Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 сакавіка ў Гомелі прадпрымальнікі гандлёвага цэнтру «Сакрэт» правялі чарговы сход супраць неабгрунтаванага падвышэньня арэнднай платы і нежаданьня ўласьніка заключыць дамовы на год

Стыхійны сход выклікаў інфармацыйны ліст, які напярэдадні даслаў прадпрымальнікам цяперашні ўласьнік «Сакрэту» — менскае таварыства «НП-Сэрвіс».

Сябра рады прадпрымальнікаў Ірына Жыхарава: Калі ня раніцай, то ўвечары мы атрымліваем лісты-страшылкі, як празвалі іх прадпрымальнікі. Цяпер нам загадваюць падпісаць да 15.00 4 сакавіка дадатковае пагадненьне пра падвышэньне арэнднай платы. І дзейнічаць гэтае дадатковае пагадненьне будзе толькі да 1 верасьня. Гэта, па-сутнасьці, сьмяротны прысуд прадпрымальнікам, бо зь верасьня ўласьнік можа зноў падымаць арэндную плату. Стаміліся ад нестабільнасьці ня толькі мы, але й гараджане, якія прыходзяць у гандлёвы цэнтар.

Прадстаўнікі менскай кампаніі «НП-Сэрвіс» не былі на сходзе. Туды прыйшла начальніца аддзелу прадпрымальніцтва камітэту эканомікі Гомельскага аблвыканкаму Марына Крывунь:

«Я толькі што перамовілася з Іванам Беразоўскім з „НП-Сэрвіс“. Ні на якія саступкі ён ня ідзе — на 20 адсоткаў павышаецца арэнда да 1 верасьня. У вас ёсьць час сёньня і заўтра да абеду падпісаць дамову арэнды альбо не падпісаць».

Прадпрымальнікаў абурыла такая заява. Яны сталі выстаўляць прэтэнзіі ўладам, што тыя не рэгулююць сытуацыю з пункту гледжаньня антыманапольнага заканадаўства. Бізнэсоўцы ў адзін голас заявілі пра неабходнасьць чарговай сустрэчы з уласьнікам у прысутнасьці старшыні аблвыканкама Ўладзімера Дворніка. Два тыдні таму на такой сустрэчы ў аблвыканкаме згаданы прадстаўнік «НП-Сэрвіс» Іван Беразоўскі пагадзіўся на 20-адсоткавае падвышэньне арэнды й заключэньне гадавой дамовы з прадпрымальнікамі.

Марына Крывунь паўторна зьвязалася праз мабільны тэлефон з Іванам Беразоўскім і заявіла, што будзе дакладаць кіраўніцтву аблвыканкаму пра нежаданьне кампаніі «НП-Сэрвіс» урэгуляваць канфлікт з арэндатарамі. На гэтую заяву прадпрымальнікі адрэагавалі воплескамі.

Прадпрымальніца Ірына Сяркова: Канечне, уласьнік не сказаў, што працягне дамову на год. Але мы дамагліся, каб старшыні аблвыканкаму сказалі праўду, бо ўласьнік заяўляе, што, маўляў, толькі траціна прадпрымальнікаў не падпісала дамовы. А гэта ня так.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG