Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кевін Клоўз: Мы павінны знайсьці месца ў электроннай прасторы


Кевін Клоўз
Кевін Клоўз

Кевін Клоўз, які быў прэзыдэнтам нашага радыё ў 1994-1997 гг. і нядаўна быў зноў прызначаны на гэтую пасаду, даў інтэрвію расейскай службе ў сувязі з 60-годзьдзем вяшчаньня на расейскай мове. Прапануем вашай увазе фрагмэнты гэтай размовы.

РС: Спадар Клоўз, Радыё Свабода зараз адзначае 60-годдзе пачатку вяшчаньня на расейскай мове. Гэта шмат часу. Што вы адчуваеце, думаючы пра гісторыю радыё і яго значэньне?

Клоўз: Сакавік 1953-га быў дзіўным месяцам у гісторыі Радыё Свабода. Неўзабаве пасьля 1 сакавіка, калі пачалося вяшчаньне на расейскай мове, адкрыліся службы, якія вяшчаюць на іншых мовах — грузінскай, армянскай, азэрбайджанскай, а затым і на мовах Сярэдняй Азіі і іншых савецкіх рэспублік. Да канца сакавіка 1953 з нашай штаб-кватэры вялося вяшчаньне ўжо больш чым на дзесяці мовах, і гэтае вяшчаньне працягваецца і цяпер. Радыё Свабода — надзвычайны і важны праект, які падтрымліваецца народам ЗША. Чаму наогул мы гэта робім са Злучаных Штатаў? Ды таму, што Злучаныя Штаты — краіна імігрантаў. У кожнага з нас — свая ўнікальная гісторыя, якая каранямі сыходзіць у розныя кропкі зямнога шару, адкуль у Амэрыку прыехалі нашы продкі. Адны трапілі сюды сілай і ў ланцугах, іншыя — па сваёй волі. Мы ўсе ў даўгу перад нашай гісторыяй, і нам неабыякавыя лёс і спадзяваньні людзей, якія жывуць за межамі ЗША, людзей, якія ведаюць, чаго здолелі дамагчыся іх суайчыньнікі, якія перасяліліся ў Амэрыку. Мы ў іх у даўгу.

РС: У апошнія гады ў Расеі прыкметна ўзмацніўся кантроль уладаў над сродкамі інфармацыі, у прыватнасьці над тэлебачаньнем. Ці робіць гэта, на ваш погляд, місію Радыё Свабода яшчэ больш важнай?

Клоўз: Я б так адказаў на ваша пытаньне: я займаюся журналістыкай амаль 60 гадоў, як тут, у Злучаных Штатах, так і ў шмат якіх іншых краінах сьвету. На мой погляд, самае важнае, у чым маюць патрэбу людзі — гэта дакладная і абапертая на фактах інфармацыя пра грамадзтва, у якім яны жывуць. І гэта тое, што прапануе і робіць расейская служба Радыё Свабода, прычым робіць гэта вельмі добра. Гэта вельмі важна. Людзі зьвяртаюцца да расейскай службы менавіта па такую інфармацыю. Ну і, вядома, нам хацелася б, каб наша аўдыторыя слухачоў, гледачоў і наведнікаў інтэрнэтнага сайту была як мага большай.

РС: Летась у расейскай службе Радыё Свабода адбыліся зьмены. Рэакцыя на іх у Расеі была неадназначнай, а часам проста нэгатыўнай. Некаторыя нават кажуць, што Радыё Свабода страціла сваю прывабнасьць у Расіі. Як быць у такой сытуацыі?

Клоўз: Ператварэньні, якія адбыліся летась, адзначылі зрух у акцэнтах і намерах радыё. Але я хацеў бы пагаварыць пра будучыню. У нас велізарны лік выдатных і таленавітых журналістаў, рэжысэраў і рэдактараў, якія зьяўляюцца часткай супольнасьці сапраўдных прафэсіяналаў і майстроў сваёй справы, якія прапануюць грамадзянам Расеі тое, што яны лепш за ўсё ўмеюць рабіць, а менавіта: журналістыку высокай клясы. Прычым рабіць гэта яны могуць у любым фармаце і на любой плятформе, якія ў сучасным сьвеце, у XXI стагодзьдзі, людзі выкарыстоўваюць для атрыманьня інфармацыя. Мая ж асабістая задача заключаецца ў тым, каб забясьпечыць, каб усе мы працавалі разам. Вось у чым наша будучыня. На мой погляд, яна шматабяцальная. Я гатовы прыкласьці да гэтага ўсе намаганьні, і я ведаю, што да гэтага ж гатовыя сотні іншых нашых супрацоўнікаў. Мы ведаем, чаго можна дамагчыся, чаго хочам, і мы разам гэтага даб’емся.

РС: У расейскім грамадзтве, як і ў любым іншым, адбываюцца зьмены пакаленьняў. Цэлае пакаленьне, а то і два, расейскіх грамадзян, якія жылі ў Савецкім Саюзе, ведалі, што такое Радыё Свабода і давяралі яму, як крыніцы інфармацыі. Але маладыя людзі, якія нарадзіліся або якія вырасьлі пасьля распаду СССР і ніколі не жылі ў умовах татальнага кантролю дзяржавы над сродкамі інфармацыі, часам нават не ведаюць пра Радыё Свабода і яго традыцыі. Як прыцягнуць гэтую новую аўдыторыю?

Клоўз: Вы ведаеце, я быў у Маскве ўсяго тыдзень таму, пабываў у нашым новым бюро, пазнаёміўся з новымі супрацоўнікамі і сустрэўся з тымі, хто праяўляе да нас цікавасьць, і з тымі, хто цікавіць нас. І вось на што я зьвярнуў увагу ў Маскве: расейцы ва ўзросьце ад дваццаці да сарака гадоў цалкам пагружаныя ў мабільную інтэрактыўнасьць. Усюды, у рэстаранах, напрыклад, людзі адначасова размаўляюць адзін з адным і занятыя сваім мабільнымі прыладамі. Яны пасылаюць смс-паведамленьні, нешта слухаюць, нешта камэнтуюць. Мы павінны знайсьці сабе месца ў гэтай электроннай прасторы. Няма ніякіх прычын для таго, каб мы не былі ў гэтай прасторы. Чым больш мы будзем напаўняць гэтую прастору нашымі матэрыяламі, тым лепш людзі пачнуць разумець нашы каштоўнасьці, нашу місію і нашу прыхільнасьць сумленнай журналістыцы як аснове, на якой грунтуецца разуменьне грамадзтва, у якім мы жывем.

РС: Вы ўзначальваеце журналісцкую арганізацыю, якая вяшчае ня толькі на Расею, але і на іншыя краіны. Як зьмяніліся іншыя службы Радыё Свабода/Свабодная Эўропа за час вашай адсутнасьці?

Клоўз: Мы працуем на дваццаці васьмі мовах. Меншыя па памерах і колькасьці пэрсаналу, чым расейская служба, службы распавядаюць аб краінах і грамадзтвах, разьмешчаных як бы на пэрыфэрыі Расейскай Фэдэрацыі. На мой погляд, яны робяць выдатную працу. Я бачыў некаторыя з створаных імі відэарэпартажаў, і яны робяць моцнае ўражаньне, даюць магчымасьць даведацца новых рэчаў пра грамадзтвы, у якіх журналісты гэтых службаў працуюць. Праца гэтых службаў вельмі важная для дзяржаваў, якія толькі шукаюць свае шляхі разьвіцьця і сваё месца ў сьвеце. Я стаўлюся да гэтых службаў зь вялікай павагай. Я гатовы працаваць у імя таго, каб забясьпечыць посьпех і стабільнасьць гэтых службаў, зь ня меншай руплівасьцю, чым для посьпеху расейскай службы.

Поўнае інтэрвію чытайце тут.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG