падмога яму прыходзіць нечакана і зусім не з таго боку, адкуль можна чакаць габарытных агнёў ісьціны. Мінула больш за сто гадоў, як містэр Брэйт прамовіў сваю сакрамэнтальную фразу. Але і на пачатку дваццаць першага стагодзьдзя ёсьць вельмі разьвітыя краіны, дзе жанчынам забаронена садзіцца за стырно. У мэтах іхнай жа бясьпекі — і бясьпекі дзяржавы. Як напісаў адзін савудаўскі прафэсар-экспэрт, рыхтуючы сваё заключэньне для каралеўскай рады:

«Калі жанчыны атрымаюць правы на кіраваньне аўтамабілем, Савудаўская Арабія наблізіцца да маральнага распаду. Гэты неабдуманы крок адчыніць дзьверы шайтану, будзе спрыяць разьвіцьцю гомасэксуалізму, парнаграфіі, прастытуцыі і разводаў, а ўсе савудаўскія цнатліўкі вымруць на працягу дзесяці гадоў». Шкада, вядома, няшчасных савудаўскіх цнатлівак — але прафэсара чамусьці яшчэ больш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG