Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ватыкане пачаліся перадвыбарчыя кансультацыі


Кардыналы слухаюць апошні выступ Бэнэдыкта XVI

Кардыналы слухаюць апошні выступ Бэнэдыкта XVI

Кардыналы Рымскай каталіцкай царквы з усяго сьвету сабраліся ў Ватыкане на папярэднія кансультацыі перад тым, як абраць новага папу рымскага.

Да пачатку канкляву — сэрыі таемных галасаваньняў для выбару новага Папы — Калегія кардыналаў будзе праводзіць штодзённыя кансультацыі.

Сам канкляў павінен пачацца ў Сікстынскай капэле на наступным тыдні.

Старшынстваваць на першай папярэдняй сустрэчы ў панядзелак будзе дэкан Калегіі кардыналаў Анджэла Садана. Кардыналы за зачыненымі дзьвярыма павінны абмеркаваць магчымых фаварытаў на Сьвятой пасад.

Паводле ВВС, кіраўніцтва Касьцёлу прыняла шэраг мер для таго, каб пазьбегнуць уцечак інфармацыі. Кардыналам забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі, а службы бясьпекі правераць, ці няма ў пакоях кардыналаў прыладаў для праслухоўваньня.

115 кардыналаў, маладзейшых за 80 гадоў, якія будуць удзельнічаць у канкляве, хочуць абраць новага Папу Рымскага яшчэ да пачатку тыдня Жарсьцяў Гасподніх.

85-гадовы Бэнэдыкт XVI, які абвясьціў аб сваім сыходзе 11 лютага, афіцыйна пакінуў папскі пасад 28 лютага. Бэнэдыкт XVI зьяўляецца першым пантыфікам за апошнія 600 гадоў, які адрокся ад пасаду. У 20:00 па цэнтральнаэўрапейскім часе 28 лютага ён афіцыйна перастаў быць Папам Рымскім. На верталёце яго адвезьлі ў папскую летнюю рэзыдэнцыю Кастэль Гандольфа пад Рымам. Бэнэдыкт XVI, у сьвеце Ёзэф Ратцынгер, стаў «ганаровым папам», захаваўшы пры гэтым званьне «яго Сьвятасьць». У Кастэль Гандольфа ён прабудзе прыблізна два месяцы, пакуль ідзе рамонт яго будучага жытла — манастыра ў Ватыкане.

На чале Рымска-каталіцкай царквы да абраньня новага пантыфіка будзе знаходзіцца дзяржаўны сакратар Сьвятога пасаду кардынал Тарчызіо Бэртонэ.

канкляў (ад лац. Cum clave — з ключом, пад ключом) — сход кардыналаў, якi склiкаецца пасьля сьмерці або сыходу ў адстаўку Папы Рымскага для абраньня новага Папы, а таксама самае памяшканьне, дзе адбываецца абраньне. Выбары праводзяцца шляхам закрытага галасаваньня двойчы ў дзень, для абраньня неабходна сабраць прынамсі дзьве траціны галасоў плюс адзін голас. Памяшканьне адкрываюць толькі пасьля абраньня Папы. Аб абраньні новага пантыфіка апавяшчаюць белым дымам з трубы над Сікстынскай капэлай (інакш дым чорны). Дым утвараецца ад спальваньня бюлетэняў галасаваньня з даданьнем спэцыяльнай фарбы, якая надае адценьне дыму.

Самы доўгі канкляў ў гісторыі Касьцёла працягваўся тры гады. Пасьля сьмерці Папы Клімэнта IV 29 лістапада 1268 года 18 кардыналаў, якія сабраліся ў Вітэрба, каб выбраць яго пераемніка, канчаткова прыйшлі да кампрамісу, абраўшы архідыякана з Ліежу Тедальда Вісконці, які ўзяў сабе імя Рыгора X. Гэта адбылося толькі 1 верасьня 1271 года, прычым не без вонкавага ўзьдзеяньня. З чэрвеня 1270 гарадзкія ўлады Вітэрба, каб паскорыць прыняцьце рашэньня, зачынілі кардыналаў ў біскупскім палацы і толькі аднаму цяжка хвораму кардыналу дазволілі пакінуць яго.

Самы кароткі канкляў, выбраўшы 31 кастрычніка 1503 года Юлія II, працягваўся толькі некалькі гадзінаў.
XS
SM
MD
LG