Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На зары мінулага стагодзьдзя, калі грошы ў спорце вырашалі яшчэ далёка ня ўсё... Не, яны і цяпер вырашаюць яшчэ ня ўсё — але і сам панятак «усяго» з тае пары трохі зьмяніўся. Карацей, больш за сто гадоў таму, калі сам футбол выглядаў крышку інакш, арбітры ня мелі ў кішэнях ніякіх картак і іншага навучальна-дыдактычнага матэрыялу, брамнікі насілі кепі і не існавала яшчэ ня толькі сымулятару «FIFA-13», а і самой ФІФА, у Гішпаніі быў заснаваны футбольны клюб «Мадрыд».

Адбылося гэта 6 сакавіка 1902 году, а празь некалькі месяцаў паўнапраўным каралём Гішпаніі стаў Альфонса ХІІІ. Менавіта гэтаму манарху ў 1920 годзе прыйдзе ў галаву геніяльная ідэя зрабіць клюб «Мадрыд» «каралеўскім» — так мадрыдзкая каманда атрымала сабе назву, пад якой увайшла ў гісторыю футболу і зь якой здабыла сабе такую славу, якой ня меў нават сам кароль. За «Рэал» гулялі Пушкаш, ды Стэфана, Капа, Бутрагеньё, Фігу, Крыштыяну Раналду і процьма іншых вялікіх гульцоў, імёны якіх чуў нават той, хто лічыць, што «афсайд» — гэта прозьвішча герояў Голсўарсі.

У сьвеце «Рэал» любяць, як БАТЭ ў Барысаве, і ненавідзяць, як «Баварыю» у астатніх 15 фэдэральных землях. Мала якія клюбы выклікаюць такую дзіўную неабыякавасьць, як сьціплая мадрыдзкая калекцыя дыямэнтаў, алмазаў, залатых мячоў і бутсаў, капрызьлівых мега- і гігазорак, а таксама простых талентаў, выстаўленая на ўсеагульны агляд на срэбраным падносе ў выглядзе аднаго з самых вялікіх у сьвеце клюбных бюджэтаў. Як заўсёды, там, дзе футбол, там палітыка: у 1902 годзе гэтыя рэчы яшчэ цяжка было ўявіць побач, а цяпер зьдзіўляешся, калі чуеш пра матчы без падтэксту (бо нават ад таварыскай сустрэчы Ісьляндыі і Малдовы з падазрэньнем чакаеш чагосьці гэткага, скандальнага...).

Так, «Рэал» — гэта яшчэ і сымбаль ненавіснай кастыльскай гегемоніі, і супрацьстаяньне «Рэалу» і «Барсэлёны» ёсьць, у пэўным сэнсе, барацьбой за свабоду і незалежнасьць Каталёніі супраць усясільнай «рукі Масквы», то бок «нагі Мадрыду». У якой, спадзяюся, усё прагрэсіўнае чалавецтва стаіць на баку адзінаццаці мужных каталёнцаў (калі не лічыць тых, хто ў запасе). Але праблема ў тым, што «Рэал» магутны, нават калі ён слабы. Зрэшты, нават далучаючы сябе да прагрэсіўнага чалавецтва: асабіста мне больш даспадобы матчы з удзелам зборных Ліхтэнштайну і Сан-Марына. Бо толькі там сапраўдныя мужыкі б’юцца ня столькі за грошы, колькі дзеля задавальненьня як такога: зусім як сто гадоў таму. Як казалі ў дваровым футболе — не на карову гуляем. Дык пакінем карову каралям, а мы, калі ўжо вядзецца пра гішпанскі футбол, пазаўзеем за якую-небудзь «Кордабу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG