Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцы дайшлі да сэквэстру


Прэзыдэнт ЗША выступае ў Вашынгтоне пасьля сустрэчы зь лідэрамі Кангрэсу.

Прэзыдэнт ЗША выступае ў Вашынгтоне пасьля сустрэчы зь лідэрамі Кангрэсу.

2 сакавіка у ЗША пачнецца сэквэстар — аўтаматычнае скарачэньне фэдэральнага бюджэту. Фэдэральныя выдаткі будуць скарочаныя на 85 мільярдаў даляраў на працягу наступных 6 месяцаў.

Скарачэньне зьяўляецца наўпроставым вынікам закону, які быў прыняты Кангрэсам ЗША 1 студзеня сёлета з мэтай пазьбегчы ў пачатку году гэтак званага «фіскальнага абвалу», то бок адмены падатковых льготаў, прынятых падчас прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага, ды рэзкага скарачэньня бюджэтных выдаткаў. Кангрэсмэны далі сабе яшчэ два месяцы часу, каб дамовіцца наконт абмежаваньня дзяржаўнага доўгу памерам 11,7 трыльёна даляраў. Але не дамовіліся, і таму, згодна з законам, 2 сакавіка бюджэтныя выдаткі вайсковага сэктару будуць абмежаваныя на 8%, а цывільнага — на 5%.

Прэзыдэнт Барак Абама сёньня правёў сустрэчу зь лідэрамі рэспубліканцаў і дэмакратаў у Кангрэсе, спрабуючы ў апошні момант дасягнуць кампрамісу, які адсунуў бы сэквэстар бюджэту, але гэта яму не ўдалося. За гэтую няўдачу Абама абвінаваціў рэспубліканцаў, якія выступаюць супраць павышэньня падаткаў багатым, чаго хоча прэзыдэнт, і дамагаюцца абмежаваньня фінансаваньня сацыяльных праграмаў, чаго прэзыдэнт ня хоча.

«Гэты сэквэстар зусім не непатрэбны. Гэта здараецца таму, што такі выбар зрабілі рэспубліканцы. Яны давялі да гэтага скарачэньня таму, што не схацелі ліквідаваць адзін марнатраўны пралаз у падатковым заканадаўстве і такім чынам дапамагчы абмежаваць дэфіцыт» — сказаў Абама журналістам.

Якія могуць быць наступствы сэквэстру, калі і далей ня будзе пагадненьня паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі наконт дзяржаўнага доўгу?

Па-першае, урад можа выслаць больш чым палову з 2,8 мільёна працаўнікоў, аплочваных з фэдэральнага бюджэту, у часовы бясплатны адпачынак.

Па-другое, у бясплатным адпачынку могуць апынуцца і 800 тысяч цывільных працаўнікоў вайсковага сэктару.

Па-трэцяе, з працы могуць звольніць каля 14 тысяч настаўнікаў у школах, а 70 тысяч дзяцей можа страціць месцы ў дзіцячых садзіках, фінансаваныя зь бюджэту.

Прэзыдэнт Абама прадбачвае, што дасягненьне згоды адносна дзяржаўнага доўгу і спыненьня сэквэстру можа заняць кангрэсмэнам ад двух тыдняў да двух месяцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG