Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: «Кніга мая яшчэ не пасьпела выйсьці, а яе ўжо нямашака»


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца была заснаваная напрыканцы сьнежня 2011 году і ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу прозы, якая выйшла ў папярэднім годзе на беларускай мове на папяровым або электронным носьбітах. Пра сваё стаўленьне да міжнароднай прэміі і да яе атрыманьня Уладзімер Някляеў выказаўся ў інтэрвію карэспандэнцы Свабоды.

«Я ня мог сказаць стоадсоткава, што перамагу, бо творы, якія ўвайшлі ў шорт-ліст — вельмі добрыя і якасныя, а некаторыя зь іх — проста бліскучая літаратура. Таму прэміі Гедройца яны заслугоўваюць усе. Зрэшты, як і шмат якія з тых кніг, якія засталіся па-за шорт-лістом. Але, натуральна, я спадзяваўся на перамогу».

Карэспандэнтка: Вы прызнаны і вядомы паэт і пісьменьнік. Тым ня менш, вы прынялі ўдзел у гэтым конкурсе. Што для вас прэмія Ежы Гедройца?

«Любы посьпех для творчага чалавека значыць значна больш, чым для чалавека ня творчага. Тут акрамя мэдалёў, грошай дадаецца энэргія, імпульс. Ня важна колькі табе гадоў, меў ты раней нейкія там узнагароды ці ня меў — табе хочацца, каб тое, што ты зрабіў было заўважана і ацэнена. Гэта натуральна і насамрэч — гэта дае энэргію. Без энэргіі пісаць немагчыма. У мяне вялікія заўсёды перапынкі пасьля таго, як я нешта напішу ці ў прозе, ці ў паэзіі — калі гэта з твораў немаленькіх. І маўчаньне — гэта вельмі пакутліва для мяне, пачынаецца раздражненьне: вось ты ўжо нічога ня можаш, усё засталося ў мінулым. А калі заўважаецца тое, што ты ўсё ж-такі здолеў зрабіць -- — гэты пэрыяд хутчэй праходзіць і ты сядаеш да стала хутчэй, чым гэта звычайна робіцца.»

Карэспандэнтка: Ці сапраўды гэтая прэмія спрыяе разьвіцьцю беларускай мовы, літаратуры і культуры?

«Сьвет не без добрых людзей — гэта першае, а другое — сьвет не без разумных людзей. І калі сьвет бачыць гэтае дзікунства, што ў кране беларускай беларуская мова ня лічыцца мовай, калі кіраўнікі пра яе кажуць — прынамсі
Нам няма чаго гэтаму сьвету паказаць, што — трактары, машыны МАЗы?

адзін кіраўнік — што яна бедная і на ёй нельга выказаць нічога вялікага — тады сьвет задумваецца над тым, што там робіцца і пачынае цікавіцца гэтым больш. Вось праз гэтую зацікаўленасьць узьнікаюць гэтыя міжнародныя прэміі. Але ж справа ня толькі ў гэтым. Справа яшчэ ў стане грамадзтва, якое думае і хоча тут нешта зьмяніць. Яно паціху пачынае разумець, што бяз мовы, без нацыянальнай культуры мы нічога ў гэтым сьвеце ня значым. Нам няма чаго гэтаму сьвету паказаць, што — трактары, машыны МАЗы? Гэта ўсё нікому непатрэбна апроч „саюзнай дзяржавы“. І там гэта непатрэбна. — гэта ўсё купляецца толькі праз палітыку. Значыць мы можам прапанаваць сьвету толькі тое, што мы маем у культуры. А традыцыйна ў культуры мы маем найперш літаратуру — зь яе ў нас усё павырастала. Сама дзяржаўнасьць, сама ідэя дзяржаўнасьці ў нас вырасла зь літаратуры. Таму, я лічу, што паварот адбываецца — пакутлівы, марудны, але адбываецца ў сьвядомасьці ня толькі літаратараў, ня толькі тых, хто прыйшоў сёньня ў гэтую залю, але і тых, хто чытае і ўсё актыўней пачынае чытаць па-беларуску. Кніга мая яшчэ не пасьпела выйсьці, яшчэ невядома было ці будзе яна мець прэмію, а яе ўжо нямашака, ужо рыхтуецца новы наклад. Такога раней не было».

Карэспандэнтка: Ці хапае ў Беларусі творчых літаратурных конкурсаў? Наколькі важная значная і патрэбная ёсьць прэмія Ежы Гедройца?

На сёньня — гэта самая прэстыжная прэмія з усіх, якія мы маем. Хоць, дарэчы, і прэмія часопісная — тое, што «Дзеялоў» робіць — таксама вельмі важная. Таму што тут твая праца ацэньваецца тваімі калегамі — тымі людзьмі, якія разумеюць што яны ацэньваюць. Гэта ня прэмія «ВЦСПС», якую я, некалі меў. Дарэчы мне прэмію некалі далі за кнігу, якую ніхто не чытаў.— вось як было за савецкім часам. І сказаць, што я надта быў рады той прэміі — не магу. А гэтай прэміі я насамрэч рады па той прычыне, што яна важная ня толькі для мяне, а для ўсіх нас. Найперш з таго гледжаньня пра якое я ўжо казаў — з гледжаньня ўвагі да праблем нашай культуры, нашай мовы і нашай літаратуры".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG