Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: Каля ста тысяч чалавек падтрымалі Бяляцкага


Amnesty International падвяла вынікі Маратону па напісаньні лістоў Алесю Бяляцкаму, які прайшоў ва ўсім сьвеце. Агулам па ўсім сьвеце было прынята 104,731 захадаў у падтрымку беларускага праваабаронцы, якога аўтарытэтная міжнародная арганізацыя прызнала вязьнем сумленьня.

Удзельнікі глябальнай кампаніі выказалі сваю падтрымку зьняволенаму кіраўніку праваабарончага цэнтру «Вясна» і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) рознымі спосабамі, прапанаванымі актывістамі Amnesty International — напісаньнем лістоў салідарнасьці, падпісаньнем пэтыцый за вызваленьне Алеся Бяляцкага на адрас беларускіх уладаў, а таксама творчымі акцыямі, у тым ліку канцэртамі і сьветлавымі праекцыямі, паведамляе праваабарончы цэнтр Вясна.

У сьпісе краінаў, дзе падобныя меры былі прынятыя, Amnesty International называе наступныя: Аўстрыя, Бэльгія, Бэрмудзкія выспы, Баўгарыя, Канада, Кіпр, Чэская рэспубліка, Фінляндыя, Гана, Ісляндыя, Ірляндыя, Італія, Японія, Латвія, Люксэмбург, Малі, Мальта, Малдова, Манголія, Парагвай, Польшча, Партугалія, Пуэрта-Рыка, Румынія, Расея, Славакія, Славенія, Паўднёвая Карэя, Швэцыя, Швайцарыя, Тайвань, Таго, Туніс, Украіна, Вэнэсуэла, Вялікабрытанія.

Арганізацыя прыводзіць толькі некаторыя прыклады акцый, зробленых у абарону правоў Алеся Бяляцкага.



У Японіі актывісты зрабілі больш за 1000 ліхтарыкаў у межах Маратону Amnesty International.



У Паўднёвай Карэі для вырабу такiх ліхтарыкаў таксама сабралася шмат людзей.



А ў Люксэмбургу ліхтарыкі былі воданепранікальныя і выправіліся ў плаваньне ўніз па рацэ ў цэнтры горада, распавядаючы пра такіх палітычных вязьняў, як Алесь Бяляцкі.



У Малі група актывістаў такім чынам паспрабавала распавесьці пра парушэньні правоў чалавека.



Школьнікі з Тога напісалі ліст Алесю Бяляцкаму.



А ў Манрэалі (Канада), перш чым пісаць лісты, жадаючыя мелі магчымасьць пабольш пачытаць пра Алеся Бяляцкага.

У Парагваі людзі прынялі ўдзел у велапрабегу ў рамках Маратону, а затым падпісалі пэтыцыі.



У Славеніі плякаты на гарадзкіх вуліцах таксама заахвочвалі мінакоў спыніцца і прыняць меры ў падтрымку Алеся Бяляцкага.



У марознай Фінляндыі актывісты выйшлі на акцыю з запаленымі сьвечкамі і партрэтамі палітвязьняў.



Польшча далучылася да Маратону рознымі творчымі акцыямі. Мастак-графіціст намаляваў лісты, што падаюць у паштовую скрыню.

Маратон Amnesty International аб’яднаў мноства эўрапейцаў для напісаньня лістоў і падпісаньня пэтыцый за Алеся Бяляцкага. Такія акцыі прайшлі ад Італіі да Вялікабрытаніі.

У Міжнародным сакратарыяце Amnesty International у Лёндане ў Дзень правоў чалавека ўдзел у Маратоне салідарнастці прыняў былы палітвязень Андрэй Саньнікаў.

Штогадовы праваабарончы Маратон па напісаньні лістоў Amnesty International пачаўся 7 сьнежня 2012 году, напярэдадні Дня правоў чалавека, і прайшоў па ўсім сьвеце пад лёзунгам «Пішам за правы! Даможамся пераменаў!». Мэтай маратона было прыцягненьне ўвагі міжнароднай грамадзкасьці да лёсу праваабаронцаў, якія перасьледуюцца ўладамі ў розных краінах сьвету.

***

50-гадовы Алесь Бяляцкі адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 2 Бабруйску па прысудзе суду. 24 лістапада 2011 году суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойваньні даходаў у асабліва буйным памеры і прысудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала наяўнасьць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд ня ўлічыў, што грошы на іх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG