Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І Таджыкістан уступіў у Сусьветную гандлёвую арганізацыю


2 сакавіка Таджыкістан афіцыйна стаў сябрам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

Упершыню Душанбэ падаў заяўку на ўступленьне ў СГА ў траўні 2001 году. Наступныя 12 гадоў вяліся перамовы з краінамі-членамі СГА на прадмет зьнешняга гандлю, інвэстыцый, зьніжэньня мытных пошлін. 10 сьнежня 2012 прэзыдэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон і генэральны дырэктар СГА Паскаль Ламі падпісалі пратакол аб уступленьні краіны ў гэтую арганізацыю. 9 студзеня 2013 дадзены пратакол быў ратыфікаваны таджыцкім парлямэнтам, і 4 лютага яго перадалі ў сакратарыят СГА ў Жэнэве.

Такім чынам Таджыкістан стаў 159-м сябрам гэтай арганізацыі. З былых савецкіх рэспублік у СГА ўжо ўвайшлі Кыргызстан (1998), Латвія (1999), Эстонія (1999). Грузія (2000), Літва (2001), Малдова (2001), Армэнія (2003), Украіна (2008) і Расея (2012).

У 2013 годзе толькі Казахстан можа далучыцца да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, у той час як Беларусь знаходзіцца на далёкіх этапах перамоваў аб далучэньні да СГА. Пра гэта 17 студзеня 2013 году на эканамічнай канфэрэнцыі ў Маскве заявіў старшыня Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) Паскаль Ламі.

У мінулым верасьні намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандр Гур’янаў заявіў, што Беларусь актывізуе ўласныя перамовы аб ўступленьні ў СГА у сувязі з уступленьнем Расеі ў гэтую арганізацыю. Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь «адной нагой» ужо ў СГА, бо чальцом арганізацыі ўжо зьяўляецца яе асноўны гандлёвы партнэр, Расея.

Сусьветная гандлёвая арганізацыя (СГА), створаная ў 1995 годзе, замяніла сабой Генэральнае пагадненьне па тарыфах і гандлі ў якасьці міжнароднага органа, які займаецца глябальнымі правіламі гандлю паміж дзяржавамі. Кіруючы орган СГА — Канфэрэнцыя міністраў — склікаецца раз у два гады, бягучай працай займаецца Генэральны савет арганізацыі.
XS
SM
MD
LG