Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Каліфарнійскі горад Санта-Барбара знакаміты перадусім тым, што ў ім некалі жыў і працаваў Мэйсан, сын СіСі Кэпвэла. Ці Кэйсан, бацька Мэйсі Добсана, я ўжо дакладна ня памятаю. Што й казаць, я нават ня ведаю, хто ўсе гэтыя людзі і за што зь імі так абышліся, але імя кожнага засталося ў памяці назаўсёды, як і іхны подзьвіг. Па-першае, дзьве тысячы з мэйсанам сэрыяў — гэта сапраўды ня жарты, а па-другое — слова «Санта-Барбара» ледзь не ўвайшло ў беларускую фразэалёгію, а калі б увайшло, нікому не прыйшло б у галаву пацікавіцца, якога сісікэпвэла яно там робіць. Бо варта толькі сказаць: «Санта-Барбара» — і далей можна нічога не тлумачыць.

На фоне гэтага сэрыялу ўсе астатнія славутасьці Санта-Барбары неяк блякнуць. А шкада: бо менавіта ў гэтым горадзе ў 1931 годзе загінуў у аўтакатастрофе нямецкі рэжысэр нямога кіно Фрыдрых Мурнаў, асілак за два мэтры ростам, гей і вэтэран першай сусьветнай. Той самы, які зьняў «Галаву Януса», «Апошняга чалавека», «Фаўста» і яе, яе, крывавую «сымфонію жаху»: «Носфэрату». Першы сапраўдны horror.

Прэм’ера «Носфэрату» адбылася 5 сакавіка (паводле іншых зьвестак на дзень раней) 1922 году ў Бэрліне. Цудоўны час, калі слова «маскульт» яшчэ не існавала і сапраўдныя мастакі з імпэтам асвойвалі «народныя» жанры. Цудоўнае месца: Бэрлін тых гадоў — культурная сталіца Эўропы, дзе шалёная інфляцыя і галеча не замінаюць небывалай канцэнтрацыі геніяў і проста талентаў. Шчыльнасьць як мінімум па адным на кожны квадратны столік! Немагчыма пражыць дзень, каб не пабачыць на вуліцы якую-небудзь знакамітасьць. На фільмы Мурнаў і Лянга ходзяць малады Набокаў, які пазьней ня раз скарыстае ў сваіх кнігах прыёмы кінэматографу, і Мэйшэ Кульбак, які працуе ў той час суфлёрам у тэатры Піскатара.

«Носфэрату» — гісторыя пра вампіраў, варыяцыя на тэму графа Дракулы. У гэтай стужцы Мурнаў выціскае з тагачаснага кіно ўсё, што магчыма: гуляе са сьвятлом, майструе, маючы пад рукой толькі чорны і белы, такую дынамічную і эмацыйную карцінку, якая ня сьнілася будучым мэтрам каляровага кіно. Уявім сабе «Санта-Барбару», у якой забралі гук і колер. Мэйсан, вядома, застанецца — але каму ён такі будзе патрэбны?

Здавалася б, кроў — гэты неад’емны атрыбут любога «вампірскага» фільму — шмат губляе ва ўспрыманьні гледача, калі яна не чырвоная... Аніколі: Мурнаў пераканаўча даказвае, што колер можна ўбачыць нават у чорна-белым фільме — калі стварыць адпаведную атмасфэру. Здавалася б, якая «жахалка» бязь ляманту зьляканых ахвяраў? Нямое кіно ў выкананьні экспрэсіяніста Мурнаў дае рады і гэтай праблеме: кіно ня мае голасу, а крыкі чуваць; гэта сучаснае забаўляльнае кіно неяк неўпрыкмет забылася, што ад жаху можна ня толькі крычаць, але і зьнямець. Фільм Мурнаў акурат нема вые, як купалаўскі воўк на піліпаўку. Але кінэматаграфічны замак «Носфэрату» стаіць ня толькі на цішыні, але і на музыцы — яе можна слухаць як асобны твор! Яна прыдуманая настолькі дасканала, што маніпулюе пачуцьцямі гледача зь першай да апошняй хвіліны, прымушаючы яго ў выніку палохацца свайго ўласнага ценю.

Але і гэтага было б недастаткова, калі б не абаяльны, як Квазімода, і прыгожы, як Фантамас пасьля асколачнага раненьня ў галаву, актор Макс Шрэк, які зьняўся ў ролі галоўнага забойцы-крывасмока. Праўда, з такім прозьвішчам яму толькі і была дарога што ў вампіры. Ці ў інквізытары — Шрэку даводзілася граць і іх. Жыў бы ён на паўстагодзьдзя пазьней — не пазьбегнуць яму было б сацыяльна значных роляў у савецкім кінэматографе: Гарбатага або Кальтэнбрунэра.

Нямое кіно дваццатых, робячыся ўсё больш дасканалым, само набліжала ўласную сьмерць. А потым з кіно здарылася «Санта-Барбара». Хаця ня толькі зь ім. Часам здаецца, што з усімі намі — і мы жывем у вечнай перадапошняй сэрыі. Лепш ужо даверыцца вампіру — ён, прынамсі, экспрэсіяніст у душы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG