Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Францкевіча пасадзілі ў карцэр на 20 дзён


Аляксандар Францкевіч

Аляксандар Францкевіч

Адвакат наведаў палітвязьня Аляксандра Францкевіча, якога зьмясьцілі ў карцэр.

20 дзён карцэру — такое пакараньне атрымаў 19 лютага вязень івацэвіцкай калёніі Аляксандр Францкевіч. Днямі Францкевіча ў калёніі наведаў адвакат. Тацяна Францкевіч распавяла пра сына.

«Кажа, нармальна трымаецца, стан здароўя нармальны. Бадзёры, непрыгнечаны. Галоўнае, што не захварэў. Раней думала, што там халодна, але кажуць, што там таксама топяць. Там іх зараз сядзіць чатыры чалавекі.»

«За нейкае парушэньне», — кажа Тацяна Францкевіч пры прычыну пакараньня яе сына. Больш дакладных зьвестак яна не мае.

Аляксандр Францкевіч асуджаны на 3 гады зьняволеньня за ўдзел ў нападах на афіцыйныя будынкі . Актывіст анархісцкага руху Францкевіч здымаў акцыі сваіх аднадумцаў на відэа. Чарговае пакараньне карцэрам — ужо чацьвёртае па ліку за час адбыцьця пакараньня. Маці палітвязьня адзначае, што караюць сына ў калёніі ўсё больш жорстка.

«Гэта першы раз такое пакараньне — 20 дзён карцэру. Апошні раз было 10 дзён, да таго было 7 дзён. Даюць усё больш і больш. Магчыма, даюць гэтак зразумець, што калі не напісаў прашэньня, то могуць зрабіць яшчэ горш.»

Ці законна тое, што вязьня можна кінуць ў карцэр больш як на 10 дзён? Былы палітвязень, актывіст арганізацыі абароны правоў вязьняў «Плятформа» Мікіта Ліхавід кажа, што за адно адміністрацыйнае пакараньне можна адправіць ў карцэр не больш як на 10 дзён.

Мікіта Ліхавід

Мікіта Ліхавід

«Але калі пратаколаў аб парушэньнях некалькі, могуць прызначыць ў суме адразу 20 і нават больш дзён карцэра», — кажа са свайго досьведу Мікіта Ліхавід, які адбываў пакараньне ў Наваполацкай калёніі і шмат разоў трапляў у карцэр. Былы палітвязень згадвае, як вязьні спрабавалі скардзіцца ў Канстытуцыйны суд, дамагаючыся пэўнага ліміту на пакараньне карцэрам. І што з гэтага атрымалася?

«Я бачыў такіх вязьняў, якія сядзяць у карцэры месяцамі. Гэта людзі з белай скурай, яны ўсе сьвецяцца. Худыя. Як прывіды. Бо не бачаць сонца, не дыхаюць сьвежым паветрам, дрэнна харчуюцца. Ведаю, што былі звароты вязьняў у Канстытуцыйны суд, каб ён выказаўся і каб закон ўсталяваў нейкі ліміт тэрміну, больш за які нельга ўжываць карцэр. Але беларускі Канстытуцыйны суд адказаў, што ў нас грамадзянін ня мае права зьвяртацца ў гэты суд».

Вязень івацэвіцкай калёніі Аляксандр Францкевіч не мае ныркі. Праваабаронцы мяркуюць, што зьмяшчэньне чалавека ў карцэр на доўгі тэрмін з адной ныркай варта прыраўняць на катаваньняў.
XS
SM
MD
LG